Дарогі выбралі нас

IMG_0061_

Начальнік Сенненскага ДЭУ-38 Васіль Зайко.

 Аўтамабіль — не раскоша, а сродак руху. Хто не ведае гэту ходкую фразу. А камфортнасць і бяспеку гэтага самага руху ствараюць дарожнікі. Наогул аўтамабілісты і дарожнікі існуюць у неразрыўным тандэме. Напэўна таму і прафесійнае свята адзначаюць у адзін дзень.

Напярэдадні гэтай даты мы пабывалі ў Сенненскім дарожна-эксплуатацыйным упраўленні №38, начальнік якога Васіль Зайко з задавальненнем расказаў пра сваю арганізацыю. Дарэчы, Васіль Дзмітрыевіч стаяў ля яе вытокаў і ўзначальвае па сённяшні дзень, мае званне Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь.
Да стварэння Сенненскага ДЭУ дарогі нашага раёна абслугоўваліся арганізацыямі Талачына і Віцебска. Але наспела вытворчая неабходнасць мець дарожныя службы ў кожным раёне. Пастановай камітэта па дарогах ад 26 ліпеня 1998г. і загадам РУП «Віцебскаўтадар» ад 31 мая 2000 г. №182 было арганізавана Сенненскае ДЭУ-38. Агульная працягласць дарог, якія яно сёння абслугоўвае, складае 272,5 км. Аўтадарогі гэтыя праходзяць па тэрыторыях Сенненскага, Талачынскага і Бешанковіцкага раёнаў.
Сёння ўпраўленне мае 4 аўтамабілі «Газель», 8 МАЗаў, 2 пагрузчыкі «Амкадор», 1 аўтагрэйдар, 5 трактараў МТЗ. Калектыў арганізацыі налічвае 51 работніка.
Ямачны рамонт асфальта-бетоннага пакрыцця, афарбоўка бар’ерных агароджаў, аўтапавільёнаў і дарожных знакаў, уборка смецця, якое выкідваюць з машын несумленныя вадзіцелі,  — усё гэта ўваходзіць у абавязкі дарожнікаў. А зімой яшчэ дабаўляюцца ачыстка дарог ад снегу і пасыпка іх супрацьгалалёднай сумессю, якую дарожнікі нарыхтоўваюць самі. Хутка ў гэтым плане іх праца аблегчыцца.

IMG_0062_

ідзе будаўніцтва тэхналагічнай пляцоўкі і лініі для прыгатавання пясчана-саляной сумесі.

За Сянном у напрамку на Багушэўск ідзе будаўніцтва тэхналагічнай пляцоўкі і лініі для прыгатавання пясчана-саляной сумесі, якая будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам. Пасля ўвядзення яе ў строй, дарожнікам ужо не трэба будзе змешваць пясок і соль пры дапамозе пагрузчыка, а запасы супрацьгалалёднага матэрыялу будуць захоўвацца пад дахам, а не накрытыя поліэтыленавай плёнкай.
Для арганізацыі работы  працуе кругласутачная дыспетчарская служба, у якую сцякаецца ўся інфармацыя аб стане абслугоўваемых дарог. Дарэчы, на іх добраўпарадкаванні працуюць не толькі дарожныя рабочыя, але і работнікі інжынерна-тэхнічнай службы, бухгалтэрыі, адміністрацыі, сам начальнік. Нікому з членаў гэтага працавітага калектыву не здаецца заганным узяць у рукі пэндзаль ці рыдлёўку.
За студзень — верасень бягучага года Сенненскае ДЭУ-38 выканала аб’ём работ на суму 9 млрд 750 млн рублёў, рэнтабельнасць склала 6%, выручка на аднаго працуючага — 191 мільён.
Хаця работа дарожніка не з лёгкіх, асабліва зімой, калі прыходзіцца быць напагатове, лічы, круглыя суткі, знаходзяць  час работнікі калектыву для карыснага адпачынку і ўдзелу  ў грамадскім жыцці, расказала адказная за ідэалагічную работу ў арганізацыі Ала Прыстаўка.
Менавіта Сенненскае ДЭУ стала ініцыятарам першага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод работнікаў Віцебскаўтадара, які і прайшоў на базе дарожна-будаўнічага ўпраўлення. Пасля за вопытам па арганізацыі і правядзенні падобнага мерапрыемства да сенненскіх дарожнікаў прыязджалі калегі з Магілёва. У ДЭУ-38 упершыню прайшоў і конкурс патрыятычнай песні сярод самадзейных мастацкіх калектываў падраздзяленняў Віцебскаўтадара, у якім прынялі ўдзел дзесьці каля 150 чалавек з 8 філіялаў.
Штогод калектыў удзельнічае ў зімовых і летніх галіновых спартакіядах, у многіх раённых спартыўных мерапрыемствах.
Для актыўнага адпачынку і падтрымання фізічнай формы работнікаў у арганізацыі ёсць трэнажоры. Для прыёму ежы абсталяваны спецыяльны пакой. Наогул, ДЭУ-38 мае такую вытворчую базу, якой можа пазайздросціць большасць арганізацый горада. Хаця адразу пасля заснавання ўпраўлення дарожнікам даводзілася туліцца і ў вагончыку, і нават у прыватным жыллі.
Сёння ў арганізацыі працуе 8 жанчын. Дзве работніцы знаходзяцца ў водпуску па доглядзе другога дзіцяці. Адна мамачка нядаўна прыступіла да работы пасля дэкрэтнага водпуску. Так што з дэмаграфіяй у нас усё ў парадку, жартуе Васіль Дзмітрыевіч.

арожны рабочы Аляксандр Гарбачоў на конкурсе прафмайстэрства

дарожны рабочы Аляксандр Гарбачоў на конкурсе прафмайстэрства

У апошні час у калектыве, як выказаўся кіраўнік, адбылася своеасаблівая змена пакаленняў. Трынаццаць гадоў назад у арганізацыю, якая толькі стваралася, імкнуліся прыцягваць вопытных работнікаў з пэўным працоўным стажам і прафесійнымі навыкамі, каб новую справу пачаць як мага больш якасна і паспяхова. І вось цяпер «старая гвардыя», якая заклала добрыя традыцыі арганізацыі, пайшла на заслужаны адпачынак. Гэта ветэраны працы Іван Біратка, вадзіцель пагрузчыка, Васіль Аўсеенка і Вячаслаў Ждановіч, вадзіцелі МАЗаў, Васіль Булаўскі, галоўны механік, Міхаіл Каранеўскі, вадзіцель аўтамабіля «Газель». Усіх іх добрымі словамі ўдзячнасці ўспомніў Васіль Зайко. Назваў начальнік і тых, кім сёння можа ганарыцца калектыў. Да ўзнагароджання Ганаровай граматай РУП «Віцебскаўтадар» напярэдадні прафесійнага свята прадстаўлены дарожны рабочы 4 разраду Аляксандр Гарбачоў. Бухгалтар Ірына Губарэвіч будзе адзначана Падзячным пісьмом Віцебскаўтадара. Добра працуе ў арганізацыі вадзіцель 1 класа Мікалай Хвошч. Такія работнікі складаюць касцяк калектыву, служаць прыкладам адданасці справе.
Мы таксама віншуем калектыў ДЭУ і ўсіх дарожнікаў раёна з прафесійным святам. Жадаем поспехаў у нялёгкай рабоце, здароўя і добрых умоў надвор’я.

 Таццяна Буракова.

 Фота аўтара і з архіва ДЭУ-38.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *