Не кожны грыб «лезь у кош»

грибыПачынаецца сезон збору грыбоў, і на рынку з’яўляюцца прадаўцы гэтых лясных дароў. Як не памыліцца і купіць якасны тавар? Што для гэтага трэба ведаць?

Парады на «грыбную» тэму дае галоўны ўрач ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Кацярына Свістун:
— Адразу хачу адзначыць, што рэалізацыя грыбной прадукцыі ва ўмавох рыначных утварэнняў павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Санітарнымі правіламі і нормамі 2.3.4.13-6-2004 «Гігіенічныя патрабаванні да нарыхтоўкі, перапрацоўкі і продажу грыбоў».
— Кацярына Юр’еўна, якія грыбы можна прадаваць на рынку? На якія правілы трэба арыентавацца пакупніку?
— У продаж дапускаюцца ядомыя грыбы, нядаўна сабраныя, рассартаваныя па батанічных відах, акуратна ачышчаныя ад зямлі, смецця, шкоднікаў, непашкоджаныя і непамятыя.
Прызначаныя для продажу пласціністыя грыбы павінны быць цэлымі і мець цалкам ножку, толькі акуратна зачышчаную ад грыбніцы, каб можна было ідэнтыфікаваць белую паганку, якая мае клубнепадобнае патаўшчэнне ножкі і «каўнерык».
Яшчэ можна прадаваць сухія грыбы, сабраныя, падрыхтаваныя і высушаныя з захаваннем правілаў і прайшоўшыя абавязковую экспертызу, у тым ліку на ўтрыманне радыянуклідаў, з выдачай заключэння лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы, замацаванай за рынкам. У сушаным выглядзе дазваляецца продаж белых грыбоў, падбярозавікаў, падасінавікаў, махавікоў, маслякоў, польскіх грыбоў і казлякоў пасля месячнай вытрымкі ў сушаным выглядзе.
— Якія, згодна з вышэйпамянёнымі правіламі, існуюць забароны на продаж грыбоў?
—  Забараняецца продаж сумесі з розных грыбоў. Прадавец павінен дакладна ведаць агульнаўжывальныя назвы прадаваемых ім грыбоў.
Забараняецца продаж друзлых, перарослых, пашкоджаных лічынкамі, смаўжамі і плеснямі, сапсаваных грыбоў.
Катэгарычна забараняецца продаж на рынках свежых умоўна ядомых грыбоў; грыбоў вараных, салёных, марынаваных, грыбной ікры, грыбных салянак, салатаў і іншых прадуктаў са здробненых грыбоў, грыбных «кансерваў», прыгатаваных у хатніх умовах.
— Немалаважнае значэнне мае і захаванне правілаў арганізацыі гандлю грыбамі…
— Для гандлю грыбамі на рынку павінна быць адведзена спецыяльнае месца (рады, кіёскі, павільёны і інш.). Не дапускаецца разгрупаваны гандаль грыбамі ў розных месцах рынку.
Забараняецца продаж грыбоў дзецьмі, а таксама асобамі, якія не ведаюць дакладна назваў прадаваемых імі грыбоў.
 — Безумоўна, нельга ўжываць у ежу не толькі «некандыцыйныя» ядомыя грыбы. Яшчэ з большай верагоднасцю можна атруціцца ўмоўна ядомымі, неядомымі ці ядавітымі грыбамі. Яд, што ўтрымліваецца ў іх, адносіцца да моцнадзейных ядаў, якія не разбураюцца пры кулінарнай апрацоўцы. Што яшчэ можна параіць і грыбнікам, і спажыўцам грыбной прадукцыі, каб небяспечныя дары прыроды не трапілі ні ў кошык, ні на стол?
— Атручэння грыбамі можна пазбегнуць, калі прытрымлівацца наступных нескладаных парад. Назаўсёды адмоўцеся ад сыраежак, ваўнянак, зелянушак і іншых грыбоў, падобных на смяротна небяспечную белую паганку. Калі не ўпэўнены ядомы гэта грыб ці не, не бярыце, бо многія грыбы маюць ядавітых двайнікоў. Збірайце грыбы далей ад дарог, прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых палёў. Не бярыце ў лес дзяцей: дзіця можа запіхнуць у рот і разжаваць ядавіты грыб.
Сартаваннем і гатаваннем грыбоў павінны займацца толькі дарослыя. Перабіраць і сартаваць грыбы трэба адразу, старанна ачышчаючы іх ад забруджванняў. Пасля 20 мінут кіпення ваду трэба зліць, грыбы прамыць пад кранам і адварыць паўторна да гатоўнасці.
Нельга купляць грыбы «з рук» у неўстаноўленых месцах. З рацыёну дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў, а таксама цяжарных жанчын і кормячых маці, яны наогул павінны быць выключаны. Нельга ўжываць у ежу грыбы асобам, якія маюць хваробы печані і абмену рэчываў. Ні ў якім разе не трэба есці грыбы са слоікаў з уздутымі накрыўкамі, якія захоўваюцца ў цёплым месцы.
Калі ўсё ж не ўдалося ўберагчыся, пры з’яўленні першых сімптомаў атручэння трэба неадкладна звяртацца за медыцынскай дапамогай.

Гутарыла
Таццяна Буракова.