Дадатковая крыніца фінансаў

IMG_2111_З пачатку кастрычніка валавы збор збожжа ў ААТ «Ульянавічы» вырас больш чым на 300 тон.

— І, думаю, што за бліжэйшы тыдзень ён яшчэ павялічыцца  на столькі ж  — уборка кукурузы на зерне працягваецца, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Мезаўцоў.
За штурвалам зернеўборачнага камбайна КЗС-1218, для якога набылі спецыяльную прыстаўку для ўборкі кукурузы на зерне, папераменна працуюць Міхаіл Краўчанка і Віктар Радкевіч. У час уборкі каласавых культур кожны з іх узначальваў свой экіпаж. Зараз працуюць разам, каб хутчэй справіцца з уборкай кукурузы — не той час, каб расхаладжвацца. Да таго ж і намалоты радуюць. Бункер напаўняецца зернем праз кожныя 20 хвілін.
Некаторы час людзі і тэхніка ААТ «Ульянавічы» працавалі ў ДП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Сінягорскае». Кукурузнае  зерне запатрабавана перапрацоўшчыкамі. У прыватнасці, з «Ульянавіч» яно паступала і на дзяржаўнае ААТ «Віцебскі КХП» і на прыватны «Экамол». За выручаныя сродкі сельгасарганізацыя  набыла паліва, купіла прычэп, які, дарэчы, ужо выкарыстоўваецца на ўборцы кукурузы. У апошняй выплачанай работнікам гаспадаркі зарплаце таксама ёсць «кукурузныя» грошы.
— Кукуруза на зерне  ў гэтую пару года, калі змяншаецца вытворчасць малака, завершана ўборка асноўных культур,вельмі дарэчы, — разважае дырэктар ААТ «Ульянавічы» Уладзімір Багданоўскі, — бо выступае ў якасці дадатковай крыніцы паступлення фінансавых сродкаў.
У ААТ «Ульянавічы» палічылі ўжо, што здробненая маса кукурузы ўзбагаціць гумасам палеткі, на якіх кукурузу ўбралі на зерне. Станоўча паспрыяе на будучы ўраджай каласавых культур і той факт, што пад «царыцу палёў» была ўнесена значная колькасць мінеральных і арганічных угнаенняў, сродкаў аховы раслін, гербіцыдаў.
Зразумела, калі палічыць усе выдаткі  на вытворчасць кукурузы, то зерне наўрад ці будзе рэнтабельным нават пры ўраджайнасці 50-60 цэнтнераў з гектара. Але ж кукурузу на зерне ў раёне яшчэ ніхто і не сеяў. Калі сур’ёзна заняцца тэхналогіяй, то ўраджайнасць можа падвоіцца.

Наш кар.
 НА ЗДЫМКУ: (справа налева) галоўны аграном ААТ «Ульянавічы»
Уладзімір Мезаўцоў, камбайнеры Віктар Радкевіч і  Міхаіл Краўчанка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *