Рыхтуем паліва

toporЗ пачаткам восені на прыватных падворках усё часцей можна ўбачыць груды бярвення. Зіма не за гарамі, і сенненцы актыўна нарыхтоўваюць паліўны матэрыял — дровы, торфабрыкет.

Паслугі гаспадарам прыватных домаўладанняў і многім арганізацыям нашага раёна па забеспячэнні палівам аказваюць пераважна два прадпрыемствы — Сенненскі філіял УП «Віцебскаблпаліва» і ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».
Апошняе прадастаўляе магчымасць набыць як гатовыя дровы, так і нарыхтаваць іх самастойна. Апошні спосаб, між іншым, самы танны. Згодна з пастановай Саўміна РБ ад 20 снежня 2012 года №1178 «Аб зацвярджэнні такс на драўніну асноўных лясных парод, што адпускаецца на карані ў 2013 годзе» прыкладны кошт аднаго кубаметра дроў складзе: сасна — Br890, елка — Br800, дуб, ясень і клён — Br1520, бяроза — Br1410, асіна — Br200.
Для саманарыхтоўкі грамадзянін павінен звярнуцца ў лясніцтва па месцы пражывання з пісьмовай заявай.  Напрацягу 10 дзён робіцца адвод участка і выпісваецца ордэр з указаннем тэрмінаў нарыхтоўкі і вывазкі.
За гатовыя дровы выкласці прыйдзецца больш. Як паведамілі ў эканамічным аддзеле ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», згодна нормы водпуску, устаноўленай на бягучы год пастановай Саўміна РБ №1028 ад 9 лістапада 2012 года, на адно домаўладанне выдзяляецца 4,9 метраў кубічных паліўнай драўніны па Br20000-26000 за 1 м3. За кожны кубаметр звыш таго давядзецца заплаціць ужо ад 60 да 63 тысяч. Плюс выдаткі за дастаўку драўніны «лясгасаўскім» транспартам (можна ажыццявіць вывазку і на сваім) — каля Br136 000 за гадзіну работы.
Па інфармацыі ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», за 7 месяцаў бягучага года прадпрыемства рэалізавала насельніцтву 4306 метраў кубічных драўніны.
Сенненскім філіялам УП «Віцебскаблпаліва» на 1 верасня насельніцтву і арганізацыям рэалізавана адпаведна дроў — 4532 і 920 метраў кубічных, торфабрыкету — 1643 і 323 тоны. Дрывяным палівам забяспечана 925 домаўладанняў, брыкетам — 500. На чарзе для атрымання дроў і брыкету знаходзіцца 536 і адпаведна 179 чалавек.
Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Сыраваткін запэўнівае, без паліва ніхто не застанецца. Пры гэтым ён не хавае, што пэўныя затрымкі з пастаўкай паліва ўзнікаюць. Так, торфабрыкет пастаўляецца нават з апераджэннем графіку, тады як з дровамі філіял падводзіць «Багушэўскі лясгас»: з гадавога плана ў 3800 метраў кубічных пастаўлена ўсяго 1426 м3 драўніны. Яшчэ 4700 м3 дроў прадастаўляе ААТ «Віцебсклес». З іх філіялам ужо выбрана і вывезена 3994 м3.
Цана на паліва фіксаваная рашэннем Віцебскага аблвыканкама  №415 ад 5.07.2013 года  і складае Br48 700 за 1 м3 дроў і Br148 600 за тону торфабрыкету. Акрамя дастаўкі паліва, філіял аказвае паслугі па распілоўцы і колцы драўніны па кошце за 1 кубаметр Br37 550 і Br25 590 адпаведна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.