Галоўны напрамак — работа з людзьмі

P1200161_На тэрыторыі Ходцаўскага сельсавета размешчаны 43 населеных пункты, пражывае 1603 чалавекі. Найбольш буйныя вёскі — Ходцы (414 жыхароў), Белая Ліпа (272), Падворыца (109), Горныя Ходцы (68). Дзейнічаюць дзве школы, урачэбная  амбулаторыя, ФАП, пяць магазінаў спажыўкааперацыі. Населеныя пункты Ходцы і Белая Ліпа маюць статус аграгарадкоў. Вытворчая сфера прадстаўлена дзейнасцю трох сельгасарганізацый: ААТ «Белая Ліпа», «Сінягорскае», СУП «Саўгас імя Машэрава». Таксама дзейнічаюць дзве сялянска-фермерскія гаспадаркі.
 На працягу пяці гадоў узначальвае Савет Вольга Шчарбакова (на здымку).  Сёлета яе партрэт быў змешчаны на раённай Дошцы гонару.

 — Вольга Міхайлаўна, якія накірункі дзейнасці вы лічыце прыярытэтнымі ў сваёй рабоце?
— Своечасовае рэагаванне на патрэбы людзей. Варта адзначыць, што вялікую папераджальную ролю тут адыгрываюць мае памочнікі — старэйшыны. Яны даводзяць неабходную інфармацыю да ўвагі насельніцтва і адначасова інфармуюць сельвыканкам аб найбольш значных зваротах грамадзян, што патрабуюць неадкладнага ўмяшання органаў мясцовай улады. Размова ідзе, перш за ўсё, пра падтрыманне грамадскага парадку, добраўпарадкаванне вуліц і населеных пунктаў, могілак, рамонт дарог, калодзежаў, утрыманне прысядзібных тэрыторый грамадзян. Адказна ставяцца да сваіх грамадскіх абавязкаў старэйшыны:  Валянціна Мельнікава (Падворыца), Людміла Дунец (Белая Ліпа), Валянціна Ганчарова (Меліхава), Ларыса Латышава (Бесцвіна), Іван Спронскі (Паршні) і многія іншыя.
 — З якімі праблемамі вяскоўцы часцей за ўсё звяртаюцца да старшыні?
— Калі казаць пра спектр праблем, то ён разнастайны… Напрыклад, сёлета зарэгістраваны звароты па рамонце дарогі да могілак вёскі Белая Ліпа. Яна ідзе праз поле, непадалёку балота. У выніку дарога перыядычна падтапляецца, таму пытанне ўзнімаецца штогод. Узнікаюць праблемы і з дарогай да могілак вёскі Арляны. Мясцовая гаспадарка ў чарговы раз заарала яе і пасеяла кукурузу. А вось жыхары вёскі Сапегі просяць агарадзіць могілкі. Агародзіць мы зможам толькі ў наступным годзе, бо на матэрыял і працу трэба прадугледзіць неабходныя сродкі. Узнікаюць пытанні і па калодзежах, якія раней былі не запатрабаваны і сёння нідзе не стаяць на ўліку.
— Для сельскіх жыхароў вельмі важным з’яўляецца дапамога ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі.
— Гэта так. Мясцовыя гаспадаркі дапамагаюць у апрацоўцы зямельных надзелаў, уборцы зерневых культур і г.д. У бягучым годзе наогул не ўзнікала пытанняў з уборкай збожжа на прыватных участках. Зерневыя ў насельніцтва былі ўбраны да першага верасня. Трэба сказаць, што ў гэтай рабоце сельскі Савет абапіраецца і на дапамогу мясцовых фермераў. За разуменне і плённае супрацоўніцтва хочацца падзякаваць кіраўніку сялянска-фермерскай гаспадаркі «Аграсэрвіс плюс» Аляксандру Лапеху. Аляксандр Анатольевіч актыўна дапамагае нам у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, грэйдзіраванні дарог, апрацоўцы агародаў, уборцы ўраджаю.
 — Дарэчы, як арганізавана работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў?
— Дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі нам аказваюць шэфы. Віцебскі спецкамбінат грамадзянскага абслугоўвання адрамантаваў помнікі воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, у вёсках Падворыца і Машчоны, аграгарадку Ходцы. Месцы воінскіх пахаванняў добраўпарадкоўваюць і мясцовыя школьнікі.
Віцебскі ЖРЭТ дапамог у абкошванні аграгарадка Белая Ліпа. ПП «Вітэла» не першы год аказвае нам спонсарскую падтрымку. Летась прадпрыемства набыло для патрэб сельсавета трымер, сёлета — бензапілу «Шціль-230».
— Вольга Міхайлаўна, як працуюць установы сферы паслуг?
— На работу ўрачэбнай амбулаторыі, ФАПа, аддзяленняў сувязі, магазінаў заўваг ад насельніцтва не паступала. Большасць вёсак абслугоўваецца аўталаўкамі. Бываюць, канешне, нараканні на асартымент. Аднак скаргі разглядаюцца хутка, аператыўна прымаюцца меры па іх ухіленні.
У Ходцах дзейнічае комплексна-прыёмны пункт. Тут прымаюць заказы на рамонт абутку, індпашыў вопраткі, рэалізуецца тавар, які вырабляе КУПБА «Прэстыж». Працуе майстар па пашыву рукавіц, аказваюцца паслугі цырульні.
На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць два клубы, столькі ж бібліятэк. У Ходцах культурнае жыццё знаходзіцца на высокім узроўні. Да святаў ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, якія не абыходзяцца без выступленняў ужо добра вядомага за межамі сельсавета вакальнага гурта «Весялуха», дыскатэкі для моладзі. працуе філіял Машканскай дзіцячай школы мастацтваў.
— Ходцаўскі сельсавет — адзіны ў раёне, дзе створаны і працуе музей…
— Так, у нас дзейнічае этнаграфічны музей. Сабраныя экспанаты сялянскага ўжытку, якімі карысталіся вяскоўцы ў хатнім і гаспадарчым побыце, дазволілі стварыць тэматычныя пакоі. Яны прадстаўлены раздзеламі: «Прадметы быту», «Прылады працы», «Вялікая Айчынная вайна ў нашым краі». У планах на будучыню —  працягваць збіраць матэрыялы, інфармацыю пра гісторыю населеных пунктаў сельсавета, іх насельнікаў, абагульніць,  сістэматызаваць яе і стварыць разгорнуты летапіс Ходцаўскага краю.
Летась быў створаны міні-праект «Маладыя душой» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, які аб’ядноўвае актыўных пенсіянераў. Яго ўдзельнікі займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця, аказваюць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. З мэтай умацавання здароўя, пры падтрымцы  спонсараў набыты два трэнажоры.
Сельвыканкам актыўна займаецца продажам зямлі з аўкцыёну. У бягучым годзе прадалі пяць зямельных участкаў, выручылі 70 млн рублёў. Яшчэ тры ўчасткі падрыхтаваны да продажу.
 — Вольга Міхайлаўна, у чым бачыце перспектыву развіцця населеных пунктаў?
— У ААТ «Белая ліпа» шмат робіцца па далейшай мадэрнізацыі і павышэнні эфектыўнасці вытворчасці прадукцыі. Таму тут я бачу перспектыву ў  развіцці сельгасвытворчасці. Ходцаўская зона перспектыўная ў плане развіцця аграэкатурызму. Мне здаецца, што для гэтага тут ёсць усе ўмовы: шмат азёраў, вясковая цішыня, свежае паветра, прыгожыя краявіды. А вёскі Паршні, Самсоны, Кавалькі — зона развіцця фермерскіх гаспадарак.
На тэрыторыі сельсавета жыве 803 чалавекі працаздольнага ўзросту, 208 — да 18 гадоў. Гэта значыць, што ёсць рэзерв моладзі і, адпаведна, перспектывы развіцця Ходцаўскага сельсавета.

Гутарыла Ларыса МУКАМОЛАВА.
Фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *