Бульба «па-студэнцку»
«Калі ласка, прыедзьце і напішыце пра нашых малайчын-студэнтаў!» — з такімі словамі звярнулася ў рэдакцыю Іна Пранько, ідэолаг ААТ «Бяленева». Зразумела, адмовіць мы не маглі і завіталі ў сельгасарганізацыю. Іна Яўгенаўна адразу павяла знаёміць са сваімі «хлопчыкамі»…
Тры тыдні 18 студэнтаў і 2 выкладчыкі з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа дапамагаюць сельгасарганізацыі збіраць бульбу. З 55 гектараў за плячыма пакуль 15. У непагоду хлопцы працуюць на пераборцы «другога хлеба», грузяць яго ў сеткі, на машыны. Многія перавыконваюць норму (46 вёдзер за дзень) у 3-4 разы. Колькасць вёдзер запісваецца, а ўвечары бухгалтар гаспадаркі кожнаму выдае раздрукоўку з зарплатай за працадзень. Такім чынам, маладыя людзі бачаць свой штодзённы заробак, а значыць, у іх ёсць стымул яго павялічваць. Дарэчы, грошы яны атрымаюць пасля таго, як будзе сабраны ўвесь ураджай.
Ёсць сярод студэнтаў і свой лідар. Ігар Шаўчэнка (на здымку) за дзень сабраў 250 вёдзер. За тры дні ў маладога перадавіка налічылася ў зарплату каля 700 тысяч рублёў.
Харчуюцца студэнты тры разы на дзень у мясцовай сталовай. Абед прывозяць на поле. У меню штодня ўваходзіць мяса, іншая каларыйная ежа. Па-хатняму смачна гатуе для іх повар Святлана Шарай. Свае прапановы ў рацыён хлопцы таксама могуць унесці. Некалі ім так захацелася дранікаў, што самі выказалі ініцыятыву дапамагчы Святлане Віктараўне ў іх прыгатаванні.
Бытавыя ўмовы ў студэнтаў нядрэнныя. Жывуць яны ў спартыўнай зале Яноўскай школы. Спяць на ложках. На сённяшні дзень вырашаюцца пытанні наконт ацяплення памяшкання. Арганізоўваюцца штотыднёвыя лазневыя дні.
Як прызналіся самі студэнты, на Сенненшчыне ім падабаецца, многія з’яўляюцца ўраджэнцамі нашага раёна. Сустрэлі памочнікаў у ААТ цёпла. Другой «маці» для іх стала ідэолаг сельгасарганізацыі Іна Пранько.
У вольны час студэнты не сумуюць. Пасля працы хтосьці адпачывае і глядзіць тэлевізар. Можна згуляць партыю ў більярд ці настольны тэніс, размешчаныя спецыяльна для іх ва ўстанове адукацыі. Нехта аддае перавагу паганяць футбольны мяч, згуляць у валейбол на школьным стадыёне. Правесці з карысцю вольны час дапамагае настаўнік фізкультуры Яноўскай школы Андрэй Чаранкевіч. Ды і супрацоўнікі Яноўскага дома культуры, у прыватнасці, яго дырэктар Людміла Казлова, не засталіся ўбаку. У суботу, напрыклад, прайшла гульнёвая дыскатэка «Восеньскі баль», дзе разам з мясцовай моладдзю студэнты не толькі танцавалі, але і ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, конкурсах.
«Пашанцавала мне з маімі хлопчыкамі!» — задаволена кажа Іна Пранько.
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.