Губіць людзей наркотык

narko З 1 чэрвеня і па 15 верасня ў Сенненскім раёне праводзіцца спецыяльная аперацыя «Мак». У час яе супрацоўнікі праваахоўных органаў арганізуюць рэйды ў мэтах недапушчэння вырошчвання гэтай наркаўтрымліваючай расліны, праводзіцца работа па выкараненні пасеваў маку, а таксама прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі.

Нельга думаць, што наркаманія — гэта праблема выключна вялікіх гарадоў, дзе багата начных клубаў, казіно, дыскатэк… Там сапраўды найчасцей можна патрапіцца на вудачку наркадылера.
На днях аднаго такога аматара маку затрымалі ў гарадскім пасёлку Багушэўск. Мужчына 1977 года нараджэння, мае вышэйшую адукацыю, але нідзе не працуе, наркаман са стажам. Пастаянна жыве ў Наваполацку, там жа стаіць на ўліку ў наркадыспансеры. Пэўны час знаходзіўся на лячэнні ў Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы, дзе пазнаёміўся з мясцовым жыхаром. Праз некаторы час навапалачанін наведаўся ў госці да знаёмага. Ішоўшы па вуліцы Чарвова, ён заўважыў на адным з прысядзібных участкаў мак. За зборам сыравіны яго і засталі супрацоўнікі дэпартаменту аховы. У апраўданне мужчына сказаў, маўляў, хацеў зрабіць заспакаяльны адвар.
Як паведаміў старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Сенненскага РАУС, маёр міліцыі Аляксандр Пракаповіч, сёлета, у параўнанні з мінулым годам, колькасць злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў вырасла ўдвая. За ўвесь 2012 год іх было 2. Між тым, толькі за 6 месяцаў бягучага года зафіксавана ўжо 3 злачынствы. Яшчэ адзін матэрыял знаходзіцца на праверцы і, хутчэй за ўсё, крымінальная справа будзе ўзбуджана.
Калі гаварыць аб характары злачынстваў, то гэта ў асноўным выраб наркатычных сродкаў для сябе. Звычайна, мясцовыя наркаманы за таварам едуць у Віцебск, Оршу, Барань.
У маім дзяцінстве (а гэта 80-ыя гады мінулага стагоддзя) мак быў цалкам легальнай раслінай. Яго вырошчвалі як смачную дабаўку да печыва. Сёння мак пад забаронай. Тым не менш, яго пасевы супрацоўнікі міліцыі нярэдка знаходзяць на прысядзібных участках грамадзян. «Спецыяльна мак ужо не вырошчваюць, — кажа Аляксандр Віктаравіч, — у асноўным трапляецца, так званы, мак-самасейка. Але і за яго можна пацярпець». У 2012 годзе да адказнасці па артыкуле 16.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь «Пасеў або вырошчванне забароненых да апрацоўкі раслін і грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы» прыцягнута 20 чалавек. Сёлета — 6. У якасці пакарання — штраф да 20 базавых велічынь.
Што датычыцца адказнасці для наркамана, то гэта ўжо сфера крымінальнага права. Згодна з артыкулам 328 «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў», для таго, хто ўжывае і захоўвае наркотыкі, прадугледжана абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. За збыт і распаўсюджванне наркатычных сродкаў можна патрапіць у турму на 5-8 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці. Асобы, якія добраахвотна здалі наркатычныя сродкi, псiхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры або аналагі і актыўна спрыяюць выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, рэчываў, выкрыццю асоб, якія яго ўчынілі, выяўленню маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.
