Экалогія. Раўнадушных няма.

бощевикНа нядаўняй сесіі дэпутаты раённага Савета абмяркоўвалі даклад начальніка Сенненскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Якубовіча, які прааналізаваў экалагічную сітуацыю ў раёне, расказаў, што робіцца для яе аздараўлення, выказаў свой  пункт гледжання на наяўныя праблемы.

— Аляксандр Васільевіч, ваш даклад на сесіі не пакінуў раўнадушным нікога з тых, хто ўдзельнічаў у яе рабоце. Вам удалося «зачапіць» людзей.
— Тут мая заслуга невялікая. Тэма для абмеркавання была выбрана вельмі актуальная. Ды і праблем у сферы аховы навакольнага асяроддзя на Сенненшчыне хапае.
— Скрушна чуць вашы словы, ведаючы, што на тэрыторыі раёна фактычна адсутнічаюць прамысловыя прадпрыемствы. Асабіста мне здавалася, што Сенненшчына — край экалагічна чысты, з вялікай колькасцю лясоў і азёр.
— Сапраўды, наш раён даволі лясісты і багаты на дары прыроды. На тэрыторыі 1965 квадратных кіламетраў, што складае каля 5% плошчы вобласці, налічваецца 82 вадаёмы, у тым ліку 62 возеры натуральнага паходжання агульнай плошчай 1929,3 гектары, працягласць рэк складае 378 кіламетраў. Аднак, будзем шчырымі, якасць вады ў іх не самая лепшая. Вадаёмы забруджваюцца сцёкамі жывёлаводчых ферм, ачысных збудаванняў. Сумарны аб’ём сцёкавых вод складае больш за 1,8 млн кубічных метраў у год. Толькі ў возера Сенненскае з ачышчальных збудаванняў РУП ЖКГ штодня скідваецца каля 1 тыс. кубічных метраў сцёкаў. Яны, зразумела, праходзяць ачыстку. І ўсё ж, у возера трапляе не самая чыстая вада. Больш таго, часам у ёй фіксуецца звышнарматыўная канцэнтрацыя шкодных прымесей. І тады прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі плаціць павышаны экалагічны падатак. Сёлета наша інспекцыя двойчы выстаўляла прэтэнзіі, якія абышліся камунальнікам у 19 млн рублёў.
Мы вымушаны дзейнічаць жорстка, бо гарадскія сцёкі пагражаюць гібеллю Сенненскаму і Багданаўскаму азёрам.
— Але штрафамі, хай яны і называюцца «кампенсацыяй за нанесеную прыродзе шкоду», азёры не выратуеш. Яны паступова зарастаюць, прыкметна менш стала рыбы, хоць яе прамысловая здабыча даўно спынена, больш актыўна вядзецца барацьба з браканьерствам.
— Не выратуеш. Тым не менш, хутка праблема будзе вырашана кардынальна. У 2015 годзе, згодна з рашэннем абласнога Савета дэпутатаў, мяркуецца выдаткаваць 980 млн рублёў на будаўніцтва абваднога канала, па якім сцёкі з гарадскіх ачышчальных збудаванняў будуць трапляць у меліярацыйны канал і далей — у Крывінку.
Скажу больш, у бліжэйшыя гады прырода раёна атрымае прыкметную палёгку. Выдаткаваны сродкі для завяршэння рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў Сенненскай школы-інтэрната, Багушэўскага дома-інтэрната.
— Рэалізацыя такіх праектаў, безумоўна, паслужыць аздараўленню Сенненскага і Багданаўскага, Серакаратнянскага азёр. А што рабіць з фермамі, якія размешчаны на берагах нашых азёр?
— Удакладню, у водаахоўнай зоне размешчана 24 фермы. Улічваючы, што ў большасці сельгасарганізацый выкарыстоўваюць устарэлую сістэму гноевыдалення, прырода нясе значныя страты. Акцыянерным таварыствам «Ульянавічы», «Пурплева», «Студзёнка», «Бяленева», СУП «Саўгас імя Машэрава» і іншым сельгасвытворцам, як мінімум, больш уважліва трэба ставіцца да складзіравання гною, а з пачаткам вясны вывозіць яго на палеткі. Інакш з талымі водамі аміяк непазбежна патрапіць у вадаёмы. У ліпені 2012 года ў выніку дажджоў была размыта дамба рэзервуара асветленых сцёкаў свінакомплекса саўгаса імя Машэрава, і экалагічны бруд сплыў у Абалянку. Пацярпела не толькі экалогія. Прадпрыемства кампенсавала страты, нанесеныя прыродзе, на суму 2,11 млн рублёў, што прыкметна адбілася на эканоміцы прадпрыемства. Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты начальнік інжынернай групы. Інспекцыя сочыць за сітуацыяй на фермах раёна. Толькі ў 2013 годзе за падобныя парушэнні пакараны кіраўнікі і спецыялісты КУСГП імя Гараўца, ААТ «Бяленева», ААТ «Сінягорскае», саўгаса імя Данукалава.
— Аляксандр Васільевіч, жыхары раёна, у тым ліку райцэнтра, выказваюць прэтэнзіі і да якасці пітной вады.
— У бліжэйшыя гады плануецца ўвесці ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання вады ў Багданаве, Полымі, Сянне, у Машканах — сёлета. З часам такія аб’екты, я думаю, будуць пабудаваны ва ўсіх аграгарадках. Ёсць дзяржаўная праграма і яна паступова рэалізуецца.
І ўсё ж я вымушаны канстатаваць, што ваду з артэзіянскіх свідравін мы беражом дрэнна. Мяркуйце самі, са 188 аб’ектаў трэць неагароджана, неабкошана. Да крыніцы вады, якая здабываецца з глыбіні 120-150 метраў, маецца свабодны доступ людзей, жывёлы, тэхнікі. На многіх свідравінах не працуе аўтаматыка, якая б рэгулявала падачу вады. Асабліва гэта наглядна бачна зімой. А ёсць жа яшчэ 75 свідравін, якія сельгаспрадпрыемствамі не эксплуатуюцца. Даўно пара затампаніраваць іх, але ніхто не хоча гэтым займацца. У ААТ «Бяленева», саўгасе імя Данукалава няма дазволу на спецкарыстанне вадой. Так вольна абыходзіцца з артэзіянскай вадой нельга. Некалі гэта абернецца забруджваннем падземных вод, што непазбежна прынясе шкоду здароўю людзей.
— Эканамічны стан сельгаспрадпрыемстваў не самы лепшы. Але, мне здаецца, вытокі многіх нашых экалагічных праблем не ў недахопе фінансаў. Яны — у псіхалогіі чалавека, культуры карыстання прыроднымі багаццямі. Кінутыя без нагляду пестыцыды, злітае з рухавіка прама на зямлю масла, аўтамабіль на дзіцячай пляцоўцы ці ля возера — прыклады з аднаго лагічнага раду. Як і праблемы з утылізацыяй цвёрдых бытавых адходаў.
— Горы смецця на палігонах цвёрдых бытавых адходаў растуць. Несанкцыянаваныя сметнікі можна знайсці паўз дарог, вакол населеных пунктаў. Ніхто не звяртае ўвагі, што гэта другасная сыравіна. Так, на шкло, паперу, пластык — нізкія закупачныя цэны, якія не стымулюць актыўнасць насельніцтва. Але з заданнем па збору другаснай сыравіны не спраўляецца і РУП ЖКГ. Не арганізаваны паасобны збор смецця — займайцеся сартаваннем яго на палігонах. Не робіцца і гэта. У выніку за пяць месяцаў паперы сабрана 11 тон пры заданні 234 тоны, шкла — 2,4 (10), палімерных матэрыялаў — 10 (28). Палігоны цвёрдых бытавых адходаў у іх цяперашнім стане — гэта экалагічная бомба замаруджанага дзеяння. Напрыклад, палімеры не толькі доўга (больш ста гадоў) распадаюцца. Прадуктамі іх распаду з’яўляюцца вельмі шкодныя для ўсяго жывога рэчывы.
— Ці не за такую вось абыякавасць прырода карае чалавека масавым распаўсюджваннем баршчэўніка Сасноўскага?
— Што вы! Баршчэўнік Сасноўскага паводзіць сябе як агрэсар, адваёўваючы ўсё большыя тэрыторыі ў традыцыйнай расліннасці. І чалавек садзейнічае распаўсюджванню расліны-агрэсара. На мой погляд, пара ў раёне ствараць спецыялізаванае звяно па знішчэнні баршчэўніка.
— Прырода, навакольнае асяроддзе — тая сфера, якой людзі карыстаюцца сукупна, зыходзячы з адных і тых законаў, правіл. Але паводзіны розных асоб часта адрозніваюцца кардынальна. Нехта выстаўляе сябе спажыўцом і жыве адным днём, нехта дбае аб будучым, таму дары прыроды спажывае ашчадна, не шкодзіць. На ваш, Аляксандр Васільевіч, погляд, што трэба рабіць, каб усе і кожны, вялі сябе ў лесе, ля вады цывілізавана, як гаспадары?
— Я асабіста лічу, што трэба смялей здаваць у арэнду азёры, паляўнічыя ўгоддзі. Станоўчыя прыклады работы фермерскіх гаспадарак маем і ў Сенненскім раёне. Пры гэтым, зразумела, нельга зніжаць кантроль за захаваннем прыродаахоўнага заканадаўства з боку ўлады і грамадства. Насельніцтва, калектывы і кіраўнікі арганізацый з энтузіязмам ставяцца да конкурсаў па добраўпарадкаванні, акцый, суботнікаў, накіраваных на захаванне і ўзнаўленне прыродных рэсурсаў. Важна, што актыўны ўдзел у гэтым прымаюць дзеці, школьнікі. Такім чынам, мы займаемся і экалагічным выхаваннем, павышаем экалагічную культуру насельніцтва. Экалагічныя асвету, культуру ў масу нясуць установы адукацыі, культуры, сродкі масавай інфармацыі.
— Экалагічныя веды, навыкі патрабуюць замацавання. Цяжка разлічваць, што пасля таго, як дзеці сабралі смецце на беразе возера, яго яны не будуць пакідаць, калі на вуліцах райцэнтра, ля пад’ездаў дамоў, ля ўстаноў не ўстаноўлены сметніцы…
— Слушная заўвага. І ўсё ж нашу размову я хацеў бы завершыць на аптымістычнай ноце. Гэта так важна, што вы, я, іншыя людзі бачаць экалагічныя праблемы, прапануюць шляхі іх вырашэння і, у рэшце рэшт, вырашаюць.

Гутарыў
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.