Прымалі шведаў, дзяліліся вопытам з суседзямі (працяг)

IMG_2215_Як паведамлялася раней, у Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прайшла міжнародная практычная канферэнцыя, дзе абмяркоўваліся вынікі сумеснага беларуска-шведскага праекта «Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і маладых людзей з абмежаваннямі ў Віцебскай вобласці».

Арганізатары канферэнцыі запрасілі да ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў абласной арганізацыі Беларускага таварыства «Чырвоны Крыж», абласнога аддзялення ГА «Беларускі Фонд міру», шведскіх партнёраў па праекце, кіраўнікоў шэрагу ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў вобласці, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншых сацыяльных устаноў. Гасцей віталі Вера Астапенка, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, Зоя Фаміна, намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама.
Перш чым пачаць абмеркаванне пазначаных пытанняў, удзельнікаў канферэнцыі запрасілі на невялікую экскурсію па доме-інтэрнаце. Яе правёў дырэктар установы Віктар Сувораў. А пачалося знаёмства з наведвання дамоў для самастойнага пражывання. Іх у доме-інтэрнаце два. Іх  жыхары самастойна рыхтуюць ежу, прыбіраюць памяшканні. Больш таго, вядуць вялікую гаспадарку, у якой утрымліваецца некалькі кароў, іншая жывёла, апрацоўваецца ўчастак зямлі. Фактычна ўсе прадукты харчавання хлопцы і дзяўчаты, якім ад 18 да 30 гадоў, здабываюць самі. У іх ёсць уласныя сродкі, якімі яны карыстаюцца па ўласным меркаванні.
Але гэта ўжо заключны этап работы па адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі да жыцця ў сацыяльным асяродку, што праводзіцца ў доме-інтэрнаце. Зрэшты, і яны застаюцца жыць ва ўстанове. У лепшым выпадку ў іх з’яўляецца магчымасць працаваць у бліжэйшых сельгасарганізацыях. Каб мець аб’ектыўную карціну, дадамо, што выключэнні з гэтага правіла ўсё ж бываюць. Асобным людзям з псіхафізічнымі абмежаваннямі ўдаецца ствараць сем’і, пакінуць установу.IMG_2150_
У Багушэўскі дом-інтэрнат трапляюць з рознымі дыягназамі, з рознымі магчымасцямі для адаптацыі. Калектыў працуе з усімі. У час экскурсіі госці наведаліся ў швейную майстэрню, дзе нехта толькі вучыцца рабіць прасцейшыя швы, хтосьці ўжо ўдзельнічае ў вытворчым працэсе. Ёсць група, дзе засвойваюць азы камп’ютарнай граматы. Любімым заняткам для многіх стала вышыўка, якой, дарэчы, займаюцца як дзяўчаты, так і хлопцы. Вышываюць ніткамі, бісерам. Выхаванцы Вольгі Давыдзенка — удзельнікі шматлікіх конкурсаў, выстаў, у тым ліку міжнародных. Іх вырабы добра прадаюцца, што дазваляе набыць  зыходныя матэрыялы, служыць матывацыяй для творчасці. Нядаўна Вольга Давыдзенка  як кіраўнік гуртка і  яе вучань Мікалай Уласаў  былі заахвочаны паломніцкай паездкай у Іерусалім. Вопыт зносін з новымі людзьмі, знаёмства з незвычайнымі мясцінамі зразумела сталі неацэнным вопытам і паслужаць далейшай адаптацыяй Мікалая ў сацыяльнае жыццё.
Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі пазнаёміліся таксама з арганізацыяй занятасці насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання, што размешчаны ў аграгарадку Багданава, работай аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Сенненскага ТЦСАН. Іх вопыт выклікаў цікавасць, актыўна абмяркоўваўся. Больш шырокі абмен думкамі вёўся непасрэдна ў актавай зале Багушэўскага дома-інтэрната, дзе прайшла тэарэтычная частка канферэнцыі.

Зоя Фаміна не хавала, што дэмаграфічная сітуацыя ў раёне не самая лепшая: насельніцтва старэе, аб’ём сацыяльных паслуг даводзіцца павялічваць, на што выдаткоўваюцца значныя бюджэтныя сродкі. На дапамогу інвалідам, састарэлым людзям выкарыстоўваюцца і грошы фундатараў. На Сенненшчыне, у прыватнасці, актыўна працуе беларускі Чырвоны Крыж. Пад яго эгідай дзейнічае некалькі міні-праектаў, рэалізацыя якіх дазваляе падтрымліваць сацыяльную актыўнасць людзей пенсійнага ўзросту.
Аб сваім вопыце работы ў арганізацыі суправаджаемага пражывання людзей з абмежаваннямі расказалі і госці, у тым ліку замежныя. Зразумела, яны працуюць у іншых умовах. Іх інваліды жывуць, як правіла, у сем’ях, пазней — самастойна, маючы асобныя кватэры. Сацыяльныя службы ідуць да іх, бо ўзровень падтрымкі людзей дзяржавай у Швецыі нашмат вышэй,  чым у Беларусі. Сумесны беларуска-шведскі праект, вынікі рэалізацыі якога абмяркоўваліся на канферэнцыі, таксама фінансуецца скандынаўскай дзяржавай.
Беларусь таксама імкнецца да таго, каб яе грамадзяне з псіхафізічнымі абмежаваннямі мелі магчымасць выбару ўстаноў, якія аказваюць медыка-сацыяльную дапамогу. Як падкрэсліў на канферэнцыі каардынатар праекта са шведскага боку Ханс-Ёрген Вальхед, «змяненні адбыліся значныя, мы задаволены ўзроўнем супрацоўніцтва».
— Важна, каб у інвалідаў знайшлося месца ў грамадстве. Мы спадзяёмся на новыя сустрэчы і далейшае супрацоўніцтва ў гэтым накірунку, — дадаў ён.

Наш кар.
 НА ЗДЫМКУ: у час правядзення канферэнцыі;
госці маглі ацаніць таленты выхаванцаў дома-інтэрната.

фота аўтара.