Па «зялёным» маршруце

ecologoРэспубліканскі экалагічны форум вядзе свой адлік с 2003 года. Асноўныя яго задачы — прапаганда беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем навакольнага асяроддзя. Сёлета «зялёнай» сталіцай фіналу ХІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму стаў горад Бабруйск Магілёўскай вобласці.

Стартаваў форум яшчэ ў красавіку. За гэты час было арганізавана шмат акцый, фестываляў, канферэнцый, конкурсаў экалагічнай накіраванасці. Іх пераможцы, а таксама людзі, якія ўнеслі асаблівы ўклад у ахову навакольнага асяроддзя, былі ўзнагароджаны на цырымоніях адкрыцця і закрыцця форуму. Дарэчы, удзел у ім прынялі больш за пяцьсот чалавек: дэлегацыі прыродаахоўных службаў Рэспублікі Беларусь, краін СНД і іншых дзяржаў, прадстаўнікі СМІ, грамадскіх аб’яднанняў і інш. У дэлегацыю Віцебскай вобласці патрапіў і галоўны «зялёны» Сенненшчыны — Аляксандр Якубовіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Аляксандр Васільевіч, вы ўдзельнічаеце ў Рэспубліканскім  экалагічным форуме не першы раз. Летась мерапрыемствы прайшлі ў Маладзечне. Чым адрозніваўся форум у Бабруйску?
— Праграма сёлетняга форуму была вельмі насычанай. Аднак Х Рэспубліканскі экалагічны форум у Маладзечне, на мой погляд, быў больш маштабным. Верагодна, гэта звязана з юбілейнай датай яго правядзення.
 — Раскажыце пра ваш «зялёны» маршрут, праграму сёлетняга форуму.
— Першым пунктам прыпынку стаў аграгарадок Александрыя, дзе віцебская дэлегацыя «зялёных» азнаёмілася з добраўпарадкаваннем, з работай міні-ГЭС і фарэлевай гаспадаркі ААТ «Александрыйскае» на рацэ Ульянка. Другі дзень праходзіў непасрэдна ў «зялёнай» сталіцы. На плошчы Перамогі Бабруйска ўдзельнікі форуму ўсклалі вянкі да помніка генералу Б.С.Бахараву. У гады Вялікай Айчыннай вайны сярод вайсковых злучэнняў, адзначаных у Бабруйскай наступальнай аперацыі, быў 9-ты танкавы корпус пад камандаваннем генерал-маёра Б.С.Бахарава. Потым адбылося шэсце дэлегацый па вуліцах горада і, канешне, урачыстая цырымонія адкрыцця экалагічнага форуму. У ліку найбольш цікавых падзей — выстава «Сучасныя тэхналогіі ў вобласці рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя», персанальная экспазіцыя фотамастака В.І.Алешкі «Прыроды цудоўныя імгненні». Дэлегацыя пабывала і ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага. У «зялёны» маршрут увайшло наведванне біягазавай устаноўкі СВК «Рассвет» у вёсцы Мышкавічы.
 — Арганізатары называюць форум «святам працы». Акрамя розных мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, чым карысны быў форум для яго ўдзельнікаў і, увогуле, для экалогіі?
— Прадстаўнікі дэлегацыі ўдзельнічалі ў пасадцы алей, зарыбленні ўчастка ракі Бярэзіна маляўкамі сцерлядзі. Наведалі палі сушкі лігніну  (каштоўная хімічная сыравіна, якая выкарыстоўваецца ў шматлікіх вытворчасцях і ў медыцыне), паназіралі за здабычай, азнаёміліся з выкарыстаннем у лячэбных мэтах мінеральнай вады ў санаторыі імя Леніна. Несумненна, не засталіся ў цені і пытанні, якія тычацца рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, энергазберажэння, пераапрацоўкі другаснай сыравіны.
Як правіла, у форуме прымаюць удзел аўтарытэтныя вучоныя, дыпламаты, прадстаўнікі міжнародных і грамадскіх арганізацый, замежныя госці, што дае добрую магчымасць для «зялёных» абмяняцца меркаваннямі, вопытам па актуальных праблемах. Тым больш, што гэта свята дапамагае прыцягнуць увагу да прыродаахоўных пытанняў шырокіх слаёў насельніцтва.

Гутарыла
Ірына ГАРБАЧОВА.