А якасци так и няма

milkЛетась класам «экстра»  грамадскія сельгасарганізацыі раёна за паўгода  рэалізавалі Аршанскаму МК 54,8% малака ад агульнай колькасці паступіўшага на перапрацоўку, у бягучым годзе — толькі 26%.

 Калі летась у графе «рэалізавана малака класам «экстра», напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве імя Гараўца стаяла лічба 73,8%, то сёлета — 43,6%, у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» — 75,4 і 43,4%, у «Студзёнцы» адпаведна 69 і 33%. Значнае зніжэнне па гэтым паказчыку назіраецца ва ўсіх гаспадарках. Толькі 9,7% здолелі атрымаць «экстры» ў ААТ «Ульянавічы», 9,3%  — «Пурплева», 9,6%  — УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». А значыць павялічылася колькасць рэалізуемай прадукцыі вышэйшым, першым гатункамі — 40,1 і 32,8%  па раёне. Больш за палову ад усёй колькасці малака  паступіла на перапрацоўку першым гатункам з ААТ «Ульянавічы» (54,8%), «Бяленева» (65,5%), УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» (62,5%).
Паступае і  прадукцыя другога гатунку — 162 тоны 728 кілаграмаў, ці 1,1% у цэлым па раёне. Лідарамі тут з’яўляюцца ААТ «Сінягорскае» (больш за 14 тон), ПП «Дружбінец» (амаль 30 тон), «Студзёнка» (16 тон 226 кг), «Бяленева» (20 тон 543 кг), «Літусава» (больш за 47 тон).
«Згодна з рашэннем райвыканкама створана група па якасці малака ў складзе прадстаўнікоў райсельгасхарчу і малаказавода, — гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Зоя Конышава. — Распрацаваны графік выездаў спецыялістаў па гаспадарках. Праводзіцца вучоба з аператарамі машыннага даення, дзе на прыкладах паказваецца і расказваецца, як атрымаць гатунак  экстра. Да кожнага работніка даводзіцца, што павелічэнне прадукцыі нізкай якасці прыводзіць да значных страт у іх заработнай плаце.»
Перапрацоўчае прадпрыемства забяспечвае вытворцаў малака ўсім неабходным для атрымання прадукцыі найвышэйшай якасці: мыючымі і дэзінфіцыруючымі сродкамі, фільтрамі, яршамі і г.д. Але гэтага мала. Жывёлаводам трэба рэгулярна мыць даільнае абсталяванне, фільтраваць малако, своечасова дастаўляць у халадзільную камеру. На практыцы сустракаюцца  факты, калі на пашу  нават нерэгулярна завозіцца вада, соль. Кіраўнікам, спецыялістам заатэхнічнай службы неабходна больш строга патрабаваць у жывёлаводаў за выкананне сваіх службовых абавязкаў, ветэрынарным спецыялістам — своечасова праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджванні захворванняў капытоў, рабіць тэсты на схаваны мастыт. Гэта гарантыя ад павышэння колькасці саматычных клетак.
За паўгоддзе на перапрацоўку ахалоджаным паступіла 87,4% малака, што сведчыць пра неэфектыўнае выкарыстанне новага тэхналагічнага абсталявання ў сельгаспрадпрыемстве імя Гараўца (адсюль за паўгода ахалоджаным на перапрацоўку паступіла толькі 64% ад усёй прадукцыі), «Сінягорскае» (77,2%), ПП «Дружбінец» (81,3%).
Многія гаспадаркі раёна рэалізоўваюць малако з тлустасцю ніжэй за базісную (3,6%). А гэта прыводзіць да страт заліковай вагі і, зразумела, фінансаў. Напрыклад, ААТ «Пурплева» з-за тлустасці ніжэй за базісную страціла ў заліковай вазе 21 тону малака і недаатрымала за паўгода 59 млн рублёў, ААТ «Сінягорскае» за 30 тон, якія не пайшлі ў залік, страціла  74 млн рублёў.
Трэба сказаць, што ў чэрвені сітуацыя з якасцю малака  крыху палепшылася. У цэлым па раёне было атрымана 33% «экстры», у мінулым годзе —  24,5%. Будзем спадзявацца, што нарэшце ў гаспадарках зразумеюць, што вытворчасць высокаякаснага малака — справа эканамічна выгадная.

milk-tab

Ларыса МУКАМОЛАВА.