Крэда спецыяліста

Зінаіда Макараўна Машэра з маладымі эканамістамі РУСП імя П.М.Машэрава Аляксеем Разгільдзеевым і Таццянай Кацар

Зінаіда Макараўна Машэра ў РУСП імя П.М.Машэрава карыстаецца безумоўным  аўтарытэтам, які заслужаны шматгадовай працай у эканамічнай службе гаспадаркі. Пачынала пасля заканчэння  Смальянскага сельскагаспадарчага тэхнікума яшчэ ў калгасе імя Энгельса, які пасля стаў асновай для саўгаса, працавала з такімі вядомымі ў раёне і вобласці асобамі, як Мікалай Лявонавіч Цуран, Эдуард Мікалаевіч Герасіменка, Эдуард Міхайлавіч Дзям’янаў. Механізатары, даяркі паважаюць яе, бо многія гады і па сённяшні дзень яна — эканаміст па зарплаце.

 — Тут важна, каб чалавек разумеў, бачыў, ад чаго залежыць яго заробак, нельга плаціць незаробленае. Але і лёгкія грошы разбэшчваюць работніка, — так  фармулюе сваё крэда спецыяліста Зінаіда Макараўна.

 У яе шмат вучняў. Не хаваючыся, перадавала яна свае веды, вопыт Алене Міхайлаўне Дуранковай, цяперашняму галоўнаму эканамісту ўнітарнага сельгаспрадпрыемства. Сёння ў яе вучацца маладыя спецыялісты гаспадаркі Аляксей Разгільдзееў, Таццяна Кацар.

 — У маладых таксама ёсць чаму павучыцца,— лічыць Зінаіда Макараўна. І ў гэтым залог яе працоўнага даўгалецця.