У памяці землякоў назаўжды

 IMG_0587_У  канцы мінулага месяца ў Багушэўску, на доме №2, што па вуліцы Дзяржынскага, з’явілася мемарыяльная дошка, якая сведчыць — тут жыў Аляксандр Марфіцкі, палкоўнік ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь, лётчык-снайпер. Разам з Аляксандрам Жураўлевічам 30 жніўня 2009 года ён загінуў у польскім горадзе Радаме пры выкананні паказальных палётаў на міжнародным авіяшоу. Цаною сваіх жыццяў беларускія лётчыкі ўратавалі дзясяткі, сотні людзей, што сабраліся, каб паназіраць за паказальнымі выступленнямі экіпажаў ваенных самалётаў з многіх краін свету.

N124r

выступае Леанід Шастоўскі

N126r

перад цырымоніяй адкрыцця памятнай дошкі на доме, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр Марфіцкі

IMG_0530c

выступае Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар РК КПБ

Сенненцы помняць подзвіг свайго земляка. Памятная дошка на доме №2 — не першы знак у гонар Аляксандра Марфіцкага. У СШ №2 Багушэўска ёсць піянерскі атрад, які носіць яго імя. У парку гарадскога пасёлка ў памяць аб героі ўсталявана крыло самалёта. Ініцыятыва размясціць памятную дошку належыць сенненскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Яе падтрымаў райвыканкам.
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота, іншыя прадстаўнікі раённай і пасялковай улады,  Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар РК КПБ, сястра лётчыка-героя Ада Лемех, Леанід Шастоўскі, настаўнік фізікі, які вучыў у школе Аляксандра Марфіцкага, Сяргей Пінчук, раённы ваенны камісар, былыя лётчыкі, афіцэры ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь у адстаўцы Аляксандр Стук і Алег Шумкоў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі, шматлікія багушэўцы. Для большасці з іх удзел у мерапрыемстве быў не дзяжурнай цырымоніяй, не толькі абавязкам, але гонарам.

N123r

ганаровая варта ля роднага дома героя-лётчыка

Гонарам дакрануцца да подзвіга. здзейсненага свядома, упэўнены Аляксандр Стук і Алег Шумкоў. Яны ведаюць напэўна: з самалёта

СУ-27, які пілатавалі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, можна было катапультавацца нават  з нулявой адзнакі. Лётчыкі не зрабілі гэтага, бо да канца выконвалі свой абавязак — бараніць ад смерці іншых.
З гатоўнасцю абараняць іншых Аляксандр Марфіцкі нарадзіўся, упэўнены тыя, хто яго ведаў з дзяцінства. Гэтыя яго рыса, яго існасць праяўляліся на ўзроўні падсвядомасці, адыгралі вырашальную ролю ў крытычны момант.
На нядаўняй сесіі Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў прынята рашэнне назваць імем Аляксандра Марфіцкага адну з вуліц населенага пункта.

Наш кар.