Слабакі ў вышуку не працуюць

 IMG_1058_Пагоні, засады, перастрэлкі…Бадай, такое ўяўленне складваецца ў абывацеляў аб працы ў  крымінальным вышуку. Безумоўна, усё гэта мае месца. Аднак многае — застаецца за кулісамі. Доўгія допыты тых, хто мае дачыненне да здарэння; шмат папер, якія трэба не проста перагледзець, іх неабходна вывучыць, каб валодаць сітуацыяй.  
Як ніхто іншы ведае, наколькі «опасна и трудна» праца ў крымінальным вышуку, былы опер Генадзь Шубка. Ён прысвяціў гэтай службе 11 гадоў.
Выбраць прафесію, якой Генадзь Дзмітрыевіч застаецца адданы нават на пенсіі, дапамаглі сябры. Сёння, азіраючыся ў мінулае, мужчына прызнаецца, што ніколі не разглядаў працу ў  міліцыі як занятак, з якім хацеў звязаць сваё жыццё.
Пасля арміі, у 1981 годзе, дваццацігадовым хлопцам пераступіў ганак Сенненскага РАУС. Аднак тады выконваючы абавязкі начальніка аддзела Міхаіл Ласянкоў адмовіў Шубку. І не таму, што хлопец не падыходзіў для службы ў міліцыі. У тыя гады, перш чым уладкавацца на працу ў праваахоўныя органы, трэба было зарэкамендаваць сябе з лепшага боку ў іншым працоўным месцы. Не раздумваючы, Генадзь Дзмітрыевіч пайшоў на будоўлю ў ПМК-64. Яму хапіла чатырох месяцаў, каб зарабіць добрую характарыстыку.
Працу ў міліцыі пачынаў з дзяжурнага. Спачатку ў медвыцвярэзніку, потым — у ізалятары часовага ўтрымання. Колькі часу займаўся справамі ўчастковага.

Раней так практыкавалася: адпрацаваўшаму тры гады, званне не давалі, а дазвалялі весці справы афіцэрскай пасады. Кадравая палітыка прадугледжвала падрыхтоўку спецыялістаў унутры калектыву, пасля чаго іх адпраўлялі на вучобу. Так было і з Генадзем Дзмітрыевічам. У 1988 годзе, дзякуючы начальніку Сенненскага РАУС Васілію Іванюшчанку і зампаліту Рыгору Кучынскаму, яго накіравалі на вучобу ў вышэйшую школу міліцыі ў Мінск. Сёння гэта Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Кінуўшы ўсё, разам з сям’ёй Генадзь Дзмітрыевіч паехаў павышаць кваліфікацыю. За супрацоўнікам, які знаходзіўся на вучобе, захоўваўся заробак.
За чатыры гады давялося прайсці добрую школу жыцця.
Зведаў, што такое міжусобныя войны. Два разы яго з іншымі курсантамі адпраўлялі ў якасці міратворца ў Арменію і Нагорны Карабах.
Пасля атрымання дыплома вярнуўся ў Сенненскі РАУС, дзе яму прапанавалі месца ў аддзяленні крымінальнага вышуку. Ад оперупаўнаважанага даслужыўся да начальніка аддзялення крымінальнага вышуку. За аператыўную абстаноўку ў раёне адказваў 8 гадоў.
Сёння, аналізуючы працу, Генадзь  Дзмітрыевіч не хавае, гэта перадавы аддзел у структуры міліцыі, а людзей, якія працуюць тут, можна назваць своеасаблівай элітай, ад прафесіяналізму якой залежыць парадак на абслугоўваемай тэрыторыі.
У народзе іх называюць «опера». Менавіта яны першымі прыбываюць на месца здарэння і першымі пачынаюць шукаць злачынцаў.
У такім рытме ў свой час працаваў і Генадзь Шубка. «Галоўнымі ў нашай працы былі і застаюцца ўважлівасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць. Апроч таго, опер павінен быць добрым псіхолагам з развітай інтуіцыяй», — адзначае мой субяседнік.
Прафесія супрацоўніка крымінальнага вышуку ва ўсе часы патрабавала мужнасці і самаадданасці. Генадзь Дзмітрыевіч добра разумеў, якую непрастую сцяжынку выбраў.
Першая справа, якая трапіла ў яго рукі, датычылася скрадзенага магнітафона. Два дні вяліся пошукі па гарачых слядах — у Беліцы. Назбіраўшы базу доказаў, аб’ездзіўшы ноччу, так званыя, «месцы дыслакацыі падазроных», справу ён раскрыў.
