Праз прызму фотаапарата

 foto0211Адлюстроўваць прыгажосць роднай Сенненшчыны з дапамогай фотаапарата — любімае хобі Аляксандра Карбоўскага, жыхара райцэнтра.

Мужчына літаральна зросся з камерай. Маленькі, аматарскі лічбавы фотаапарат заўсёды носіць з сабой за пазухай.
— Хто яго ведае, што мяне чакае за вуглом, — жартуе Аляксандр Аляксандравіч.
Ён даўно на пенсіі. Мастацтву фатаграфавання не вучыўся. Да ўсяго даходзіў сам.
У яго калекцыі некалькі соцен фотаздымкаў. Мужчына ўмее ўбачыць прыгожае. У аднолькавай ступені Аляксандру Карбоўскаму падабаецца рабіць як панарамныя здымкі, так і ўлаўліваць тонкія, незвычайныя моманты з жыцця прыроды: бляск расы, праменьчык ранішняга сонца ў люстры возера, цішыню пахмурнага дня і многае іншае. У яго работах адчуваецца асаблівая рамантыка. Асобныя фотаздымкі Аляксандра літаральна зачароўваюць. Гледзячы на жоўта-барвовую лістоту, хочацца хутчэй акунуцца ў восень. А калі, перад вачыма паўстае зімовы горад, узнікае жаданне прайсціся па беласнежных вулачках.
У 2012 годзе, у раённым конкурсе аматарскіх  відэафільмаў, які праводзіўся па краязнаўчай тэматыцы, за цыкл фотаздымкаў «Гэта мой край!» у намінацыі «Фатаграфія» яго работа была  адзначана дыпломам і  памятным падарункам.
Аляксандр дэманструе свае напрацоўкі, змяшчаючы  ў сусветную павуціну, дзе стварыў нават сваю старонку. «Калі інтэрнэт стаў даступным, я праглядваў розныя сайты з фотаздымкамі. Мяне цікавіла, як людзі апрацоўваюць свае работы, — расказвае мужчына. — І аднойчы падумаў, чаму б і мне не зрабіць штосьці падобнае». Мужчына лічыць бессэнсоўна фатаграфаваць і пакідаць кадры для сябе. Калі здымак прыгожы, чаму б яго не паказаць іншым людзям, дзеліцца Аляксандр Аляксандравіч.
Зусім нядаўна ён здзівіў сваіх сяброў, прадаставіўшы на суд каляндар на 2014 год, прысвечаны нашаму роднаму гораду. Аляксандр Аляксандравіч зрабіў вялікую работу. Кожны месяц суправаджаецца адпаведнай ілюстрацыяй з жыцця Сенненшчыны. Ідэю стварэння календара мужчына выношваў даўно. Аднак, перш чым узяцца за справу, трэба было асвоіць спецыяльную праграму. І гэта аказалася пад сілу Аляксандру Карбоўскаму.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.