У «Твоём мире» знойдзеш усё

st1На Сенненшчыне шмат робіцца па стымуляванні дзелавой актыўнасці і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Пацвярджэннем таму  стала адкрыццё ў Сянне новага прыватнага магазіна «Твой мир» . Гандлёвая кропка знаходзіцца  на першым паверсе шматкватэрнага жылога дома (як гэта цяпер модна) па вуліцы Назаранкі.

Святлана Лукашкова — гаспадыня крамы — у бізнесе далёка не навічок. Прадпрымальніцкі стаж жанчыны налічвае 12 гадоў. Аб былой пасадзе эканаміста ў камбінаце бытавога абслугоўвання яна не шкадуе. Свая справа мае нямала пераваг: тут працуеш на сябе, адпаведна і заробак залежыць выключна ад уласнай руплівасці. Хаця «хлеб» бізнес-лэдзі таксама маслам не намазаны. Перш чым прыбыткі лічыць, трэба спачатку ўласныя грошы ўкласці ды па розных інстанцыях пахадзіць за паперкамі-даведкамі. Праўда, па словах Святланы, з чыноўніцкімі перапонамі ёй сустракацца не даводзілася. Усюды, у тым ліку і на ўзроўні раённай улады, жанчыне аказвалі падтрымку ў пытаннях заканадаўства, звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Пачынала Святлана з ларка на аўтобусным прыпынку. Гандлявала прадуктамі харчавання. Сёння робіць стаўку на тавары лёгкай прамысловасці. st2
«Твой мир» стаў вынікам расшырэння бізнесу. У новым магазіне кожны пакупнік знойдзе свой тавар. Жанчын парадуе шырокі асартымент бялізны, упрыгожванняў, сумак. Моцную палову — выбар прылад, неабходных у хатняй гаспадарцы. Для самых юных сенненцаў прадстаўлены розныя канцылярскія тавары.
Перарэзаная чырвоная стужка дала старт актыўнаму продажу. Кліентаў доўга чакаць не давялося. Зазірнуць у «Твой мир» у першыя гадзіны яго работы паспяшылі многія жыхары горада. Выходзячы з пакупкамі, людзі дзякавалі і жадалі гаспадыні  гандлёвай кропкі поспеху  ў прадпрымальніцкай справе, а магазіну — заўжды мець свайго пакупніка, каб шматлікі тавар абавязкова быў запатрабаваны.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымках: С.Лукашкова і першыя пакупнікі.