Часта даводзілася працаваць ноччу, у свой выхадны,  нярэдка заставаўся на другія суткі. А інакш нельга было, гаворыць мужчына. Калі бачыў, што можа выйсці на след, «краў» час у сям’і. Страшна было падумаць, што злачынства пяройдзе ў разрад «вісякоў».
— Працы аператыўніка нельга навучыцца. У характары чалавека павінны быць асаблівыя задаткі, — лічыць мой субяседнік. — Кемлівасць, уменне разгледзець у пацярпелых, злачынцах, сведках тое, пра што часам яны не дагаворваюць. А яшчэ патрэбны асаблівыя адносіны да прафесіі. У сапраўднага супрацоўніка крымінальнага вышуку праца не спыняецца нават, калі ён знаходзіцца на адпачынку.
Ліхія 90-я — усплёск злачыннасці — выпалі на службу Генадзя Дзмітрыевіча. Крадзяжы машын, электраправодак, жывёлы, грабеж магазінаў. «Працуючы ў звязцы з іншымі службамі міліцыі, мы раскрывалі серыі групавых злачынстваў», — успамінае Генадзь Дзмітрыевіч. Гэта быў час, калі ў тэхнічным плане аддзел быў слаба аснашчаны: не хапала машын, спецыяльнай крымінальнай тэхнікі і шмат чаго іншага. Аднак спрацоўвалі на станоўчы вынік. Так, напрыклад, было з раскрыццём справы аб крадзяжы жывёлы з прыватных падворкаў у Сенненскім, Талачынскім, Аршанскім раёнах. Доўга не маглі міліцыянеры разблытаць гэты злачынны клубок. Крадзеж здзейснены — доказаў няма. Аднойчы, зачапіўшыся за, здавалася б, дробязь, — сляды ад шын аднамеснага матацыкла без каляскі, змаглі выйсці на злачынцаў. Імі аказаліся жыхары Смальян Аршанскага раёна. Асобную падзяку за дапамогу сенненцы тады атрымалі ад калег з Талачынскага РАУС.
У капілцы Генадзя Дзмітрыевіча шмат раскрытых злачынстваў. Самымі абсурднымі, незразумелымі на памяці былога опера, былі крадзяжы, што здзяйснялі суседзі. Сусед краў у суседа. Больш таго, сусед-злодзей прадаваў выкрадзеную рэч другому суседу.
Праца ладзіцца тады, калі ў сям’і пануе ўзаемаразуменне. З другой палавінкай Генадзю Дзмітрыевічу пашанцавала. Жонка, Ірына Сяргееўна, ніколі не папракнула мужа за тое, што той дапазна прападае на працы. Яна часта гаварыла яму: «Еду вечарам — у цябе свет гарыць у кабінеце, еду позна ноччу — такі ж малюнак». Ірына Сяргееўна працавала і сёння працуе фельчарам на «хуткай дапамозе». Іх праца з мужам у некаторай ступені падобная: яны абое — на службе людзям.
Вялікую дапамогу ў станаўленні Генадзя Шубкі як прафесіянала сваёй справы аказалі Міхаіл Лукашэвіч, былы начальнік аддзялення аховы, Уладзімір Шман, які працаваў участковым. Набіраўся службовага і жыццёвага вопыту ў Рыгора Кучынскага, былога начальніка Сенненскага РАУС, Васілія Кандрацьева, былога начальніка вышуку і ў  многіх іншых. У непасрэднай звязцы давялося працаваць з участковымі, якія заўсёды працягвалі руку дапамогі. Для Генадзя Дзмітрыевіча гэта былі Віктар Калуханаў, Міхаіл Кудраўцаў і Міхаіл Гарнак.
У самога Шубкі таксама нямала вучняў, за плячыма якіх шмат гадоў працы, вялікія зоркі і адказныя пасады. Міхаіл Дзядзічкін узначальвае Чашніцкі РАУС, Мікалай Латышаў — Лепельскі РАУС, Мікалай Залецкі — начальнік крымінальнага вышуку Бешанковіцкага РАУС, Анатоль Ананенка — першы намеснік начальніка Сенненскага РАУС.
— Прыемна ўсведамляць, што мае вучні перасягнулі мяне, — гаворыць Генадзь Шубка. — Хачу спадзявацца, што яны стануць добрымі настаўнікамі для маладых супрацоўнікаў.
З нагоды прафесійнага свята — сёння адзначаецца дзень крымінальнага вышуку — Генадзь Дзмітрыевіч ад сябе і ад савета ветэранскай арганізацыі Сенненскага РАУС жадае ўсім супрацоўнікам поспеху ў працы. Здароўя, шчасця, высокіх паказчыкаў па раскрываемасці.