Дапамагчы сабе і іншым

IMG_1291_У сакавіку бягучага года ў г.п.Багушэўск пачало працаваць аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна». Пра работу аддзялення расказала яго загадчыца Галіна Секачова:

— У цяперашні час у аддзяленні працуюць псіхолаг Тамара Клыкоўская і спецыяліст Галіна Аверчанка. Пад кіраўніцтвам нашых педагогаў наведвальнікі маюць магчымасць займацца рознымі відамі дзейнасці. Створаны гурток «Умелыя ручкі», дзе пажылыя людзі развіваюць свае творчыя здольнасці: вышываюць, асвойваюць макрамэ, дэкупаж, квілінг. Сярод іх шмат творчых асоб. Усе работы выконваюцца з падручнага матэрыялу (бутэлькі, ільняная нітка і г.д.). У выніку атрымліваецца вельмі прыгожа. Напрыклад, Клаўдзія Чарнова вяжа невялічкія дыванкі з цэлафану і поліэтылену. На даму арганізаваны гурткі для інвалідаў, якія не могуць самастойна наведваць установу. Супрацоўнікі аддзялення праводзяць з імі індывідуальныя заняткі. Цудоўныя работы атрымліваюцца ў сужэнцаў  Ільючэнкаў. Муж і жонка  захапляюцца карпатлівым мастацтвам —  арыгамі. Рэгулярна наведваем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Яўгенію Меркуль: цікавімся самаадчуваннем жанчыны, проста размаўляем. Дастаўляем мастацкую літаратуру, часопісы, арганізуем падпіску для грамадзян, якія знаходзяцца на медыка-сацыяльных ложках пры Багушэўскай бальніцы. Супрацоўнічае з аддзяленнем наша паэтка Раіса Мацюшкіна. Яна прымае актыўны ўдзел у рабоце з моладдзю, выступае на мерапрыемствах з творамі ўласнага сачынення. Для аддзялення напісала верш, які, магчыма, стане гімнам установы.
Адзін раз у месяц выязджаем у Багданаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання, дзе таксама для яго насельнікаў праводзім заняткі па рукадзеллі.
Патрэбную інфармацыю аб праблемах пажылых жыхароў аддаленых населеных пунктаў мы атрымліваем ад старэйшын і потым выкарыстоўваем у сваёй далейшай дзейнасці. Асабліва цяжка прыходзіцца людзям, якім няма каму ні вады прынесці, ні дроў нарыхтаваць, ні абкасіць вакол дома… Менавіта з мэтай дапамогі адзінокім пры аддзяленні стварылі валанцёрскую групу «Залатая рыбка». Ва ўсіх гэтых работах актыўны ўдзел прымаюць і школьнікі. Напрыклад, зараз яны заклейваюць вокны на зіму.
Работнікі аддзялення курыруюць сем’і, у якіх  дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы: абследуюць умовы жыцця, пры неабходнасці дапамагаюць працаўладкавацца, зрабіць рамонт, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол дома, арганізуюць акцыі па зборы лялек, адзення. Псіхолаг праводзіць прафілактычныя гутаркі з бацькамі, індывідуальныя заняткі з дзецьмі.
На будучыню плануецца пашырэнне аддзялення. Яно размесціцца ў асобным памяшканні. Тут будуць абсталяваны: пакой для прыгатавання і прыёму ежы; агульны пакой, дзе наведвальнікі змогуць займацца ў розных гуртках  (у тым ліку вучыцца карыстанню  камп’ютарам); антыкрызісны пакой,  разлічаны на тых, хто аказаўся ў сацыяльна-небяспечным становішчы; трэнажорная зала.
Усе нашы пачынанні падтрымліваюць намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, старшыня Багушэўскага пасялковага Савета Любоў Трубека, дырэктар ТЦСАН Тамара Смірнова. Пры садзейнічанні апошняй цэнтр набыў для аддзялення  мяккую мэблю, камп’ютарныя сталы, прыхожую.
Дарэчы, наша ўстанова атрымала гранд на 4 млн беларускіх рублёў за ўдзел у конкурсе «Жыць у радасць» па стварэнні групы сама-  і ўзаемадапамогі з актыўным удзелам пажылых людзей, арганізаваным ГА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа». На гэтыя грошы купілі цяпліцу, дзе плануем вырошчваць рассаду агародніны, кветак для сацыяльных устаноў і ўпрыгожвання пасёлка. Плануем стварыць «Вагончык жаданняў», так званую бібліятэку на колах. Будзем выязджаць у аддаленыя вёскі са сваімі кнігамі, часопісамі, газетамі, арганізоўваць выставы творчых работ наведвальнікаў аддзялення, рыхтаваць інфармацыйна-кансультацыйныя матэрыялы з удзелам юрыста ТЦСАН.
Планаў і задумак у нас шмат. Мы спадзяёмся, што ўсе яны будуць рэалізаваны на карысць тых, каму мы дапамагаем. Дарэчы, усе, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, могуць звяртацца ў аддзяленне за дапамогай. Ніхто не застанецца без увагі.

Ларыса МУКАМОЛАВА.
 На здымку: у час працы (злева направа) —
Галіна Секачова і Раіса Мацюшкіна.

Фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.