Аб хлебе надзённым і хлебе духоўным

Сенненская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа працуе з 1954 года. За гэты час з ліку яе выхаванцаў падрыхтаваны 1 заслужаны майстар спорту, 4 майстры спорту міжнароднага класу, 28 майстроў спорту. Дзякуючы дасягненням вучэбна-спартыўная ўстанова атрымала статус спецыялізаванай у падрыхтоўцы біятланістаў, барцоў грэка-рымскага стылю і лёгкаатлетаў. Значныя дасягненні маюць і тэнісісты. За апошнія гады два выхаванцы аддзялення атрымалі званне кандыдатаў у майстры спорту.

Тым не менш, на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта абмяркоўвалася дзейнасць СДЮШАР. Было адзначана, што да заняткаў спортам  шырока прыцягваюцца дзеці аграгарадкоў. Спартыўная школа мае цесныя кантакты з агульнаадукацыйнымі школамі. Вынікам супрацоўніцтва сталі прызавыя месцы зборнай каманды школьнікаў раёна на абласных спаборніцтвах.

РЦГЭ г.СянноШкольнікі Сенненшчыны паспяхова выступаюць у рэспубліканскіх масавых спаборніцтвах. Тым не менш, у час абмеркавання работы спартыўнай школы старшыня райвыканкама Віктар Цапота выказаў патрабаванні наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з багушэўскімі агульнаадукацыйнымі школамі, дзе сканцэнтравана даволі вялікая колькасць дзяцей.
У апошнія гады актыўна прымаюцца меры па ўмацаванні матэрыяльна-спартыўнай базы ўстановы, што праследжваецца не толькі ў набыцці спартыўнага інвентару. Зроблены рамонт даху ФАКа, рыхтуецца каштарысна-праектная дакументацыя на яго капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Завяршаецца капітальны рамонт залы грэка-рымскай барацьбы. Для спартыўнай школы набыты будынак па вуліцы Чырвоны Кастрычнік, што ў Сянне, дзе некалі працаваў кулінарны цэх райспажыўтаварыства. Мяркуецца, што ён будзе рэканструяваны пад біятлонную базу.
Каб здзейсніць усё запланаванае, трэба прыкласці нямала намаганняў. Тым больш, што асноўная частка фінансаў выдаткоўваецца праз абласныя структуры.
Не менш вострую дыскусію выклікала інфармацыя начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Мяцеліцы аб рабоце, што праводзіцца ў раёне па рэалізацыі Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уваходзіць 20 аб’ектаў, што размешчаны на тэрыторыі раёна, у тым ліку 4 помнікі архітэктуры. Найбольшую гістарычную значнасць мае комплекс гаспадарчых пабудоў былой сядзібы «Беліца», што ў вёсцы Полымя. Яна вядома з 1551 года. Апошнімі ўласнікамі сядзібы былі Свяцкія. Пры іх «Беліца» стала цэнтрам, дзе працаваў бровар, укараняліся новыя тэхналогіі ў сельскагаспадарчую вытворчасць. Зараз большасць будынкаў комплексу знаходзіцца ў аварыйным стане. Каб іх захаваць, патрэбна кансервацыя і рэстаўрацыя. Уласнікамі комплексу з’яўляюцца замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белф’ючэрс» і Беліцкі сельвыканкам. Работы па кансервацыі будынкаў спынены.
У такім жа  стане знаходзіцца комплекс пабудоў былой паштовай станцыі ў вёсцы Паграбёнка. Больш таго, на аб’ект няма праваўстаноўчых дакументаў, што выключае магчымасць перадачы іх суб’ектам гаспадарання. IMG_8966_
Астатнія два аб’екты — будынак былой земскай управы, у якім зараз размяшчаецца Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей, і будынак былой пажарнай часці (РЦГЭ) — знаходзяцца ў добрым стане. Ім не пагражае разбурэнне. Работы, што перыядычна праводзяцца ўнутры будынкаў, узгадняюцца з Міністэрствам культуры.
Нічога не пагражае і помнікам гісторыі і археалогіі. Праўда, на аб’ектах археалогіі няма ахоўных знакаў.
У будучым колькасць аб’ектаў, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, павялічыцца. Летась падрыхтаваны і накіраваны пакет дакументаў, каб надаць неабходны статус будынку былога кляштара манахаў-францысканцаў, сёлета — былога склада, дзе вялася ачыстка спірта-сырца. Абодва аб’екты знаходзяцца ў Сянне.
Прапаноўваецца асобы статус надаць вуліцы Камсамольскай райцэнтра. На ёй захаваўся старажытны брук, выява вуліцы занатавана на палатне вядомага беларускага мастака Напалеона Орды «Сянно. 1877 г.». Тым больш, што нядаўна вуліца ўключана ў распрацаваны экскурсійны маршрут, які праходзіць па райцэнтры. Некалі, спускаючыся па гэтай вуліцы, гараджане і госці траплялі да замка, на пад’ёме вуліца выходзіла да касцёла.
Ініцыятыва варта ўвагі і падтрымкі не толькі ўлад, але і грамадскасці. Пры гэтым, лагічна было б не толькі правесці рэканструкцыю бруку. Вуліцы трэба вярнуць яе гістарычную назву. І пашырыць спіс аб’ектаў па ўсім раёне, якія ўяўляюць з сябе гісторыка-культурную каштоўнасць. Нават за савецкім часам іх было куды больш. Напрыклад, чаму не ўключыць у спіс магілу Багушэўскага ў Рыбным, панскі дом у вёсцы Задарожжа?
Белица с 035 Завяршылася работа раённага выканаўчага камітэта абмеркаваннем праблем надзённых, а менавіта, як сельгасарганізацыі раёна падрыхтаваліся да сяўбы азімых зерневых культур, як вядуць сяўбу азімага рапсу. Не ўдаючыся падрабязна ў ход абмеркавання пытання, заўважым — за несвоечасовае правядзенне ворыва глебы пад азімы рапс прызнана нездавальняючая работа кіраўнікоў ПП «Дружбінец», УП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Пурплева», «Бяленева». Гэтак жа ацэнена дзейнасць кіраўнікоў «Белай Ліпы», «Сінягорскага», «Пурплева», «Бяленева», саўгаса імя Данукалава, дзе не вытрыманы графік сяўбы рапсу.
Акрамя гэтага ў многіх гаспадарках раёна недастаткова папрацавалі, каб своечасова падрыхтаваць трактары, глебаапрацоўчую тэхніку, сеялкі да сяўбы азімых культур. Не хапае фосфарных угнаенняў, пратручвальнікаў насення. Усё гэта можа негатыўна адбіцца на ўраджаі наступнага года. Таму ў рашэнні раённага выканаўчага камітэта па азначаным пытанні пералічаны канкрэтныя меры (арганізаваць ворыва ў дзве змены, выканаць заданне па ўнясенні  арганічных угнаенняў і г.д.), якія дазволяць мінімізаваць страты ад дапушчаных упушчэнняў.

Наш кар.