Усе пытанні ўзяты на кантроль

telefonsdfСамы аператыўны спосаб звярнуцца да прадстаўнікоў улады з пэўным пытаннем — гэта патэлефанаваць  на «прамую лінію». На мінулым тыдні званкі ад жыхароў Сенненшчыны на працягу трох гадзін прымаў старшыня райвыканкама Віктар Цапота. На «сувязі» таксама былі начальнікі аддзелаў райвыканкама і кіраўнікі раённых службаў і арганізацый.

Тэматыка зваротаў ахоплівала самыя розныя сферы жыццядзейнасці рэгіёна. Але ніводнае пытанне не адносілася да ліку невырашальных. Праўда, вырашыць многія з іх можна было яшчэ на пачатковым этапе.
 Клопаты не новыя, вясковыя
Жыхары вёсак Гуліна і Заслонава Студзёнкаўскага сельсавета задаваліся пытаннем, дзе купіць зерне? Па словах вяскоўцаў, мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, у прыватнасці ААТ «Сінягорскае» і «Пурплева», зерня не даюць, спасылаючыся на яго недахоп.
Сапраўды, сёлета ўраджай збожжавых у раёне пакідае жадаць лепшага, пацвердзіў кіраўнік раёна. Але гэта не значыць, падкрэсліў Віктар Уладзіміравіч, што людзі застануцца без зерня. Набыць яго можна ў іншых гаспадарках.

 Да слова, фуражнае зерне па закупачных цэнах рэалізуе філіял «Віцебская доследная меліяратыўная станцыя (ВДМС) інстытута меліярацыі». Пакідаць папярэднія заяўкі можна па тэлефоне 2-96-35.
Таксама зерне па прымальным кошце будзе прадавацца на традыцыйным восеньскім кірмашы, які пройдзе ў кастрычніку. Транспартныя паслугі па дастаўцы будуць аказвацца ў поўным аб’ёме.
Жыхарку вёскі Масяйкі Машканскага сельсавета не задавальняе стан пашы. У падсобнай гаспадарцы жанчыны ўтрымліваецца 6 кароў. Для іх выпасу сельвыканкам выдзеліў участак, але, па словах заяўніцы, на ім расце адно пустазелле. Яна неаднаразова звярталася ў мясцовы орган кіравання з просьбай апрацаваць пашу ці хаця б скасіць. Але дапамогі так і не дачакалася.
Віктар Уладзіміравіч пагадзіўся, трымальнікам падсобнай гаспадаркі з боку ўлад неабходна аказваць усялякую падтрымку. І паабяцаў разабрацца ў праблеме. Разам з тым, кіраўнік раёна зазначыў, што і карыстальнікам пашы таксама трэба прыкладаць намаганні па яе доглядзе. Бо, у першую чаргу, ад гэтага залежыць менавіта іх прыбытак.
Малаказдатчык з Белай Ліпы не згодны з тлустасцю малака, выстаўленай па выніках правядзення адпаведнага аналізу.
Інвалід 1-й групы з аграгарадка Полымя паскардзіўся: тэрыторыя вакол дома, дзе ён жыве, зарасла баршчэўнікам. Летам пасля звароту ў сельсавет яго скасілі, а вось увосень не. Акрамя таго, не гарыць вулічнае асвятленне.
У пенсіянеркі з вёскі Ракаў Засценак Нямойтаўскага сельсавета перыядычна не працуе тэлефон.

ПАД’ЕЗД, дарога і аўтахуліганы
Традыцыйна пераважная большасць пытанняў закранала камунальную сферу.
Сёлета раённы цэнтр перацярпеў істотныя змены. У выніку маштабных будаўнічых работ, што вяліся на працягу апошніх месяцаў, больш за дзясятак вуліц нашага горада былі добраўпарадкаваны: з’явілася новае асфальтавае пакрыццё, абуладкаваны тратуары, зоны адпачынку. Тым не менш, у Сянне застаецца яшчэ нямала ўчасткаў, якія знаходзяцца ў неналежным стане.
Пра з’езд на вуліцу Набярэжная неаднойчы пісала і раённая газета. Старшыня запэўніў, што рамонт дадзенага ўчастка дарогі будзе зроблены ўжо ў гэтым годзе.
У час рамонтных работ на вуліцы Чырвоны Кастрычнік быў пашкоджаны тратуар. Жыхары мікрараёна вымушаны рухацца па праезнай частцы літаральна побач з аўтамабілямі. У сувязі з гэтым на дастаткова ажыўленым участку дарогі не перашкодзіла б усталяваць знак абмежавання хуткасці.
Капітальны рамонт вуліцы Чырвоны Кастрычнік запланаваны на 2015 год. А пакуль Віктар Цапота даў даручэнне правесці бягучы рамонт тратуараў і вырашыць пытанні з усталяваннем вышэйназванага дарожнага знака. Нельга чакаць, пакуль які-небудзь аматар хуткай (ды яшчэ «пад градусам») язды справакуе трагедыю, упэўнены кіраўнік раённай вертыкалі: «На жаль, аўтахуліганаў у нас хапае. І гэтых «бэтмэнаў» трэба браць на жорсткі кантроль».
З нядаўняга часу ў падвале дома №114 па вуліцы Кастрычніцкая змяшчаецца сантэхнічная служба УП ЖКГ. Але для насельнікаў дома такое суседства радасці не прынесла. Валянціна Фаміных жыве на першым паверсе. Па словах жанчыны, з падвалаў у кватэры цягне холадам, сырасцю і  смуродам. Гэтаму «спрыяе» і тое, што пад’езд у іх доме ніколі не зачыняецца.
Калі там знаходзіцца нейкая камунальная служба, то яна павінна падтрымліваць парадак у памяшканні і на прылягаючай тэрыторыі, падкрэсліў старшыня райвыканкама. Ён даў даручэнне праверыць работу сантэхнікаў і стан дома. У працяг тэмы Віктар Уладзіміравіч выказаўся пра неабходнасць праверыць жылфонд на гатоўнасць да зімы. Так, напрыклад, далёка не ва ўсіх пад’ездах  маюцца дыхтоўныя  металічныя дзверы. Калі жыльцы не ў стане іх усталяваць, на дапамогу людзям павінны прыйсці камунальнікі, зазначыў кіраўнік раёна.

На сваім прыкладзе
Як паказвае жыццё, многія праблемы мы ствараем самі сабе.
Маці дваіх дзяцей з Сінягорскай абуралася, з-за раскладу руху аўтобусаў яе сын вымушаны прапускаць сёмы ўрок. Як высветлілася, хлопчык, як і ўсе аднавяскоўцы школьнага ўзросту, наведваў Студзёнкаўскую школу. Аўтобусам гэтай навучальнай установы ажыццяўляўся падвоз сінягорскіх школьнікаў. З гэтага года хлопчык чамусьці перавёўся ў Машчонскую школу, аўтобус якой у Сінягорскую, на жаль, не заходзіць. Цяпер ён вымушаны  дабірацца да Савінічаў, а ўжо адтуль школьным ці віцебскім аўтобусамі да школы. Між іншым, у аддзеле адукацыі райвыканкама жанчыну неаднаразова папярэджвалі аб тым, што сітуацыя можа скласціся менавіта такім чынам. Грамадзянку напачатку не хвалявала, што сёмы ўрок яе сын будзе пастаянна прапускаць. Але на практыцы справа абярнулася інакш. Тым не менш, пайсці насустрач заяўніцы ў аддзеле адукацыі не могуць. Пускаць два школьныя аўтобусы ў адзін населены пункт — не рэнтабельна. Як выхад з сітуацыі, у школе працуе група прадоўжанага дня, дзе хлопчык можа застацца пасля ўрокаў.
Своечасова не пралічыў сваю выгаду і жыхар г.п.Багушэўск. У пасёлку актыўна вядзецца газіфікацыя вуліц, ствараюцца кааператывы. Мікалай Пятровіч не ўваходзіў у склад кааператыва «Майскі», а цяпер мужчына не супраць правесці газ у свой дом.
Вось толькі давядзецца пачакаць, калі ў эксплуатацыю будзе ўведзены кааператыўны газаправод. Праект разлічаны на пэўную колькасць людзей — членаў кааператыва — і домаўладанне заяўніка ў яго не ўваходзіць. Аднак ён мае права правесці газ у індывідуальным парадку пасля таго, як будаўніцтва газаправода будзе канчаткова завершана. Які пакет дакументаў для гэтага неабходны, а таксама як скарыстацца льготным крэдытам жыхару гарадскога пасёлка падрабязна растлумачаць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва.

Пра мінулае і будучыню
Вядомы сенненскі краязнаўца Васіль Бандарэвіч звярнуўся да кіраўніка раёна з прапановай аб выданні шэрагу аўтарскіх распрацовак, прысвечаных гісторыі Сенненшчыны. Яны б сталі добрым набыткам для школ і бібліятэк раёна і паспрыялі  выхаванню  падрастаючага пакалення сенненцаў у грамадзянска-патрыятычным накірунку.
Гэтую годную справу Віктар Цапота ўхваліў і падкрэсліў, што яе варта і неабходна ажыццявіць.
На ўсе пытанні, якія паступілі на «прамую лінію», былі дадзены адказы. А калі пытанне патрабавала дадатковага  разгляду, то даручэнні  разабрацца і выправіць становішча атрымалі службовыя асобы райвыканкама, кіраўнікі адпаведных арганізацый і ўстаноў.

Наш кар.