Рэгістрацыя шлюбу ў лесе, альбо як зрабіць вяселле запамінальным

N1-цвСупрацоўнікі аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама правялі першую ў раёне выязную рэгістрацыю шлюбу.

Жыхары райцэнтра Яўген і Крысціна Палішчукі афіцыйна абвясцілі сябе мужам і жонкай не ў звыклых сценах ЗАГСа, а на ўлонні прыроды, а менавіта ў парку 40-годдзя Перамогі. Закаханыя маладыя людзі адышлі ад стандартнай рэгістрацыі  шлюбу, а   распрацавалі  сцэнарый самі, зрабіўшы яго па-асабліваму рамантычным.
Летнюю цішыню маляўнічых сінайскіх гор парушыў гул матацыклаў: калона байкераў суправаджала чорную машыну жаніха да зоны лесапарку. Праз колькі часу, ужо на белым аўто ў суправаджэнні тых жа людзей у скураных касцюмах, прыехала нявеста.
Дзейства афіцыйнай часткі адбывалася на цэнтральнай пляцоўцы лесапарку. Сама абстаноўка спрыяла ўрачыстасці цырымоніі: па-святочнаму аформленая сцэна, прыемная музыка, чырвоная дывановая дарожка для жаніха і нявесты, па баках якой былі расстаўлены кветкі.
Пасля ўзнёслых слоў Вольгі Мялешка, начальніка раённага ЗАГСа, адрасаваных маладажонам, настала чарга для абмену пярсцёнкамі, атрымання пасведчання аб шлюбе, шчырых віншаванняў родных, сяброў і… невялікага фуршэту, арганізаванага тут жа, на Сінаях. У гэты дзень для Яўгена і Крысціны не гучаў традыцыйны вальс Мендэльсона. Свой першы танец яны выканалі разам з гасцямі, якія згадзіліся паўдзельнічаць у своеасаблівым флэшмобе (агульным танцы).
Працягвалася вяселле ўжо ў рэстаране горада.
Як патлумачыла Вольга Мялешка, беларускім заканадаўствам прадугледжана рэгістрацыя шлюбу з выездам на месца ўрачыстасці.
Па жаданні  жаніха і  нявесты цырымонія можа адбыцца, напрыклад, у іх дома, каля нейкага гістарычнага помніка, на прыродзе. Магчыма, пасля «першапраходцаў» Яўгена і Крысціны, папулярным месцам у сенненскіх маладажонаў стане парк 40-годдзя Перамогі.
Тым больш, што каштуе такая паслуга столькі, колькі і традыцыйная рэгістрацыя ў памяшканні. На сённяшні дзень кошт складае 100 тыс. рублёў.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.