У падтрымку міжканфесійнага і сацыяльнага ладу

У Сенненскім раёне зарэгістравана 14 рэлігійных суполак. Большасць з іх досыць актыўна працуюць з насельніцтвам, супрацоўнічаюць з органамі ўлады.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНа гэтых днях раённая камісія, задача якой садзейнічаць кантролю за выкананнем заканадаўства  аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацый, правяла выязное пасяджэнне. У Багушэўску была заслухана справаздача старшыні пасвыканкама Любові Трубека аб узаемадзеянні мясцовага органа ўлады з рэлігійнымі суполкамі. Па меркаванні кіраўніка пасялковага выканкама ў гарпасёлку не існуе міжканфесійных канфліктаў. Вернікі, кіраўнікі суполак вызначаюцца талерантнымі паводзінамі. Але яны неабыякавыя да грамадскіх праблем. А таму дапамагаюць уладам, педагогам школ працаваць з падлеткамі, у якіх узнікаюць праблемы маральна-псіхалагічнага характару, сем’ям, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем. Хрысціянскія вернікі, у першую чаргу пратэстанты, аказваюць і матэрыяльную дапамогу. Нават для ўлады нярэдка выступаюць у якасці фундатараў, каб падтрымаць імкненне маладога пакалення добра вучыцца, займацца спортам, грамадскакарыснай дзейнасцю. Праз сваіх прыхільнікаў, паказваючы прыклад па ўтрыманні культавых пабудоў і тэрыторыі вакол іх, суполкі садзейнічаюць добраўпарадкаванню мястэчка. Любоў Трубека спадзяецца з дапамогай прыхажан і святара Багушэўскай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла Рыгора Машлякевіча надаць новае жыццё Макавеявай крыніцы. Мяркуецца, што адзін з сімвалаў Багушэўска, будзе мець купель, тэрыторыя вакол капліцы стане прыгоднай для правядзення традыцыйных некалі службаў.
На праваслаўных традыцыях беларускага народа займаюцца духоўна-маральным выхаваннем дзяцей у СШ №2 Багушэўска.  Работа вядзецца не першы год. І, па словах Людмілы Галавінскай, дырэктара навучальнай установы, гэты эксперымент, што праходзіў у Багушэўску па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой, быў удалым. Факультатыўныя заняткі, якія праводзіў святар, работа з педкалектывам і бацькоўскай грамадскасцю, дазволілі спачатку прыкметна зменшыць колькасць правапарушэнняў сярод навучэнцаў школы, а сёлета іх зусім няма. У школе павысіўся ўзровень выхаванасці дзяцей. «Калі святар у школе, не тое што дзеці, паводзіны настаўнікаў становяцца іншымі», — падзялілася сваімі назіраннямі Людміла Уладзіміраўна.
Разам са святаром настаўнікі наведваюцца ў праблемныя сем’і, гутараць з бацькамі, дзецьмі. Айцец Рыгор Машлякевіч — сябра школьнага савета прафілактыкі.
Работа па ўмацаванні сувязей з праваслаўнай царквой працягваецца. Мяняюцца яе формы, метады. «Пропаведзі» ўжо чытаюць на класных гадзінах, у час гутарак настаўнікі. Многія з іх вучыліся на курсах павышэння кваліфікацыі, арганізаваных   установамі   Міністэрства адукацыі. У школе ўсталявалася цэласная выхаваўчая сістэма, у аснове якой хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі.
На гэтых днях у Беларусі і суседніх дзяржавах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 1025-годдзю хрышчэння Русі. Аб удзеле ў іх вернікаў прыхода расказаў Рыгор Машлякевіч. Аляксандр Цапрылаў, старшыня савета царквы Хрысціян веры Евангельскай «Благодать», падзяліўся вопытам дабрачыннай і місіянерскай дзейнасці, якая ў Багушэўску і бліжэйшых вёсках вядзецца сумесна з царквой «Добродетель» Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Яна скіравана, пераважна, на маламаёмасныя слаі насельніцтва, пажылых людзей, што ўтрымліваюцца ў сацыяльных установах ці засталіся без родных. Яшчэ адзін праект рэалізоўваецца ў Багушэўскім доме-інтэрнаце. Як і яго супрацоўнікі, валанцёры цэркваў імкнуцца адаптаваць людзей з праблемамі псіха-фізічнага развіцця да грамадскага жыцця. Іншы раз гэта ўдаецца. Самай вялікай перамогай стала наданне дзеяздольнасці аднаму з выхаванцаў інтэрната. Валанцёры апекуюцца над маладым чалавекам, які, развіваючы свае мастацкія здольнасці, малюе, трымаючы пэндзаль нагой.
Абмяркоўваліся і іншыя праблемы. У прыватнасці, правілы падачы дакументаў для рэгістрацыі рэлігійных суполак на падставе Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Пра гэта расказала Наталля Бярговіна, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Заключным этапам работы камісіі стала наведванне турыстычнага лагера для моладзі, арганізаванага пратэстанскімі цэрквамі. Палатачны горад для дзяцей ад 7 да 14 гадоў разбіты на беразе возера Серакаратнянскае за вёскай Рабцава. Ён вызначаецца знешняй прывабнасцю, прадуманнасцю размяшчэння жылых палатак, іншых аб’ектаў  забеспячэння належных умоў жыцця  турыстаў. У лагеры ёсць палатка-шацёр, якая служыць для правядзення агульных мерапрыемстваў, духоўных пропаведзей. Асобна абсталявана кухня, іншыя бытавыя памяшканні. Чысціню на тэрыторыі, дзейнасць усіх бытавых аб’ектаў турысты-вернікі падтрымліваюць самастойна. У лагеры выкарыстоўваецца экзатычныя для большасці з нас сонечныя батарэі.
Падсумоўваючы работу камісіі, усё ўбачанае і пачутае, Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выказаў падзяку рэлігійным суполкам вернікаў за падтрымку ўлад у рабоце з насельніцтвам па ўмацаванні высокіх маральна-этычных каштоўнасцяў.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Мяцеліца (у цэнтры) цікавіцца
работай лагера ў яго арганізатараў;
Вячаслаў Карасікаў, начальнік РАНС ля сонечных батароэй.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *