Чытанне для душы і для ведаў

 IMG_9878_Ад кніжных паліц вочы разбягаюцца. Яркія, маляўнічыя выданні з першых хвілін зачароўваюць усіх, хто ўваходзіць у чытальную залу раённай дзіцячай бібліятэкі.

Вось і чацвёртакласніцы СШ № 2 г.Сянно Ліза і Насця (на здымку) не могуць адарвацца ад кніжак, з задавальненнем разглядаюць бліскучыя вокладкі, пераплёты, гартаюць новенькія, з пахам друкарскай фарбы, старонкі. Ім пашчасціла стаць першымі, хоць і часовымі, уладальніцамі кніжнага скарбу. Між іншым, дзяўчынкі прызнаныя лепшымі чытачамі 2012 года раённай дзіцячай бібліятэкі. Тут яны бываюць кожны дзень і запрашаюць акунуцца ў дзіўны свет кніг усіх хлопчыкаў і дзяўчынак Сенненшчыны.
Супрацоўнікі бібліятэкі не хаваюць радасці ад колькасці і, галоўнае, якасці дзіцячай літаратуры, што сёлета папоўніла кніжны фонд установы. Толькі за ліпень —жнівень бібліятэка атрымала 210 выданняў. А ўсяго з пачатку года сюды паступіла больш за 430 асобнікаў.
Сярод іх мастацкая літаратура, у тым ліку перавыдадзеныя творы сусветна вядомых дзіцячых пісьменнікаў, казкі, творы сучасных аўтараў. Асабліва шмат, адзначылі ў бібліятэцы, пазнавальнай літаратуры — розных энцыклапедый, даведнікаў. Уся кніжная прадукцыя выдадзеная ў лепшых выдавецтвах Беларусі і Расіі.
Каб маленькія наведвальнікі і іх бацькі змаглі пазнаёміцца з навінкамі, у бібліятэцы спецыяльна арганізавалі выставу. Па запрашэнні бібліятэкараў яе наведалі і выхаванцы дзіцячых садоў райцэнтра.
У хуткім часе юных сенненцаў чакае яшчэ адзін сюрпрыз ад калектыву ўстановы. Бібліятэчны лялечны тэатр «Пятрушка» рыхтуе для іх новы спектакль «Лясныя сябры».

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА