Опер з душой мастака

Фарбы, нацюрморты, пленэры… Некалькі гадоў назад жывапіс для Дзмітрыя Беразнева, начальніка аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Сенненскага раёна, займаў большую частку яго жыцця.

IMG_4972_Хлопец з дзяцінства добра маляваў. Узяўшы аловак, альбо пэндзаль у рукі,  без асаблівага намагання ствараў неблагія рэчы. У Сенненскай СШ №1, дзе ён вучыўся, набіралі клас з мастацкім ухілам. Менавіта ў «мастакі» і пайшоў Дзмітрый. «Я больш нічога не ўмеў, — сёння жартуе ён. — А маляваць падабалася». У выпускным класе хлопец вырашыў, што будзе паступаць на мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава.
Сёння, азіраючыся назад, ён не шкадуе, што паставіў кропку на кар’еры настаўніка чарчэння і працы. Пасля ўніверсітэта, адпрацаваўшы паўгода па спецыяльнасці ў Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі, пайшоў у армію.
У РАУС пачынаў з пасады ўчастковага інспектара, праз паўгода перавёўся ў аддзяленне крымінальнага вышуку. Ад оперупаўнаважанага даслужыўся да начальніка аддзялення.
Мастакі — людзі з асаблівым бачаннем свету, з ранімай душой. Калі і адыходзяць ад творчасці, то аддаюць перавагу занятку з меншай псіхалагічнай і фізічнай нагрузкай. З Дзмітрыем атрымалася наадварот. Рамантык у душы і ў той жа час строгі да рэчаіснасці, ён арганічна спалучае ў сабе гэтыя якасці.
Працу ў міліцыі часта называюць «бруднай», бо даводзіцца мець справу з людзьмі, якія пераступілі праз рысу закона. «У той жа час, гэта высакародная справа. Хай, без усялякіх упрыгажэнняў, светлых фарбаў і плаўных ліній, — разважае малады чалавек. — Асноўная мэта тых, хто стаіць на варце закона, — засцерагчы людзей ад супрацьпраўных дзеянняў і адначасова праз прафілактычную работу дапамагчы тым, хто аднойчы спатыкнуўся. Чым менш будзе злачыннасці, тым лепшай будзе крымінагенная абстаноўка ў раёне».
У міліцыянера на сям’ю і дом часу практычна не застаецца. Не ўсякі можа і вытрымаць такі рэжым жыцця. Для Дзмітрыя гэты аспект таксама самы вялікі мінус у працы. Да ўсяго астатняга прывыкнуць можна, прызнаецца ён. І да дзяжурстваў, і да сарваных выхадных, і да хамскіх адносін з боку тых, каму дапамагаеш, і тых, каго затрымліваеш.
Сям’я Дзмітрыя — любячыя жонка Алена і трохгадовы сынок Назар. Яны, як бы складана, а часам і крыўдна не было за неадкладныя выклікі Дзмітрыя на працу, заўсёды зразумеюць, падтрымаюць і з нецярпеннем будуць чакаць яго вяртання дамоў.
А на пытанне, ці малюе ён для сваёй сям’і, Дзмітрый шчыра адказаў: «На сур’ёзныя карціны няма часу».
Захапленне маляваннем адышло на задні план, аднак якасці мастака засталіся: спакойны голас, пільны погляд, паважлівыя адносіны да субяседніка. Апроч таго, мастацкі густ, выхаваны на працягу некалькіх гадоў, уменне многае рабіць уласнымі рукамі таксама засталіся. Гэта дапамагае Дзмітрыю ў будаўніцтве свайго дома, які вылучаецца планіроўкай, асаблівым дызайнерскім падыходам да афармлення пакоеў.
Сёння малады чалавек бярэцца за пэндзаль, каб навучыць сына азам мастацкай справы. А  калі трапляе ў рукі аловак, не ўпусціць хвіліны, каб намаляваць шарж на любімую жонку.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.