Роўныя перад хлебам
Жнівень адметны не толькі масавай уборкай сельскагаспадарчых культур. У жніўні многія працоўныя калектывы папаўняюцца маладымі спецыялістамі.
Крыху больш за тыдзень працуе ў ААТ «Белая Ліпа» Арцём Васілёнак. Зусім нядаўна ён скончыў Смальянскі дзяржаўны каледж, атрымаў дыплом па спецыяльнасці «агранамія». Трапіў, што называецца, з карабля на баль. «За дзень так находзішся па палетках, што ледзь ногі цягаеш», — шчыра прызнаецца хлопец. Тым не менш жыццёвага аптымізму Арцём не губляе, бо, вясковец па нараджэнні, ён добра ведаў, якая праца чакае яго ў сельскай гаспадарцы.
Найчасцей Арцёма можна заспець ля зернеўборачных камбайнаў. Малады спецыяліст сочыць за якасцю ўборачных работ, гатоў дапамагаць механізатарам у рэгуліроўцы машын. «Гэтаму нас у каледжы добра вучылі», — кажа ён.
Не госця ў полі і Наталля Міронава. Жыхарка Белай Ліпы скончыла тры курсы Лужаснянскага каледжа. Яна таксама будучы аграном. У акцыянерным таварыстве праходзіць вытворчую практыку. І спадзяецца атрымаць тут працу. Чаму не? Родныя мясціны валодаюць прыцягальнай сілай, а калі да гэтых абставін дадаць прыязную ўвагу з боку кіраўніцтва гаспадаркі, можна спадзявацца, што малады спецыяліст знойдзе сваё прызванне ў абранай прафесіі.
Наталля ў гэтыя жніўныя дні таксама мае свае вытворчыя абавязкі, пазнае будучую спецыяльнасць сярод землякоў. Кіраўніком яе вытворчай практыкі з’яўляецца намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Аляксандр Берастаў, аграном па адукацыі. Да таго ж ён валодае і багатым вытворчым і жыццёвым вопытам.
«Першыя ўражанні ад работы Арцёма Васілёнка добрыя. Хлопец даволі камунікабельны, праяўляе цікаўнасць да службовых абавязкаў, уважліва ставіцца да тэхналагічных працэсаў,— дзеліцца Сяргей Калеснікаў, дырэктар ААТ «Белая Ліпа». — Як і работы ад яго таварыша, з якім ён вучыўся ў каледжы, а цяпер працуе ў нас. Праўда, цяпер яны канкурэнты. У гаспадарцы дзве вакантныя пасады — галоўнага агранома і агранома-насеннявода».
Расказ пра працу моладзі на жніве ў ААТ «Белая Ліпа» быў бы няпоўным, калі б мы не ўпамянулі Максіма Сапежку. Ён, як і Наталля Міронава, вучыцца ў Лужаснянскім каледжы. А на час канікулаў, якія саўпалі са жнівом, стаў памочнікам камбайнера Уладзіміра Быкава.
Жніўныя клопаты мяняюць псіхалогію чалавека, мабілізуюць яго сілы, дзе б ён не працаваў, якую б пасаду не займаў. На жніве заняты камбайнеры і вадзіцелі, маладыя спецыялісты і студэнты, вяскоўцы і гараджане, сталыя і маладыя. І ўсе яны перад хлебам роўныя.
Наш кар.
На здымку: (злева направа) дырэктар ААТ «Белая Ліпа» Сяргей Калеснікаў,
навучэнка Лужаснянскага каледжа Наталля Міронава,
малады спецыяліст Арцём Васілёнак,
намеснік дырэктара Аляксандр Берастаў.