Сенненскія агняборцы

З гісторыі: служба з векавымі традыцыямі
 У жыцці прадстаўнікоў усіх прафесій бываюць даты, якія не проста фіксуюць тую ці іншую падзею, але і становяцца кропкай адліку вялікіх спраў, зараджэннем цэлай галіны, без якой немагчыма прадставіць сучаснае жыццё. Такой датай для беларускіх выратавальнікаў з’яўляецца 25 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1853 годзе Мінскае губернскае кіраванне і Мінская гарадская дума, разгледзеўшы пытанне «Пра стварэнне пажарнай часці ў г.Мінску», зацвердзіла каштарыс выдаткаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе 51 чалавека. Былі арганізаваны першыя пажарныя каманды ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах, у тым ліку і Сянне. З гэтага часу арганізацыя пажарнай справы канчаткова была пастаўлена на дзяржаўны ўзровень і набыла сваю структуру.

P1200008_За сваю 160-гадовую гісторыю беларускія агняборцы не на словах, а на справе даказалі, што дэвіз «Прафесіяналізм, адвага, гонар» — не пустыя словы. Мабыць, самымі складанымі ў гісторыі беларускай пажарнай службы з’яўляюцца часы Вялікай Айчыннай  вайны. Асобнай старонкай — і гераічнай, і трагічнай — стала ліквідацыя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі тысячы пажарных ахвяравалі сваім здароўем і жыццямі дзеля выратавання мільёнаў людзей.
З 1994 года рашэннем Парламента Рэспублікі Беларусь 25 ліпеня адзначаецца як прафесійнае свята — Дзень пажарнай службы Беларусі.
Шырокай інфармацыі пра пажарную службу ў Сянне мала. Дакладна вядома, што да рэвалюцыі 1917 года пажарная каманда знаходзілася на вуліцы Тракцірнай (цяпер Кастрычніцкай). У яе распараджэнні была толькі конная павозка з невялікім запасам вады і ручной помпай. Разлік складаўся з двух чалавек, бо на пажарах асноўную працу выконвалі мясцовыя жыхары, якія пры тушэнні выкарыстоўвалі  сякеры, лапаты і вёдры.
Для выяўлення ўзгаранняў на драўлянай каланчы кругласутачна дзяжурыў вартавы. Убачыўшы дым, ён біў трывогу.
Першая пажарная тэхніка на Сенненшчыне з’явілася позна. Спецаўтамабіль быў створаны рукамі саміх пажарных у 1940 годзе. На старэнькую грузавую паўтаратонку ўсталявалі кругаваротную помпу, што дазваляла хутка дабірацца да месца пажару, павялічылася эфектыўнасць тушэння.
У 1956 годзе рашэннем Аддзела пажарнай аховы была арганізавана Прафесійная пажарная часць № 40, якая размясцілася па вуліцы Назаранкі, у толькі што пабудаваным адмысловым будынку. На ўзбраенне перадалі паўтаратонку з шасцяроначнай помпай і цыстэрнай ёмістасцю ў 300 літраў. Пасля ўсталявання тэлефона знікла неабходнасць дзяжурства на каланчы. У 1957 годзе атрымалі пажарныя аўтамабілі ПМГ-6 і ЗІС-5, якія замянілі ў 1959 годзе на ГАЗ-63 і мотанасос МП-1200. Ужо ў 1960 годзе на ўзбраенне пажарнай аховы паступіў аўтамабіль на базе ЗІЛ-130 з запасам вады ў дзве з паловай тоны, сродкамі пеннага тушэння, абсталяваны цэнтрабежнай помпай.
У 1994 годзе ў Сянне ствараецца Ваенізаваная пажарная часць пры МУС, у якой праходзілі службу 26 чалавек, у тым ліку 4 інспектары. У яе ўвайшлі часці з Сянна і Багушэўска, асобныя пасты ў Полымі, Янове і Машканах. У 1995 годзе было завершана будаўніцтва новага будынка пажарнага дэпо на ўскраіне горада па вуліцы Гараўца. Дэпо мае прылеглую тэрыторыю, спецыяльна абсталяваную для павышэння майстэрства пажарных. У 2000 годзе Ваенізаваная пажарная часць рэарганізавана ў Сенненскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Сучаснасць
Зараз Сенненскі РАНС узначальвае маёр унутранай службы Вячаслаў Карасікаў. Пад яго кіраўніцтвам службу праходзяць 65 чалавек: 12 афіцэраў і 53 радавых і малодшы кіраўнічы персанал. У склад аддзела ўваходзяць 5 падраздзяленняў — адна часць (у г.Сянно) і чатыры пасты (аг. Мошканы, Полымя, Янова і г.п.Багушэўск). На ўзбраенні ў сенненскіх пажарных знаходзіцца 13 адзінак тэхнікі, у тым ліку і аўтамабіль хуткага рэагавання. На кругласутачнае дзяжурства кожны дзень заступае 16 чалавек і 7 адзінак тэхнікі.
Напярэдадні прафесійнага свята пажарнай службы мы завіталі на пажарны аварыйна-выратавальны пост №12 аг.Полымя. Штат паста складаецца з 8 чалавек: тры варты па два чалавекі, падменны вадзіцель і начальнік паста. ПАВП знаходзіцца ў прыстасаваным памяшканні — гаражах, дзе размяшчаецца сельскагаспадарчая тэхніка УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Матэрыяльная база налічвае адну адзінку пажарнай машыны.
У час нашага прыезду на змену заступілі камандзір аддзялення, прапаршчык унутранай службы Ігар Дземчанка і вадзіцель, старшына ўнутранай службы Юрый Усанаў (на здымку).
На пытанне: «Ці часта даводзіцца выязджаць на пажары?» Ігар Дземчанка адказвае: «Бывае, што за два тыдні — ні аднаго выкліку, а іншы раз выязджаем амаль праз дзень».
Ігар Дземчанка прысвяціў больш за 20 гадоў  пажарнай службе. Ніколі не забудзе выпадак, калі ў 1995 годзе на тэрыторыі райгаза ўзарваліся балоны з газам і як страшна было іх тушыць. Як выратавалі тады чалавека…
Нярэдка полымянскія выратавальнікі выязджаюць на пажары ў бліжэйшыя суседнія раёны: Талачынскі, Чашніцкі, Аршанскі — так сказаць, узаемадапамога сілавымі сродкамі. Акрамя таго, дапамагаюць мясцоваму насельніцтву пазбавіцца ад небяспечных насякомых, у прыватнасці, шэршняў, вос. Дзяжураць на палях у час уборкі ўраджаю.
Сёлета два супрацоўнікі Сенненскага РАНС збіраюцца пайсці на заслужаны адпачынак: Аляксандр Кучынскі, з 1995 года вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аг.Полымя, воін-інтэрнацыяналіст, і Аляксей Рэпрынцаў, вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №14 аг.Янова. На змену вопытным спецыялістам чакаецца маладое папаўненне.
Дзякуючы пажарна-прафілактычным мерапрыемствам, якія праводзяць спецыялісты Сенненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, за апошнія пяць гадоў на тэрыторыі раёна назіраецца зніжэнне колькасці пажараў практычна ў два разы. Станоўчая дынаміка і па зніжэнні выпадкаў гібелі людзей на пажарах.

Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота аўтара.