Каб было і цепла, і эканомна

 get_img«Да наступнага ацяпляльнага сезону пачынаем рыхтавацца адразу пасля заканчэння папярэдняга», — падкрэсліў у пачатку гутаркі галоўны інжынер Сенненскага УП ЖКГ Мікалай Жукоўскі.

Сёлета, як і кожны год, перад пачаткам падрыхтоўкі кацельных да новага ацяпляльнага сезону раённую жыллёва-камунальную гаспадарку наведала камісія дзяржаўнага энерганагляду. Планавы маніторынг выявіў толькі нязначныя парушэнні, якія будуць ліквідаваны  ва ўстаноўленыя прадпісаннем тэрміны.
Ва ўнітарным прадпрыемстве распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону, які ўзгоднены з раённым упраўленнем капітальнага будаўніцтва і зацверджаны намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Пракаповічам.
Вясной, пасля таго, як была спынена падача цяпла ў жылыя дамы, камунальшчыкі правялі гідраўлічныя выпрабаванні цеплавых сетак і выявілі ўчасткі, дзе патрабуецца замена труб. Жыхары райцэнтра маглі заўважыць, што работа па замене ўжо вядзецца. Трубы цепласетак мяняюцца на папярэдне ізаляваныя, якія дазваляюць знізіць страты цяпла.
Ідзе падрыхтоўка кацельных: афарбоўка, замена ці рамонт абсталявання.
— На жаль, на замену і дадатковую ўстаноўку катлоў сёлета няма сродкаў, — адзначыў Мікалай Жукоўскі. — Таму стараемся падрамантаваць састарэлае абсталяванне, як, напрыклад, кацёл на аб’екце цеплазабеспячэння ў вёсцы Полымя, які ўжо вычарпаў свой працоўны рэсурс. Замена яго — у планах на наступны год.
У 2014-ым плануецца таксама ўстаноўка дадатковых катлоў для штодзённага забеспячэння жыхароў шматкватэрных дамоў гарачай вадой. Катлы будуць працаваць на шчапе, што дазволіць сэканоміць такое дарагое паліва, як прыродны газ.
Закуплены  энергазберагаючыя помпы, якія ўстановяць ў кацельных Багушэўскай абласной бальніцы, рэдакцыі, будынка  былога  вучэбна-вытворчага камбіната, Багушэўскага дома-інтэрната.
У  жылых дамах райцэнтра (Азгура 3, Назаранкі 19, корп.1 і Каваленкі 11) праведзена замена воданагравальнікаў на пласціністыя, якія таксама будуць садзейнічаць зберажэнню цеплавой энергіі. Запланавана іх устаноўка і ў дамах №4, №126, №8 па вуліцах Перамогі,  Кастрычніцкай  і  Чырвонага Кастрычніка.
Праходзяць праверку, праводзіцца  замена прыбораў  ўліку цяпла. У цяперашні час зняты і адпраўлены на паверку 77 лічыльнікаў з жылых дамоў і 6 — з кацельняў. Устанаўліваюцца электралічыльнікі і там, дзе іх дагэтуль не было.
Ідзе замена зношанай ізаляцыі труб ацяплення ў падвалах і вонкавых цепласетак.
І, вядома ж, нарыхтоўваюцца дровы і шчапа. Да 1 кастрычніка дроў трэба назапасіць 17170 м куб., шчапы — 10840 м куб. Цяпер гэтага паліва маецца 6800 і 1500 м куб., адпаведна, паведаміў галоўны інжынер жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Як адзначыў Мікалай Міхайлавіч, шчапу і не імкнуцца нарыхтоўваць паскоранымі тэмпамі, бо яна да ацяпляльнага сезону моцна перасохне, будзе згараць вельмі хутка, і ў выніку не дасць ні цяпла, ні эканоміі, пра якую таксама трэба дбаць, тым больш у Год беражлівасці.

 Таццяна Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *