Трывога: нецвярозыя на вытворчасці

traktorЖніво, палявыя работы пад ураджай наступнага года —  вось галоўныя тэмы, якія абмяркоўваліся на селектарнай нарадзе, што ў панядзелак праводзіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, і на планерцы ў кіраўніка раёна Віктара Цапоты.

А пачалі размову кіраўнікі з ацэнкі стану дысцыпліны. У Дубровенскім раёне ў выніку рэйда, арганізаванага праваахоўчымі органамі, на аб’ектах АПК выяўлена 40 нецвярозых асоб. У Лёзненскім раёне п’яны механізатар у час работы на льнокамбайне траўміраваў руку. Парушаецца працоўная дысцыпліна. Работнікі дазваляюць сабе перапынкі па ўласнай ініцыятыве  і, нават, адлучаюцца ў рабочы час у магазіны. Падобныя рэйды будуць арганізаваны ва ўсіх раёнах вобласці. Факты знаходжання ў нецвярозым стане маюцца ў Сенненскім раёне. Віктару Цапоце асабіста давялося адхіляць ад работы механізатара ААТ «Пурплева», які працаваў на зернетаку. Мала таго, што ён не меў пасведчання на права кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай, дык яшчэ быў і нецвярозым.
Такая праца не можа быць эфектыўнай. Як вынік, вытворчасць  валавага прадукта ў раёне не дасягнула мінулагодняга ўзроўню, у той час як заработная плата вырасла на 139 %.
Сур’ёзныя прэтэнзіі кіраўнікі вобласці і раёна выказалі да будаўнічай галіны і сістэмы кіравання ў ёй, маючы на ўвазе ў першую чаргу стан спраў на будаўнічых пляцоўках, дзе ўзводзіцца жыллё, і аб’екты жывёлагадоўлі: малочнатаварныя фермы, даільныя залы. «У нас тут кожны сам сабе рэжысёр», — вобразна выказаўся Віктар Цапота. У многіх сельгасарганізацыях вядзецца рэканструкцыя, рамонт дзясяткаў аб’ектаў па ініцыятыве кіраўнікоў, але будаўнікоў не знойдзеш на фермах, уключаных у праграму рэканструкцыі.
Між тым, 1 верасня дойны статак грамадскіх сельгасарганізацый будзе пераведзены на зімовае ўтрыманне. Размова ішла і аб надзённых праблемах. У раёне трэба нарошчваць тэмпы ўборкі зерневых культур. За тыдзень, які выдаўся без дажджоў, ні ў адзін дзень яны не дасягнулі 5 % уборачных плошчаў. Гаспадаркі раёна не спяшаюцца адгружаць прадукцыю ў залік дзяржзаказу. Нават азімы рапс не ўвесь адгрузілі.
А тым часам наступілі аптымальныя тэрміны для сяўбы рапсу, трэба весці ворыва пад азімыя зерневыя. Прыйшла тая пара, калі ў хлебароба на дні восем работ. І ўсе яны патрабуюць тэхналагічна дакладнага выканання. Інакш весці іх бессэнсоўна.

Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *