Сухіх вам рукавоў, хлопцы!

IMG_9317_З такім пажаданнем звярталіся да герояў урачыстага мерапрыемства з нагоды Дня пажарнай службы Рэспублікі Беларусь усе,   хто падымаўся на сцэну раённага Дома культуры. У гэтым годзе ў ратавальнікаў, можна сказаць, двайная ўрачыстасць. Пажарная служба Беларусі адзначала не проста прафесійнае свята, 160-гадовы юбілей з дня ўтварэння.

Павіншаваць работнікаў і ветэранаў пажарнай службы Сенненскага РАНС прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна і Ганна Якаўлева, начальнікі аддзелаў райвыканкама.
Да свайго прафесійнага свята сенненскія выратавальнікі падышлі з добрымі вынікамі. Так, колькасць пажараў у раёне ў параўнанні з пазалеташнім годам паменшылася ў два разы, не дапушчана росту гібелі людзей у агні. Усё гэта — вынік прафесійнай і самаадданай работы супрацоўнікаў аддзела. Як падкрэсліў Вячаслаў Карасікаў, начальнік РАНС, за апошнія 2 гады больш за 20 супрацоўнікаў аддзела  былі адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні.
Не абышлося без ушанавання і ў гэты дзень. Перад тым, як уручыць заслужаныя ўзнагароды, Зоя Фаміна павіншавала віноўнікаў свята ад сябе асабіста, а таксама перадала віншаванні ад старшыні райвыканкама Віктара Цапоты. Ганаровую грамату Сенненскага раённага выканаўчага камітэта атрымаў вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Аляксандр Кучынскі. Падзяка ад старшыні райвыканкама абвешчана інжынеру групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Васілію Дубаўцу. Прыемны сюрпрыз чакаў і непасрэдна Вячаслава Карасікава. 15 сакавіка, калі над Беларуссю бушаваў цыклон «Хавер», Вячаслаў Віктаравіч і яго падначаленыя паспрыялі вызваленню са снежнага палону жаночай дэлегацыі нашага раёна, якая вярталася дадому з цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Жанчына года Беларусі».IMG_9338_ Са словамі шчырай падзякі за дапамогу Зоя Сцяпанаўна ўручыла яму букет.

За актыўны ўдзел  ў рабоце райсавета у якасці дэпутата старшы інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Андрэй Хізавец атрымаў з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Вілюгі Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.
Шэраг супрацоўнікаў аддзела былі адзначаны Віцебскім абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Камандзір аддзялення ПАВЧ №1 г.Сянно Сяргей Насечанка датэрмінова ўдастоены звання прапаршчыка. Нагрудным знакам «Выдатнік» узнагароджаны вадзіцель ПАВП №13 аг.Янова Уладзімір Прыстаўка. Ганаровыя граматы атрымалі інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду Сяргей Паўлоўскі і камандзір аддзялення ПАВЧ №1 г.Сянно Аляксандр Курылін.
Ад імя ветэранаў з прафесійным святам і юбілеем павіншаваў Аляксандр Марозаў. Дарэчы, усім запрошаным на мерапрыемства ветэранам пажарнай службы былі ўручаны кветкі.
Далей прысутных чакаў святочны канцэрт. Удзел у ім прымалі не толькі артысты раённага Дома культуры. Супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі неблагія творчыя таленты. Песню асабістага сачынення прысвяціў сваім калегам начальнік інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду РАНС Андрэй Рогаў (між іншым, падначаленая яму служба ўваходзіць у 5-ку лепшых інспекцый сярод райаддзелаў вобласці). Камандзір аддзялення ПАВЧ №1 г.Сянно Аляксандр Мінёнак на Сенненшчыне ўжо добра вядомы спявак, не раз выходзіў на сцэну РДК. Знатным гарманістам аказаўся вадзіцель ПАВЧ №1 г.Сянно Вячаслаў Радкевіч. Не падвяло і падрастаючае пакаленне. Сын узнагароджанага Сяргея Паўлоўскага, Сцяпан, прачытаў верш пра пажарных.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота  Андрэя МУРАШЭВІЧА.