Тысячны намалот скарыўся маладым

OLYMPUS DIGITAL CAMERAМоладзевы экіпаж ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» у складзе Сяргея Сухвала і Аляксандра Радкевіча першым у раёне намалаціў 1 тысячу тон збожжа.  Хлопцы ўзначальваюць раённае спаборніцтва, прэтэндуюць на самы высокі намалот сярод маладых камбайнераў Віцебшчыны. З  працоўнай перамогай іх павіншаваў старшыня райвыканкама Віктар Цапота. У гэты ж дзень з такой жа прыемнай місіяй ён пабываў у ПП «Дружбінец», вадзіцель якога Аляксандр Сінякоў перавёз з поля на ток амаль 2 тысячы тон зерня збожжавых культур і рапсу.

Працоўны напал на полі не зніжаецца. Таму кіраўнік раёна, павіншаваўшы пераможцаў спаборніцтва з поспехам, выказаў упэўненасць, што ўдзельнікаў жніва Сенненшчыны чакаюць новыя перамогі, што запаветныя тысячныя намалоты скарацца іншым экіпажам.
Словы віншавання прагучалі і ад іншых афіцыйных асоб: начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Мяцеліцы, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Анатоля Кучынскага, кіраўніцтва гаспадарак. OLYMPUS DIGITAL CAMERAЛідарам жніва ўручаны Падзячныя пісьмы райвыканкама, граматы прафсаюза, грашовыя прэміі, падарункі, у тым ліку ад сельгасарганізацый.

Цырымонія ўшанавання была кароткай, бо праходзіла перад выхадам тэхнікі ў поле. Лідары жніва спяшаліся, каб замацаваць поспех, іх канкурэнты вераць, што шанцы змяніць сітуацыю на сваю карысць застаюцца. Тым больш, што іх падахвоцілі словы Віктара Цапоты, які нагадаў — тэхніка сельгасарганізацый, якія першымі завершаць жніво, як і летась, будзе накіравана на палеткі гаспадарак, дзе ўборачныя работы не завершаны.

Наш кар.