Тры сонейкі для маці

l1710Для Валянціны Лапцюховай дачушкі — самае дарагое ў жыцці. Вара, Наташа і Марына — тры сонейкі, якія свецяць любімай матулі, дапамагаюць і падтрымліваюць, клапоцяцца пра яе. Сама ж жанчына цалкам аддае ім сваю цеплыню і любоў.

Усё дзеля дзяцей  
Валянціна Лапцюхова родам з вёскі Обаль Машканскага  сельсавета. Закончыла Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №29 лёгкай прамысловасці, па спецыяльнасці  «кравец». Выйшла замуж за багушэўца Міхаіла Лапцюхова. Першым месцам жыхарства маладой сям’і стаў горад Горкі, што ў Магілёўскай вобласці. Год Валянціна Антонаўна была студэнткай Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Ды вучобу давялося спыніць, бо, лічы, адно за другім нарадзілася двое дзяцей. Трэба было больш увагі і часу аддаваць ім. «На шыі ў бацькоў ніхто не збіраўся сядзець, ды і ў тыя гады вышэйшая адукацыя не такая абавязковая і прэстыжная была, як цяпер,» — кажа Валянціна Лапцюхова.
Прыкладна тое самае адбылося і з Міхаілам Аляксеевічам: вучобу ў Ленінградскай акадэміі лясной гаспадаркі са з’яўленнем сям’і прамяняў на працу. Трэба было карміць жонку і дзяцей. З цягам часу сям’я Лапцюховых пераехала на Сенненшчыну, дзе нарадзілася трэцяя дачка.
Спачатку Валянціна Антонаўна працавала памочнікам выхавацеля ў адным з дзіцячых садкоў райцэнтра. Сёння яна загадвае гаспадаркай сацыяльна-педагагічнага цэнтра г.Сянно. Міхаіл Аляксеевіч рупіўся ў Сенненскай ПМС, РУП ЖКГ.
Тое, ад чаго вымушаны былі дзеля дзяцей адмовіцца бацькі, а менавіта вышэйшай адукацыі, цалкам рэалізавалі іх дачушкі. Усе трое выбралі годныя прафесіі.
 «Дзеці — не цяжар, а задавальненне»
Валянціна Лапцюхова — адказны работнік, руплівая гаспадыня. А яшчэ сапраўдны аматар-кветкавод. Дом Лапцюховых патанае ў разнастайных раслінах і яркіх кветках. Займацца гаспадарчымі справамі ў мнагадзетнай маці часу хапае, асабліва цяпер, калі дзеці ўжо дарослыя. «Мне вельмі пашанцавала з маімі дачушкамі, — прызнаецца Валянціна Антонаўна. — З імі ніколі не было ніякіх праблем, паспявала і павязаць, пачытаць кнігу, паглядзець фільм. Хтосьці раней мяне запэўніваў, што цяжка будзе з трыма дачкамі. Толькі дзеці — гэта не цяжар, а адно задавальненне».
Старэйшая Вара працуе эканамістам у ЦБП №218 філіяла 200 ААТ «ААБ Беларусбанк». Сярэдняя Наталля — кансультант у натарыяльнай канторы Сенненскага раёна. Абедзве закончылі Горацкую сельгасакадэмію і прыехалі на працу ў родны горад. Малодшанькая Марына вучыцца на 5-м курсе Віцебскага дзяржмедуніверсітэта, будучы ўрач. Спадзяёмся, што і яна паследуе прыкладу сясцёр, вернецца на малую радзіму.
Усе трое — сапраўдныя прыгажуні. Хоць па характары дастаткова розныя (хто спакойны, ці наадварот, запальчывы), паміж сабой вельмі сябруюць, дапамагаюць адна адной.
Шчасце маці
Лапцюховы — сям’я і музыкальная і спартыўная. Вольны час любяць праводзіць не на канапе ля тэлевізара, нярэдка выязджаюць на прыроду, абавязкова бяруць з сабой мяч, лодку. А калі пачынаюцца трансляцыі Алімпіяд ці чэмпіянатаў Еўропы, Свету па розных відах спорту, усе становяцца актыўнымі балельшчыкамі.
Дзяўчаты і самі добра гуляюць у валейбол. Пэўна, любоў да гэтага віду спорту перайшла ад Міхаіла Аляксеевіча. А вось захапленне лыжамі перадалося ад Валянціны Антонаўны да сярэдняй Наталлі, якая ў свой час займалася біятлонам.
Лапцюховы сябруюць і з музыкай. У доме ёсць гармонік, гітара, піяніна. Тата іграе на ўсіх гэтых музычных інструментах. Марына — на піяніна, Наталля некалі займалася харэаграфіяй. А слухаюць хатні канцэрт маці з Варай. «Адным словам, весела ў нас!» — з усмешкай кажа Валянціна Лапцюхова.
Пра тое, што ў сям’і нарадзілася тры дачкі, ніхто ніколі не шкадаваў. Міхаіл Аляксеевіч на будучыню некалі марыў пра ўнука, а цяпер жадае толькі ўнучачку.
— Нашы тры нявесты выраслі. Ёсць у іх ужо і каханыя маладыя людзі. Значыць, хутка ў нас з’явяцца, няхай не родныя, тры сыны, — шчыра выказаліся сужэнцы Лапцюховы. — Абы нашы дачушкі былі шчаслівыя!»
А што больш трэба маці!

Ірына ГАРБАЧОВА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Марына, Наталля, Валянціна Антонаўна і Вара Лапцюховы.
Фота з сямейнага архіва Лапцюховых.