Ля Галоўска кукуруза пад тры метры
На сенненшчыне працягваецца нарыхтоўка кармоў. На парадку дня — уборка кукурузы, якая сёлета пасеяна на плошчы 5500 гектараў, у тым ліку ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» — на 680.
корманарыхтоўчае звяно акцыянернага таварыства да нарыхтоўкі сіласу прыступіла першым у раёне. Са 195 гектараў валавы збор зялёнай масы склаў 4488 тон, сярэдняя ўраджайнасць з гектара — амаль 250 цэнтнераў. Асабліва добры ўраджай кукурузы даюць меліярыраваныя палеткі ля вёскі Галоўск.
Закладка сіласу вядзецца непасрэдна ля ферм, у сіласныя траншэі. На кожную адводзіцца не больш двух-трох дзён. Пры пастаяннай трамбоўцы гэта гарантуе высокую якасць кармоў, пажыўнасць сіласу забяспечваецца поўным выспяваннем зерня.
— Пасля сіласавання сумесь здробненай зялёнай масы і зерня добра засвойваецца жывёлай, мае высокую энергетычную каштоўнасць, — тлумачыць Іосіф Свістуноў, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». — Летась, каб атрымаць зерне, частку кукурузы мы абмалацілі. Але пры такім падыходзе да ўборкі зялёная маса на корм не выкарыстоўваецца.
У склад звяна, занятага на ўборцы кукурузы, уваходзіць кормаўборачны камбайн «Ягуар» і некалькі транспартных адзінак (пераважна аўтамабіляў), у залежнасці ад адлегласці, на якую даводзіцца перавозіць зялёную масу. Камбайнам кіруе Пётр Агееў. Механізатар штогод дабіваецца высокай выпрацоўкі, не раз станавіўся пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў, прымаў удзел у рэспубліканскіх «Дажынках». Нягледзячы на паважаны ўзрост машыны, механізатару і сёлета ўдалося адпрацаваць на камбайне без сур’ёзных паломак і запісаць на свой рахунак больш 34000 тон зялёнай масы. У працалюбстве не саступаюць яму Валерый Окунь і Яўген Міхалёнак, якія заняты на адвозцы. Валера некалі нават меў уласную справу, займаўся грузаперавозкамі. Яўген, дзе б не працаваў, заўжды імкнецца быць у лідарах. А таму іх аўтамабілі без перапынку снуюць паміж полем і месцам закладкі сіласу. У выніку кормаўборачны камбайн не ведае прастою.
Перад пачаткам уборкі кукурузы ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама арганізавала для кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак вучобу. Семінар прайшоў на базе ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: уборка кукурузы на сілас ля вёскі Галоўск;
Валерый Окунь: вось яна якая — «царыца палёў».
Фота аўтара.