Тут адкрываюць таленты

IMG_0647_ З 2 па 9 верасня ў нашай краіне праходзіць рэспубліканскі Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. Яго мэта — шырокае прыцягненне дзяцей і падлеткаў да заняткаў у гуртках, студыях і іншых аб’яднаннях па інтарэсах. У рамках Тыдня праводзяцца дні адчыненых дзвярэй, пазнавальна-забаўляльныя праграмы, майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі, выставы творчых прац навучэнцаў, экскурсіі, дабрачынныя акцыі.

На днях юных сенненцаў запрасіў да сябе і Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У час музычна-забаўляльнай праграмы яе ўдзельнікі, якімі сталі школьнікі, іх бацькі і настаўнікі, адправіліся ў марское плаванне разам з капітанам Врунгелем і яго памочнікам, ролі якіх выконвалі педагогі цэнтра Анастасія Таненя і Таццяна Пучкова. Цікавыя конкурсы, музычна-танцавальныя размінкі падрыхтавалі арганізатары мерапрыемства для сваіх гасцей. Акрамя таго, дзеці пабывалі на майстар-класах гурткоў «Лялечны», «Залатая саломка», «Кераміка», «Тэатральная майстэрня», «Судамакетаванне» і іншых. Заняткі ва ўстановах дадатковай адукацыі не толькі развіваюць творчыя здольнасці ў дзяцей. Многім яны далі пуцёўку ў жыццё.IMG_0651_
«Каб дапамагчы дзіцяці знайсці сябе, адной школы мала, неабходна дадатковая адукацыя. Галоўнае, не страціць час, развіваць здольнасці трэба як мага раней», — упэўнены Таццяна Рыгораўна і Дзмітрый Мікалаевіч — бацькі Арыны Далгой, выхаванкі аб’яднання па інтарэсах «Вакаліна», юнай спявачкі, вядучай шматлікіх праграм раённай установы дадатковай адукацыі, дыпламанта абласных і занальных конкурсаў. Дзяўчынка наведвае цэнтр дзяцей і моладзі восем гадоў і за гэты час паспела ўжо вызначыцца наконт будучай прафесіі. Сцэна для яе стала, як кажуць, родным домам.
Большасць бацькоў, занятых цэлы дзень на працы, хвалюе агульнае пытанне: як дзіцяці з карысцю правесці вольны час, у час якога сыночкі і дачушкі змаглі б не толькі адпачыць ад школы, але і адкрыць для сябе штосьці новае, пашырыць кругагляд, набыць больш сяброў, атрымаць зарад станоўчых эмоцый?
«Прыходзьце ў Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі,» — заклікае Валянціна Каржыцкая, дырэктар цэнтра. — Тут дапамогуць дзіцяці выбраць занятак па душы».
Інфармацыю пра ўсе гурткі, што дзейнічаюць у цэнтры, можна знайсці на афіцыйнай старонцы Сенненскага РЦДіМ, размешчанай на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.