Раўненне на ВДМС

Сёлетняе жніво Віцебская доследна-меліярацыйная станцыя правяла ў лідэрах. Прычым літаральна па ўсіх паказчыках. У ліку першых тут скончылі ўборку зерневых. Ды і па ўраджайнасці —  30,8 цэнтнера з гектара —  самы высокі паказчык у раёне. На днях калектыў гаспадаркі прымаў віншаванні з нагоды чарговай працоўнай перамогі. ВДМС першай у раёне выканала дзяржаўны заказ па пастаўцы зерня ў колькасці 240 тон.

 Дзеля прыемнай віншавальнай місіі ў Багданавазавіталі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Сабыніч і начальнік аддзела  ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца.

 Перад усім калектывам Генадзь Сабыніч уручыў кіраўніку ВДМС Валерыю Кучко Падзяку за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Эдуарда Герасіменкі: «Вы дабіліся чарговага дасягнення на хлебнай ніве, а гэта кажа пра Вашы стараннасць  і ўменне працаваць на карысць нашага раёна. Жадаю Вам і ў далейшым з годнасцю выконваць пастаўленыя задачы, а таксама здароўя, шчасця, дабрабыту, добрага настрою і новых працоўных перамог!»

 Да пажаданняў, выказаных у Падзяцы, далучыліся і госці. Генадзь Сабыніч падкрэсліў, што тут працуюць сапраўды высакакласныя спецыялісты. Гаспадарка заўсёды была  флагманам сярод сельгас­прад­прыемстваў Сеннен­шчы­ны. Усе імкнуцца раўняцца на ВДМС. Утрымаць лідэр­скія пазіцыі — вось, напэўна, галоўная задача на будучыню для працоўнага калектыву. У сваю чаргу, дырэктар гаспадаркі падзякаваў кіраўніцтву раёна за тыя ўвагу і дапамогу, што аказваюцца станцыі. «Пастаўка хлеба дзяржаве — гэта святое для нас! Мы будзем і надалей выконваць усе свае абавязацельствы», — сказаў Валерый Кучко.           

 Дарэчы, азнаёміцца з тэкстам Падзякі зможа кожны работнік ВДМС, а таксама кліенты станцыі, якія прыязджаюць сюды за насеннем. Яна заняла прыметнае месца на вытворчай Дошцы гонару.

Вольга Бандарэвіч.

 Фота аўтара.