Апошняе дапаўненне павінны добра ўразумець родныя і блізкія наркамана. Па словах Аляксандра Пракаповіча, галоўная праблема такіх людзей у тым, што яны не жадаюць прызнацца самі сабе, што ўжо трывала «сядзяць на ігле», а родныя, між тым, імкнуцца замоўчваць сямейнае няшчасце. Найчасцей, аб тым, што з чалавекам нешта не так, паведамляюць суседзі, калегі па працы. А колькі б злачынстваў можна было папярэдзіць, колькі маладых жыццяў выратаваць, калі б сем’і не адварочваліся ад «блудных» сыноў ці дачок, а першымі звярталіся да нарколага, у міліцыю. Згодна з леташнімі данымі, на ўліку ў Сенненскім РАУС афіцыйна знаходзіцца 6 наркаманаў. Усе маладыя людзі, узростам 25-30 гадоў.
Месяц назад у вёсцы Рудніца Багданаўскага сельсавета ад перадазіроўкі памёр мужчына. На момант смерці грамадзяніну А. было крыху за 30. Нягледзячы на малады ўзрост, «прафесійны» стаж наркамана складаў 5 гадоў. Ураджэнец Мінска, з паўнацэннай заможнай сям’і. Наркотыкамі малады чалавек захапіўся на сталічных тусоўках. З-за разладу з сям’ёй А. пераехаў у Рудніцу, дзе на той час жылі яго бабуля і дзядуля. У апошні час пражываў з жонкай і маленькім дзіцём. Жанчына мужа хоць і баялася, але ўсё гэта заставалася выключна ў межах дома. Сам А. вёў замкнуты лад жыцця, «бубкі» — насенне мака — набываў у Барані, ужо дома вырабляў з іх ацэціліраваны опій. На момант агляду жылля праваахоўнікі знайшлі два шпрыцы, адзін з іх быў напоўнены. Бачна, хапіла і адной порцыі, каб адправіцца на той свет. Па статыстыцы, опійныя наркаманы жывуць дзесьці 2-3 гады. Мак, ці як яго называюць «наркотык для бедных», вельмі таксічны і брудны.
У групе рызыкі ў асноўным, і гэта зразумела, знаходзяцца падлеткі і моладзь. У юнацтве выкурваецца першая цыгарэта, у юнацтве спрабуецца і першы «лёгкі наркотык». Апошняе — гэта міф, бо не бывае лёгкага яду. Лёгкі наркотык — гэта першы этап да цяжкіх.
Сёння ў моладзевым асяродку ў папулярнасць увайшлі так званыя курыцельныя сумесі. За апошні час па ўсёй краіне выяўлены 23 сайты, праз якія ішло распаўсюджванне «спайсаў». На дадзены момант усе яны зачынены. Але, дзе ўпэўненасць, што продаж смяротна небяспечнага прадукта не пачнецца на новым сайце і пад новым соўсам?
— Кожны дзень супрацоўнікі наркакантролю адпрацоўваюць інтэрнэт, кажа Аляксандр Пракаповіч. — Для нашага раёна гэта праблема не так актуальна, як для вялікіх гарадоў.
Аднак замену наркотыкам можна знайсці і ў паўсядзённым абіходзе. Клей, бензін, насвай… Ад таксікаманіі да наркаманіі — адзін крок. Невыпадкова, таксікаманы таксама ставяцца на наркалагічны ўлік. Адзін з іх, хлопцу няма і 30, у час прафілактычнай гутаркі неяк прызнаўся Аляксандру Пракаповічу, што загубная звычка істотна нашкодзіла яго здароўю.
На жаль, усведамленне прыходзіць вельмі позна. Пакуль наркотыкі ў нашым разуменні будуць тоесныя «кайфу» і «эйфарыі», а не працэсу гніення і раскладання арганізма жыўцом, пакуль у грамадстве будзе пераважаць меркаванне, што ўжываць ці не — гэта «асабістая справа кожнага», а наркаман — хворы чалавек, які сам вырашыць, калі яму лячыцца, барацьба з наркаманіяй будзе доўжыцца вечна.
Расшыраныя зрэнкі, хісткая паходка,  пры гэтым адсутнасць алкагольнага паху з рота, рэзкая змена эмоцый, галюцынацыі… Гэтыя першыя прыкметы наркатычнага ап’янення навідавоку. Прыгледзьцеся да сваіх блізкіх. Магчыма, ім патрэбна дапамога.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.