Экіпаж «кацюшы» баявы

svetlichnijГэта адбылося пры вызваленні Сенненскага раёна ў чэрвені 1944 года. Для замацавання і развіцця наступлення ў прарыў пад Багушэўскам была ўведзена конна-механізаваная група генерала Мікалая Аслікоўскага. Разам з перадавымі падраздзяленнямі 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса па лясных і зыбкіх балоцістых дарогах рухалася батарэя рэактыўных мінамётных установак — легендарныя «кацюшы».

Апошні бой
Увечары 25 чэрвеня байцы мінулі вёску Кажамякі. Да Абалянкі выйшлі ўжо ў прыцемках. Ледзь паспелі наладзіць пераправу, як начную цемру пранізалі ніці трасіруючых куль, пачуліся разрывы снарадаў. Гэта буйная варожая групіроўка 299-й нямецкай дывізіі, пры спробах выбрацца з Віцебскага «катла», выйшла да адзінай у тым раёне пераправы і сутыкнулася з савецкімі мінамётчыкамі. У час бою адна з мінамётных установак, у разлік якой уваходзілі камандзір, гвардыі сяржант Цімафей Іванавіч Святлічны, вадзіцель, гвардыі старшы сяржант Павел Іванавіч Назаранка і наводчык, гвардыі радавы Сяргей Дзмітрыевіч Барадулін, апынулася ў варожым акружэнні. На маленькім балоцістым пятачку, адрэзаны ад сваіх, экіпаж баявой машыны некалькі гадзін вёў агонь прамой наводкай па значна пераўзыходзячым па сіле і колькасці праціўніку.
Нават трапнае пападанне снарада нямецкай «самаходкі», у выніку чаго рэактыўная ўстаноўка загарэлася, не спыніла супраціўленне. Знаходзячыся ў палаючай машыне, раненыя і абпаленыя, Святлічны, Назаранка і Барадулін да апошняга адстрэльваліся.
— Загінем, але не прапусцім гадаў! — гэтыя словы лепшы наводчык палка Сяргей Барадулін выгукнуў перад апошнім сваім залпам па фашыстах. Ён і яго баявыя сябры згарэлі жывымі разам з «кацюшай».
За мужнасць 24 сакавіка 1945 года ўсім траім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Тры Героі
Самаму малодшаму з іх — Сяргею Барадуліну — на момант смерці было ўсяго дзевятнаццаць. У 18 гадоў яго прызвалі ў армію. За год знаходжання на фронце ўраджэнец Кіраўскай вобласці (Расія) удзельнічаў у вызваленні Смаленска, Невеля, Гарадка. Яго імя носіць вуліца расійскага горада Вятка (былы Кіраў).
З далёкіх краснадарскіх стэпаў вызваляць Сенненшчыну прыйшоў 26-гадовы Павел Назаранка. Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і, але рана застаўся без бацькоў. Выхаванне прайшло ў дзіцячым доме. На радзіму, у сяло Трохсельскае Краснадарскага краю, Павел вярнуўся 17-гадовым юнаком, стаў працаваць у калгасе. Ужо тады ў хлопца праявіліся здольнасці да аўтатэхнікі. Калі ў гаспадарцы з’явіўся першы савецкі грузавік «ГАЗ-АА», ён хутка яго асвоіў. З 1939 года Павел Назаранка служыў у радах Чырвонай Арміі. Там скончыў аўтамабільную школу і стаў сапраўдным вадзіцелем.
У пачатку вайны прымаў удзел у баях на захадзе ад Львова. На сваім «ЗІС-5» вазіў снарады, раненых.
Пра смеласць шафёра Назаранкі сведчыць такі выпадак: у час налёта варожай авіяцыі яго машына была пашкоджана выбухам бомбы. Павел аказаўся на тэрыторыі, занятай ворагам. Тым не менш ён не толькі адрамантаваў транспарт, але і пасадзіў у яго групу байцоў, якія таксама аказаліся ў акружэнні. Восем сутак яны калясілі па варожых тылах і ўсё ж здолелі прарвацца праз лінію фронта.
Выжыў Павел Назаранка і ў Сталінградскім пекле. За абарону горада на Волзе ўзнагароджаны медалём «За адвагу», стаў кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі.
Менавіта такія вопытныя вадзіцелі патрабаваліся ў падраздзяленні гвардзейскіх мінамётаў. Таму Паўла Назаранку адпраўляюць у Маскву. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ён становіцца шафёрам баявой машыны «БМ-13» 3-га гвардзейскага асобнага мінамётнага палка 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 3-га Беларускага фронта.
За «кацюшамі» немцы літаральна вялі паляванне. Таму, даючы залп, машына хутка (да з’яўлення нямецкіх самалётаў!) пакідала пазіцыі і кіравалася ва ўкрыццё. Тут ад вадзіцеля патрабавалася вялікае майстэрства ў манеўрыраванні. І ў гэтым плане Назаранка лічыўся лепшым у сваім палку.
Імя гвардыі сяржанта носіць вуліца ў яго родным сяле.
Самы старэйшы — 27-гадовы Цімафей Святлічны — на перадавой з першых дзён вайны. Лёс ратаваў украінскага парубка тры доўгія гады, каб ён ахвяраваў сваё жыццё для вызвалення нашай Сенненшчыны.
Ён нарадзіўся 1 мая 1917 года ў сяле Святлічнае Залачоўскага раёна Харкаўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю. У 1940-м быў прызваны ў Чырвоную Армію. Камандзір разліку рэактыўнай мінамётнай устаноўкі набіраўся баявога вопыту ў бітвах на Курскай дузе, пры вызваленні Смаленшчыны, а пасля і Беларусі.
Гераічны разлік першапачаткова быў пахаваны на месцы свайго апошняга бою ля в.Кажамякі. Летам 1959 года, напярэдадні 15-годдзя з дня вызвалення Беларусі, рэшткі воінаў былі перанесены ў Сянно. Вось ужо 55 гадоў яны спачываюць у брацкай магіле ў парку імя 40-годдзя ВЛКСМ. А імёнамі герояў названы вуліцы раённага цэнтра.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: бюст Ц.Святлічнага, устаноўлены на радзіме героя ў с.Залачоў, Харкаўская вобласць, Украіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *