Дзіцячы сад. Адаптацыя.

IMG_4383Ваша дзіця ідзе ў дзіцячы сад ці яслі. Усе  хваляванні з нагоды выбару дашкольнай установы ўжо ў мінулым. Але паўстае пытанне, як жа ваш такі маленькі, але ў той жа час такі дарослы малыш прывыкне да новай для яго абстаноўкі? Ці будзе яму камфортна з новымі цётачкамі-выхавальніцамі, у новым асяроддзі дзяцей? Як аблягчыць яму так званы адаптацыйны перыяд?

Незалежна ад узросту дзіцяці перыяду адаптацыі ў новым месцы і новым калектыве не пазбегнуць. І ў якім узросце ён пройдзе лягчэй, нікому не вядома. Але вы можаце дапамагчы вашаму малышу прывыкнуць да незнаёмай абстаноўкі незалежна ад таго 1,5 года яму ці 3.
Самае галоўнае — станоўчы настрой бацькоў! Калі вы ўпэўнены, што садзік гэта самае лепшае месца для дзіцяці, што там яму будзе добра, малому гэта таксама перадасца.
Пагаварыце з вашым сынам ці дачкой пра садзік. Раскажыце, што там шмат новых цацак, што ў яго з’явіцца шмат новых сяброў і сябровак Там добрыя выхавацелі і нянечкі, цікавыя заняткі. Раскажыце пра тое, што ў садзіку яго навучаць маляваць, ляпіць, пець і танцаваць.
Безумоўна, слёзы ў першыя дні, а можа і тыдні, непазбежныя. Але паверце, у большасці выпадкаў дзіця плача толькі пры вас, а зайшоўшы ў групу, хутка супакойваецца.
Першыя некалькі дзён пакідайце малога на 2-3 гадзіны. Не пужайцеся, што ён не есць у дзіцячым садзе, дайце яму прывыкнуць крыху, і як толькі пачне есці, смела пакідайце да абеда.
Гэта ў вас зойме тыдзень, самае большае, дзён 10. Не спяшайцеся адразу выходзіць на работу, асабліва калі вам прыдзецца позна забіраць дзіця. Разам прывыкайце да новага для вас абодвух рытму жыцця.
Спачатку раніцай можна не гаварыць малому, што паведзяце яго ў садзік. Проста можна сказаць: «Ідзём гуляць». І «дагуліваць» да садзіка. І толькі калі малы перастае капрызіць і адпускае вас без слёз, па дарозе можна расказваць пра садзік, пра тое, што там сёння будзе,  якія заняткі, гульні…
Нават калі ваш малы яшчэ не вельмі добра гаворыць, заўсёды пытайцеся ў яго, што сёння рабілі ў садзе, у што гулялі, чым займаліся… Гэтым вы будзеце стымуляваць развіццё мовы дзіцяці, і магчыма даведаецеся штосьці пра той час, які ваш малыш праводзіць без вас, нават ад не вельмі гаваркой крошкі.
І вось праз 1-2 тыдні вы першы раз пакінулі дзіцяці на сон. Новы віток слёз пры развітанні з мамай магчымы, але не абавязковы. Спачатку дзіця, магчыма, будзе спаць у садзе дрэнна, цяжка засынаць. Гэта цалкам нармальна. Вопытныя выхавальнікі  дапамогуць яму, спяюць песеньку, пасядзяць побач.
Поўнае прывыканне да дзіцячага сада адбываецца толькі праз тры месяцы. Набярыцеся цярпення! Калі вас чакаюць на рабоце, вы смела можаце выходзіць на яе праз 5-6 тыдняў, асабліва калі работадаўца гатовы цярпець вашы бальнічныя ці ў вас ёсць непрацуючая бабуля.
Хваробы, магчыма, нават частыя, першы год непазбежныя. Не пужайцеся і не спяшайцеся з першымі соплямі «садзіцца» на бальнічны, асабліва ў перыяд адаптацыі. Ад невялікага насмарку ці кашлю пры своечасовым лячэнні можна цалкам пазбавіцца, працягваючы вадзіць дзіця ў сад. Галоўнае не ўпусціць момант!
А вось пасядзеўшы пару тыдняў з практычна здаровым дзіцяці дома, вы рызыкуеце атрымаць новыя слёзы і прывыканне пачнецца спачатку.
Усё ідзе нармальна, і праз месяц-два вы — зусім свабодная мамачка, гатовая прыступіць да работы на старым месцы ці пусціцца на пошукі новай работы!

 Падрыхтавала
 вядучая рубрыкі
Таццяна Буракова.