Быць беражлівым нявыгадна?!

 Не ведаю як іншым райцэнтрам, а нашаму яўна не шанцуе з раздзельным зборам смецця. Неаднаразовыя спробы жыллёва-камунальнай гаспадаркі наладзіць яго церпяць фіяска. З зайздроснай рэгулярнасцю скрыні з надпісамі «Шкло», «Папера», «Пластык» з’яўляюцца і зноў знікаюць у небыццё.

IMG_0004_Дзесьці з месяц таму зноў паставілі (у прыватнасці ў раёне дома №147 па Кастрычніцкай) прыгожанькія, новенькія кантэйнеры блакітнага, жоўтага і зялёнага колераў з адтулінамі для шкляных і пластыкавых бутэлек ды паперы з кардонам. Пакінулі на пляцоўцы і адну старую скрыню для іншых адходаў.
Літаральна праз некалькі дзён панесла выкідваць смецце, бутэлькі склала асобна. Падышла да скрыняў і ад нечаканасці аж разгубілася: вельмі ўжо хутка на гэты раз новымі кантэйнерамі пачалі карыстацца не па прызначэнні. Накрыўкі на іх, акрамя кантэйнера з надпісам «Пластык», былі паадкрываныя, і ў кожным ляжалі пакеты з усялякімі адходамі. Пасля і ў іншых месцах бачыла такія ж кантэйнеры з адкрытымі і нават пашкоджанымі накрыўкамі.
Хто ж адкрыў скрыні? Тут, на мой погляд, могуць быць два варыянты. Неабходна гэта было зрабіць работнікам, якія вывозяць смецце на спецмашыне, бо інакш нельга апаражніць кантэйнеры. Другая версія: жыльцы шматпавярховак, убачыўшы, што смецце не змяшчаецца ў адзін кантэйнер для адходаў, ускрылі спецыяльныя скрыні, прынёсшы з сабою слясарны інструмент. Хаця больш падобна на нашых людзей проста пакінуць пакет са смеццем побач з кантэйнерам.
А яшчэ цікава, навошта наогул ставяцца скрыні для раздзельнага збору смецця. У ідэале справа павінна выглядаць так. Сумленныя грамадзяне выкарыстоўваюць кантэйнеры строга па прызначэнні. Жылкамунгас вывозіць яго таксама паасобку.
На самой справе змесціва ўсіх кантэйнераў загружаецца ў адну і тую ж машыну адначасова. Менавіта так рабілася б і ў выпадку правільнага карыстання скрынямі, бо цяжка ўявіць, што камунальнікам выгадна пускаць машыну тры разы па кругу, каб вывезці асобна шкло, пластык і паперу. Напэўна таму на гарадскім палігоне для адходаў працуюць спецыяльныя работнікі, якія адшукваюць пластыкавыя бутэлькі сярод іншых бытавых адходаў.
Такім чынам, за раздзельны збор смецця ЖКГ агітуе насельніцтва толькі на словах (дарэчы, матэрыял на гэту тэму за подпісам дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў змешчаны нядаўна на старонках раённай газеты), а на самой справе нікому ён не патрэбны: ЖКГ проста не мае магчымасці працаваць на канчатковы вынік, а жыхары горада, якія бачаць марнасць і заклікаў, і захадаў камунальнікаў, не лічаць неабходным адносіцца да непатрэбных ім рэчаў як да другаснай сыравіны. Нават у Год беражлівасці. І ўрэшце атрымліваецца, што быць беражлівымі нявыгадна. Сітуацыя, канешне, парадаксальная, дастойная пяра Ільфа і Пятрова. А кантэйнеры, тым не менш, працягваюць рэгулярна абнаўляць…
 Таццяна Буракова.

НА ЗДЫМКУ: так выглядаюць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця ў жылым мікрараёне па вул. Чырвоны Кастрычнік. Пастаўлены яны такім чынам, што ўсе адтуліны (для бутэлек і паперы) знаходзяцца паміж скрынямі. Значыць, камунальнікі і не прапаноўваюць іх насельніцтву для выкарыстання па прызначэнні.

Фота аўтара.  

Быць беражлівым нявыгадна?!: 1 комментарий

  • Пятница, 18 окт., 2013 в 10:17
    Permalink

    лично я согласен выбрасывать пластиковую бутылку в отдельный контейнер но чтоб он стоял рядом с обычными а не вместо …в радиусе данных контейнеров около 10 много этажных домов и что одного общего контейнера должно хватать?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *