Свята творчых і ініцыятыўных

Сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі культуры. Гэтай падзеі быў прысвечаны ўрачысты канцэрт «Мы дарим людям красоту!», што прайшоў у раённым доме культуры.

IMG_1681_Сфера культуры Сенненшчыны прадстаўлена цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, дзіцячымі школамі мастацтваў, дамамі культуры, сельскімі клубнымі установамі, музеем. Тут працуе шмат творчых, ініцыятыўных людзей, якія робяць усё магчымае, каб не толькі ў райцэнтры, гарпасёлку, аграгарадках, але і ў невялікіх аддаленых вёсачках  не затухалі ачагі культуры.
Напачатку ўрачыстасці са шчырымі пажаданнямі ўсяго найлепшага да прадстаўнікоў культурнай сферы звярнулася Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама. У сваім выступленні яна адзначыла, што культработнікі нясуць свет дабрыні, міласэрнасці, духоўнасці. «Нягледзячы на тое, што мы жывем у час развіцця новых тэхналогій, камп’ютараў і інтэрнэту, у вас праца ладзіцца, — гаварыла Зоя Сцяпанаўна. — Вы прывіваеце любоў да друкаваных выданняў, адкрываеце свет гісторыі ў музейнай справе, несяце культуру ў масы». Звяртаючыся да ветэранаў працы, Зоя Сцяпанаўна падзякавала ім за тое, што яны зрабілі ў свой час. «Вы зарадзілі цікавыя формы працы, нам застаецца толькі працягваць і развіваць іх,» — адзначыла выступоўца.
У гэты дзень Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі з рук Зоі Фаміной атрымалі Іван Смірноў, дырэктар Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, Ірына Асеран, дырэктар Машканскай школы мастацтваў. Адзначана ўзнагародай была і дзейнасць Сенненскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Ніводнае свята не абыходзіцца без сюрпрызаў. Прыемным падарункам стала кніга «Сын белорусского народа П.М.Машеров», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння нашага земляка. Выданне  раённаму музею паднесла Зоя Фаміна.
Словы ўдзячнасці за плённую працу культработнікам адрасавала і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Пагарэльская, якая таксама ўручыла ганаровыя граматы аддзела спецыялістам культуры.
Пасля афіцыйнай часткі ўсіх чакаў святочны канцэрт. Парадавалі сваімі выступленнямі хор настаўнікаў Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, народны хор ветэранаў, прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *