Раслінныя «акупанты» наступаюць

P1200067_Сёлета спіс шкодных і небяспечных раслін у Беларусі павялічыўся. Да кампаніі  баршчэўніка дадаліся сумнік канадскі (залатарнік), клён ясенялісцевы, эхінацысціс лопасцевы і рабінія псеўдаакацыя. Усе гэтыя расліны ў той ці іншай меры прысутнічаюць і ў нашым раёне. У гэтым, як паказвае практыка, вінаваты чалавек. Не ведаючы нічога пра расліны-іншаземцы, мы высаджваем іх на сваіх падворках, прысядзібных участках. Між іншым наступствы такога безадказнага стаўлення могуць быць вельмі сумнымі. І гэта ўжо паспеў даказаць адзін з самых злосных «агрэсараў» — баршчэўнік Сасноўскага.  

 Баршчэўнік Сасноўскага — спыніць распаўсюджванне!
Праблема яго распаўсюджвання стаіць на Сенненшчыне найбольш востра. Расліна — пастаянны галаўны боль і клопат спецыялістаў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кіраўніцтва раёна.
Тэма не раз абмяркоўвалася і ў сродках масавай інфармацыі, і на пасяджэннях у райвыканкаме. Па словах начальніка райінспекцыі Аляксандра Якубовіча, некалькі апошніх гадоў праводзіцца абследаванне тэрыторыі раёна на выяўленне месцаў распаўсюджвання расліны. Асабліва шмат яе ў населеных пунктах Беліцкага і Багданаўскага сельсаветаў. Агульная плошча, якую займае баршчэўнік Сасноўскага ў Сенненскім раёне, складае прыкладна 29 га. Гэта адносна невялікая тэрыторыя ў параўнанні з іншымі раёнамі, дзе баршчэўнік запаланіў больш за 100 га. Аднак варта згадаць, што расліна шырокімі крокамі «ідзе» ў райцэнтр: ладныя ўчасткі баршчэўніку можна бачыць каля парку 40-годдзя Перамогі, асобныя экзэмпляры растуць ля адміністрацыйнага будынка Сенненскай ПМС, на газоне па вуліцы Кастрычніцкай. Адкуль узялося ў Сянне гэтае ліха? Чаму не прымаюцца ніякія меры?
На думку Аляксандра Васільевіча, насенне злоснай расліны ў Сянне з’явілася разам з прывезенай на агароды гараджан зямлёй. Насенне баршчэўніку лёгка распаўсюджваецца ветрам, вадой, заносіцца з коламі транспарту, на трымерах.
Па даных раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у маі бягучага года ўсім кіраўнікам прадпрыемстваў, сельгасарганізацый раёна былі адасланы прадпісанні аб правядзенні адпаведных мерапрыемстваў па знішчэнні баршчэўніку Сасноўскага на сваіх тэрыторыях.  Некаторыя абавязаныя не пазбегнулі штрафаў  за іх ігнараванне. У прыватнасці, штрафы атрымалі галоўныя аграномы ААТ «Сінягорскае» і  УП «Саўгас імя Данукалава», намеснік дырэктара па эксплуатацыі  меліярацыйных сістэм Сенненскай ПМС.
Тым не менш, станоўчыя зрухі ўсё ж такі ёсць: месца былога ссечанага саду ў аграрадку Полымя, які патанаў у баршчэўніку, засеялі кукурузай. «Каралева палёў» цалкам выцесніла злосную расліну.
Небяспечнасць баршчэўніку Сасноўскага не толькі ў тым, што ён актыўна выцясняе мясцовыя віды раслін. Трэба памятаць, што расліна валодае абпальваючымі ўласцівасцямі. Пры пападанні на скуру чалавека соку баршчэўніку і пры наступным апраменьванні гэтага ўчастка цела сонечным светам узнікаюць дэрматыты, што працякаюць па тыпу апёкаў 1-й, 2-й і, нават, 3-й ступені.

Ірына ГАРБАЧОВА.
(Працяг будзе).