Маладыя не «зялёныя»

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКанстанцін Мяцеліца і Антон Маргаўцоў, якія працуюць на зернеўборачным камбайне КЗС-1218 у ПП «Дружбінец», намалацілі 1000 тон зерня і сталі трэцім экіпажам-тысячнікам у прадпрыемстве, шостым — у раёне.

Працоўная перамога тым больш заслугоўвае грамадскай увагі, што хлопцы ў гаспадарцы стала не працуюць: Канстанцін — студэнт 5-га курса Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Антон вучыцца ў Гарадоцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы. Такі вось адпачынак на час канікулаў яны выбралі. Для Канстанціна — гэта ўжо традыцыя. Сёлетняе жніво за штурвалам камбайна для хлопца сёмае па ліку. Першыя азы хлебаробскай навукі спасцігаў яшчэ школьнікам, што ў рэшце-рэшт  вызначыла  і выбар навучальнай установы, і выбар прафесіі.
Поспех моладзевага экіпажа заўважылі не толькі раённыя ўлады, адміністрацыя і прафсаюзная арганізацыя прыватнага прадпрыемства. Павіншаваць з працоўнай перамогай  маладых камбайнераў прыехалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Белая русь» на чале з Таццянай Гарнак, якая ўзначальвае раённую арганізацыю, а таксама Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яны ўручылі маладым механізатарам падарункі, у адрас хлопцаў прагучала шмат цёплых слоў. Было выказана спадзяванне бачыць іх пасля заканчэння навучальных устаноў у шэрагах сенненскіх хлебаробаў.
Дарэчы, ГА «Белая русь» апошнім часам даволі актыўна заяўляе пра сябе на Сенненшчыне. Сярод апошніх запамінальных акцый — падтрымка раённай арганізацыяй маладых сем’яў, якія прымалі ўдзел у першым этапе конкурса «Валадар сяла», дапамога дзецям са шматдзетных сем’яў напярэдадні новага навучальнага года.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.