На Сенненшчыне ён знайшоў любімую працу, перспектыву і каханне

IMG_1053_ Каля года назад выпускнік Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Аляксей Кузняцоў уладкаваўся на працу ў ААТ «Бяленева». З таго часу малады спецыяліст зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку. Таму ўжо сёння ён — галоўны ветэрынарны ўрач сельгаспрадпрыемства.

У цёплую пару года маладому ветурачу даводзілася нялёгка, як кажуць, працаваў ад цямна да цямна. «Не памятаю, калі ў апошні раз глядзеў тэлевізар, бывала, што блытаў нават дні тыдня», — прызнаецца Аляксей.
І сапраўды, у размове з ім адчуваецца нейкая стомленасць ад працы. Ён у любы час сутак (ноччу ці на досвітку) гатовы прыняць цяжкі ацёл у рагулі, да жывёлагадоўчых аб’ектаў дабіраецца сам на рабочай «Ніве», лечыць і «калгасную» і хатнюю жывёлу, дае гаспадарам апошняй парады па яе ўтрыманні. З такім напружаным графікам Аляксей ужо даўно звыкся. Але ўсе цяжкасці мінуюць, варта толькі яму зайсці ў загончык да сваіх любімых цялятак.
У гаспадарцы ўпэўнены, што бяленеўскі «доктар Айбаліт» на сваім месцы і яго ў будучыні чакае добрая перспектыва.
Пра сумленнасць маладога чалавека не варта сумнявацца, бо паралельна працы ён выконвае і свой грамадзянскі абавязак — служыць у рэзервовых войсках  беларускіх узброеных сіл.
У ААТ «Бяленева» Аляксей Кузняцоў знайшоў і другую палавінку. Яго Танюша рупіцца ў сельгасарганізацыі бухгалтарам. Магчыма, у хуткім часе на Сенненшчыне народзіцца яшчэ адна новая маладая сям’я.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.