Ведаць, каб памятаць. Памятаць, каб ганарыцца

школа студенкаСтудзёнкаўская школа вядома ў раёне не толькі сваім ландшафтным дызайнам. Вялікую ўвагу мясцовыя педагогі надаюць і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

У школе распрацавана праграма «Грамадзянін XXI стагоддзя», асноўная мэта якой заключаецца ў прывіцці пачуцця гонару за прыналежнасць да нацыі, да здабыткаў народа.
Яе рэалізацыя адбываецца і ў час вучэбных гадзін, і ў пазаўрочны час. Пры планаванні працы ўлічваюцца не толькі традыцыйныя школьныя, але і раённыя, абласныя мерапрыемствы, якія звязаны з юбілейнымі і дзяржаўнымі датамі.
Праграма «Грамадзянін XXI стагоддзя» складаецца з узаемазвязаных паміж сабой частак: духоўна-маральная, культурна-гістарычная, грамадзянска-прававая, ваенна-патрыятычная. У дадзеным накірунку педагогі школы працуюць сумесна са Студзёнкаўскім сельвыканкамам.
Фарміраванне патрыятызму пачынаецца яшчэ з дзіцячага сада. Ужо тут выхаванцы знаёмяцца з традыцыямі і звычаямі роднага краю, з сімваламі Рэспублікі Беларусь. А дзеці старэйшай групы развучваюць дзяржаўны гімн.
Інфармацыйныя гадзіны пад назвамі «Гісторыя патрыятызму ў Рэспубліцы Беларусь», «Мы — беларусы», «Правы і абавязкі грамадзяніна» і інш., якія праводзяцца штомесяц, садзейнічаюць усведамленню сэнсу паняцця любові да радзімы.
Важнае месца ў праграме займае дзейнасць пяці рознаўзроставых атрадаў, за кожным з якіх замацаваны педагогі Валерый Стук, Таццяна Подраз, Аляксандр Стрыжнёў, Тамара Філіповіч, Святлана Дзюкава і Андрэй Драздоўскі. Школьнікі дапамагаюць у хатніх справах адзінокім пажылым людзям, інвалідам, ветэранам вайны і працы. У час святаў наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У сельсавеце іх засталося толькі трое — Пётр Баркавец, Уладзімір Гарнак, Іван Міцкевіч.
Самым масавым святочным мерапрыемствам у жыцці не толькі школьнікаў, але і жыхароў аграгарадка з года ў год з’яўляецца свята «Мы ў памяці захоўваем простыя імёны», прысвечанае Дню Перамогі. У гэты дзень у Студзёнцы праходзіць мітынг, арганізоўваецца святочная праграма, аснову якой складае канцэрт творчага калектыву «Дыскатэка-80-х», вучняў школы, работнікаў культуры. Адметнай падзеяй для некаторых дзяцей становіцца прыняцце іх у  піянеры.
У фарміраванні грамадзянска-патрыятычнага выхавання вялікая роля адводзіцца членам ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Яны задзейнічаны ва ўборцы тэрыторыі аграгарадка. Сумесна з іншымі прадстаўнікамі грамадскасці прымаюць удзел у добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу «Купаваць», а таксама помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Пустынкі, Новае Сяло, аг.Студзёнка. На мерапрыемствы, што праводзяцца ў пярвічках, запрашаюцца члены працоўных калектываў ААТ «Студзёнка», «Сінягорскае», прадстаўнікі сельвыканкама.
Крыніцай патрыятычнага выхавання з’яўляецца і краязнаўчая работа. Намаганні педагогаў накіраваны на стварэнне школьнага музея. Пакуль аформлены музейны пакой. Экспазіцыя «Этнаграфія» дзейнічае пастаянна. Часовымі з’яўляюцца «Гісторыя кнігі», «Вялікая Айчынная», «Археалогія». Кіраўнік невялічкага музея, Аляксандр Стрыжнёў, праводзіць факультатыўныя заняткі для дзяцей, экскурсіі як для школьнікаў, так і для гасцей установы адукацыі.
У якасці экскурсаводаў выступаюць таксама і вучні школы — Дар’я Хілек, Таццяна Хадыка.
У мінулым годзе вучаніца 5 класа Юля Прыстаўка прымала ўдзел у злёце юных краязнаўцаў раёна. Прадаставіўшы на конкурс даследчую работу «Мая малая Радзіма — вёска Новая Обаль», атрымала дыплом трэцяй ступені.
Час патрабуе ад школы прымальных формаў і метадаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Праз актыўнае ўцягванне навучэнцаў і ўсвядомлены ўдзел іх у сацыяльнай дзейнасці магчыма дасягнуць поспехаў у гэтым накірунку, упэўнена Таццяна Манкевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Ала ЯКАЎЛЕВА.