Галоўная прычына — дэфіцыт чалавечай адказнасці

0401Ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» вельмі марудна ідзе адпраўка збожжа ў лік дзяржзаказу. Чаму? Гэта высвятлялі галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Зоя Конышава, начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Алег Кісель і супрацоўніца «Голасу Сенненшчыны».

Латыгаль на дапрацоўцы знаходзілася 30 тон ячменю. Яшчэ каля 30 тон яго ляжала на пляцоўцы. І не адзін дзень. Аб гэтым сведчыў спецыфічны пах зерня, якое пачало грэцца. Аказалася, ячмень усе гэтыя дні не падбуртоўваўся, не пералапачваўся.
У Рулёўшчыне на тэрыторыі майстэрні знаходзілася 250 тон дапрацаванага аўса, гатовага да адпраўкі ў дзяржаўныя засекі. У гэты дзень 58 тон яго было адгружана на Віцебскі КХП і залічана як харчовае. Уразіла, што збожжа захоўваецца пад адкрытым небам і можа трапіць пад дождж. А тады ўжо не пазбегнуць матэрыяльных выдаткаў.
На зернетаку ў Рулёўшчыне работа на дапрацоўцы зерня была больш-менш арганізавана. Уся пярвічная дакументацыя (выпіска накладных, рэестры, прыёмка збожжа) афармлялася належным чынам, вёўся строгі ўлік прадукцыі.
У Полымі дзве адзінкі транспарту Віцебскага КХП стаялі пад пагрузкай больш за дзве гадзіны. Іх не было чым загрузіць (у гаспадарцы «на хаду» толькі адзін пагрузчык), не хапае людзей, транспарту.
Прычыны нізкіх тэмпаў адгрузкі хлеба ў лік дзяржзаказу самыя банальныя: неарганізавана належным чынам работа такоў, сказваюцца ўпушчэнні, не выпраўленыя ў перыяд падрыхтоўкі да ўборачных работ, а таму зерне  з  поля  своечасова не дапрацоўваецца. Справа абцяжарваецца яшчэ і тым, што не хапае магутнасці сушыльнай гаспадаркі, якая ў асноўным тэхнічна састарэла. У Латыгалі задзейнічана польская сушылка М-819 , у Рулёўшчыне — новая сушылка «Амкадор» і дзве напольныя сушылкі. Аднак, каб справіцца з паступаючым хлебам гэтага не дастаткова. Да таго ж, мабільная перасоўная сушылка, набытая ў мінулым годзе, не працуе. У Полымі зерне дапрацоўваецца толькі на дзвюх напольных сушылках, а гэта, як кажуць, «кропля ў моры». Між тым, праблему з рабочай сілай на таках можна  было б вырашыць і за кошт пенсіянераў, школьнікаў, як гэта зрабілі іншыя сельгасарганізацыі. Усіх гэтых арганізацыйных хібаў магло б і не быць, аднак у любой справе ёсць самая небяспечная праблема — дэфіцыт чалавечай адказнасці.

Ларыса МУКАМОЛАВА.