Урад гарантуе насельніцтву кампенсацыю страт у сувязі з забоем свіней з-за АЧС

 main1198Аб гэтым заявіў па выніках нарады ў Прэзідэнта віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Што датычыцца кампенсацыі людзям, то ўсё будзе выплачана. Я як кіраўнік штаба ставіў задачу: на працягу двух тыдняў з дня адабрання або продажу свіней павінен быць праведзены разлік з чалавекам», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, аплата праводзіцца па цане большай за Br18 тыс. за кілаграм жывой вагі, насельніцтву поўнасцю кампенсуюцца ўсе затраты. Міхаіл Русы расказаў, што ў буферных зонах насельніцтва мае права або самастойна забіваць здаровую жывёлу і ўжываць у ежу, або пры жаданні аддаваць па закупачных цэнах на мясакамбінаты.
Як адзначыў віцэ-прэм’ер, у насельніцтва ўзнікалі пытанні з кампенсацыяй па нетэхналагічнай групе, гэта значыць тых катэгорыях жывёл, якія мясакамбінаты не перапрацоўваюць. Міхаіл Русы падкрэсліў, што ў аблвыканкамах знойдзена рашэнне гэтай праблемы. «Дапусцім, што датычыцца свіней вагой ніжэйшай за 30 кг, то насельніцтву выплачваюць ад Br600 тыс. да Br1 млн за галаву, і гэта дастатковая сума, каб кампенсаваць затраты чалавеку», — сказаў ён.
У той жа час Міхаіл Русы прызнаў, што месцамі «ёсць тапорная работа, калі недзе не растлумачылі, а ўрываліся».
Віцэ-прэм’ер у сваю чаргу папрасіў у насельніцтва, каб людзі таксама з разуменнем ставіліся да сітуацыі і ў тых рэгіёнах, дзе гэта неабходна, прымалі меры па недапушчэнні распаўсюджвання АЧС, выконвалі ўсе санітарныя нормы на падворках.
Урад Беларусі па даручэнні Прэзідэнта на працягу тыдня мае намер распрацаваць шэраг мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць насельніцтву, вымушанаму пазбавіцца ад свіней у сувязі з АЧС, у льготным парадку набываць іншую жывёлу.
«Ці гэта будзе буйная рагатая жывёла, ці авечкі, ці гусі, ці качкі — мы прапрацуем усе пытанні і ў цэнавых адносінах, і ў плане кармоў, пастаўкі камбікорму, калі чалавек хоча мець дадатковыя крыніцы паступленняў у свой бюджэт», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Міхаіл Русы лічыць, што і для невялікіх свінагадоўчых комплексаў у выпадку, калі няма неабходнай біялагічнай абароны, больш эфектыўна правесці пераспецыялізацыю, перайсці на вырошчванне іншага, эканамічна выгаднага віду жывёл.

Утрымліваць жывёлу дазволяць не раней як праз 6 месяцаў

Ачагі афрыканскай чумы свіней выяўлены ўжо ў некалькіх рэгіёнах нашай краіны, у тым ліку на Віцебшчыне. Вірус не адступіць, калі з ім не змагацца.

Інфіцыраваныя кармы — не адзінкавы шлях распаўсюджвання АЧС. Вірус можа перадавацца, да прыкладу, праз дзікіх свіней. І яшчэ адзін шлях распаўсюджвання — звычайная безгаспадарчасць. Выкарыстанне хатніх адходаў з кухні ў якасці корму таксама прыводзіць да распаўсюджвання хваробы.
Сам па сабе вірус не ўстойлівы: 10 хвілін уздзеяння тэмпературы ў 60 С0  — і ён гіне. Да таго ж вірус не ўяўляе небяспекі для чалавека. Але жывёлагадоўлі можа нанесці сур’ёзны ўрон. Галоўным і самым дзейсным спосабам барацьбы з АЧС з’яўляецца хуткая і поўная ліквідацыя пагалоўя свіней як у буйных сельгаспрадпрыемствах, так і на прыватных падворках, калі яны знаходзяцца на тэрыторыі небяспечнай па АЧС. У такую зону патрапіў і Сенненскі раён. Таму, у адпаведнасці з ветэрынарна-санітарнымі правіламі барацьбы з афрыканскай чумой свіней, усё пагалоўе, у тым ліку з асабістых падворкаў, будзе забірацца.
Ва ўрадзе працуе аператыўны штаб, якім вызначаны першачарговыя меры барацьбы з вірусамі, а таксама памеры фінансавай кампенсацыі людзям за страту жывёлы. За кілаграм жывой вагі свінні сёння выплачваецца больш за 18 тыс. рублёў. Але толькі ў тым выпадку, пакуль жывёла не захварэла. З хворымі свіннямі давядзецца растацца бясплатна.
Жыхарам Сенненскага раёна не рэкамендуецца купляць свіней для  далейшай іх гадоўлі. Верагоднасць распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней застаецца высокай. Забарона на ўтрыманне свіней будзе дзейнічаць як мінімум 6 месяцаў, пасля поўнай ліквідацыі пагалоўя. Калі канкрэтна можна будзе набываць жывёлу будзе паведамлена дадаткова праз сродкі масавай інфармацыі. Дзеля будучыні давядзецца ахвяраваць — сёння выбару няма.

Алена МЯЛЕШКА,
намеснік галоўнага ўрача Сенненскай райветстанцыі.