Нарадзіўся ў кашулі

N2Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Шарковіч, жыхар г. Сянно, адзначыў сваё 90-годдзе.

Аднак і ў гэтым узросце ён застаецца дабрадушным і жыццярадасным чалавекам.
З віншаваннямі да юбіляра завітала вялікая дэлегацыя на чале з Алегам Цяцюевым, кіраўніком спраў райвыканкама, які ўручыў Мікалаю Сцяпанавічу Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна,  патрыятычным выхаванні моладзі і грашовую прэмію. Пажадаць моцнага здароўя ветэрану ў гэты знамянальны дзень, паднесці кветкі і падарункі таксама прыйшлі старшыня Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Мурашкевіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ядзвіга Сыраваткіна і іншыя асобы. У прыватнасці,  дырэктар Ульянавіцкай базавай школы Віктар Бараноўскі і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Зоя Пракоф’ева.
Гэта сёння Мікалай Сцяпанавіч мае гарадскую прапіску (колькі гадоў назад яго забрала да сябе дачка Кацярына). А да гэтага, пачынаючы з пасляваенных гадоў, жыў ва Ульянавічах.
У дзень юбілею было шмат успамінаў, бо пражыта і перажыта многа. Пра ваенныя гады, якімі пазначана жыццёвая біяграфія Мікалая Шарковіча, гаварыў за святочным сталом не толькі  юбіляр. Тамара Бальчунас таксама не хавала слёз. Яны пазнаёміліся ў Вялікую Айчынную вайну, калі змагаліся ў Сенненскай партызанскай брыгадзе Ляонава, атрадзе імя Аляксандра Неўскага, дзе Мікалай Сцяпанавіч быў разведчыкам.
У лістападзе 1944 года маладога партызана прызвалі ў рэгулярнае войска. За шэсць месяцаў знаходжання на фронце  быў двойчы паранены. «У кашулі, пэўна, наш тата нарадзіўся, каб перажыць такія цяжкія раненні», — гаворыць дачка Кацярына.
Мікалая Сцяпанавіча памятаюць як добрага настаўніка. 45 гадоў свайго жыцця ён прысвяціў педагагічнай дзейнасці. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў, пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута выкладаў матэматыку ў 5-7 класах.
Сёння, праз старонку ў сацыяльнай сетцы Кацярыны Мікалаеўны, вучні яе бацькі зычаць свайму былому настаўніку ўсяго самага найлепшага і дзякуюць за тыя веды, якія калісьці ён даў ім.
У Мікалая Сцяпанавіча шмат баявых узнагарод. Самыя дарагія для яго — ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй». Аднак, бадай, самай высокай узнагародай для ветэрана з’яўляецца тое, што  яго памятаюць сябры, калегі, былыя вучні.

  Ала ЯКАЎЛЕВА.
 Фота аўтара.