Малака не прыбаўляецца

molokoВалавая вытворчасць малака ў большасці грамадскіх сельгасарганізацый раёна меньшая, чым была ў такую  пару летась. У ААТ «Пурплева», дзе ў гэтыя дні дояць на карову крыху больш за тры кілаграмы, яна складае ўсяго 69%. Прыростам запатрабаванай прадукцыі могуць пахваліцца толькі ПП «Дружбінец» (104%) і ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» (105%).

Таму старшыня райвыканкама Віктар Цапота штотыднёвую нараду пачаў якраз з абмеркавання фінансавых крыніц выплаты зарплаты. Складаная сітуацыя тут у акцыянерных таварыствах «Бяленева», «Сенненскі райаграсэрвіс», дзе самыя вялікія працоўныя калектывы, у ААТ «Пурплева», КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», дзе атрымліваюць самыя нізкія надоі. У ААТ «Сінягорскае», згодна з аператыўнай справаздачай, што паступае ў райсельгасхарч, надой складае больш за  5 кг. Але пры гэтым таварнасць малака ўсяго 59%.
Дапамагчы разабрацца ў эканоміцы гаспадарак, знайсці дадатковыя фінансавыя крыніцы для своечасовай і поўнай выплатай зарплаты даручана спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Ад раённай зааветслужбы, племстанцыі Віктар Цапота патрабуе больш мэтанакіраванай работы ў такой важнай сферы жывёлагадоўлі як узнаўленне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. «Здаць карову на мясакамбінат, каб выплаціць зарплату, вялікага розуму не трэба. Паставіць на яе месца ў нас ёсць каго?» — пацікавіўся кіраўнік раёна ў дырэктара племстанцыі Ніны Венгроўскай.
Сінхранізацыя асемянення кароў, цялушак, якой займаюцца спецыялісты племстанцыі і некаторых гаспадарак, пакуль не дазваляе выйсці на неабходны ўзровень, бо работа гэтая пачалася нядаўна. Няшмат і расцёлаў. Таму перад племслужбай раёна пастаўлена задача больш актыўна весці асемяненне буйной рагатай жывёлы, звярнуўшы ўвагу на арганізацыю прагулак, паляпшэнне пароды жывёлы, догляд маладняку. «З гаспадарак, дзе маюць недастатковую кармавую базу, маладняк перакідвайце ў іншыя. Але не бясплатна», — запатрабаваў кіраўнік раёна.
Раён сур’ёзна адстае па зяблевым ворыве — узарана ўсяго 21% ад неабходнага, што з’яўляецца самым нізкім паказчыкам у вобласці. З заданнем справілася толькі Віцебская доследная меліярацыйная станцыя, дзе ўзаралі 341 га. Невялікая плошча ў фізічным выражэнні, але ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» паднялі толькі 334 га зябліва, ва УП імя Гараўца — 278, «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» — 270.  І гэты пералік можна працягваць. Прайшоўшыя ў выхадныя дні дажджы яшчэ больш ускладнілі сітуацыю з вядзеннем палявых работ.
Віктар Цапота засяродзіў увагу спецыялістаў райсельгасхарчу і на падрыхтоўцы да сяўбы насення яравых культур. Большасць гаспадарак завяршаюць яго ачыстку. Пара брацца за праверку зерня на ўзыходжасць, жыццяздольнасць. Прыйшоў час ставіць тэхніку на зімовае захаванне. Тым больш, што на прыкладах ААТ «Бяленева» і КУСГП імя Гараўца для спецыялістаў і кіраўнікоў райсельгасхарчаў Віцебшчыны мяркуецца правесці абласны семінар.
Даручэнні, патрабаванні Віктара Цапоты, як заўжды, насілі канкрэтны характар. І датычыліся не толькі сельскай гаспадаркі, але і іншых сфер эканомікі раёна.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *