У поле кліча важкі колас

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Над свежазжатым полем за  Хамёнкамі кружаць  буслы, спрадвечныя спадарожнікі  жніўных  работ,  дзе  хлебаробы  ААТ «Сінягорскае»  жнуць  азімую пшаніцу. 

Жніво вядзецца выбарачна. Пачыналі з поля за Целяшоўшчынай. На жніве заняты пакуль што толькі два камбайны: КЗС-10 Васіля Мядзведзева і Ліда-1600 Віктара Мяцеліцы.
Вопыт работы на зямлі ў іх розны. Васіль Іванавіч у акцыянерным таварыстве працуе даўно і стала. Толькі на КЗС-10 сёлетняе жніво для яго пятае. А пачынаў яшчэ на Доне. У адным экіпажы з ім Руслан Падалінскі, наву

чэнец Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. «Другі год працуе са мной, — кажа Васіль Іванавіч. — Так што можа пры неабходнасці замяніць мяне ў поўнай меры».
Віктар Мяцеліца таксама лічыць сябе вучнем Васіля Мядзведзева. Некалі працаваў з ім у адным экіпажы. Сёлета, хоць у гаспадарку ён працаўладкаваўся толькі на перыяд жніва, яму даверылі новы камбайн.
Лёгкі ветрык калыша сцяну пшаніцы, прыпякае сонца. Па словах галоўнага агранома Аляксандра Федзюка, вільготнасць зерня ў машыне, якая першай даставіла з поля на ток збожжа, складала крыху больш за 17 %. А гэта значыць — уся наяўная тэхніка павінна неадкладна выходзіць у поле і працаваць ад расы да расы. Тым больш, што, нягледзячы на зрэджанасць месцамі пасеваў, з 20 гектараў, абмалочаных за Хамёнкамі, двума камбайнамі за дзень намалацілі 60 тон збожжа.

Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Руслан Падалінскі,
Васіль Мядзведзеў і Віктар Мяцеліца.

Фота Аляксандра Лазюка.