Булдоўкі длі жанішкі

29 мая 002--Для ўраджэнцаў іншых раёнаў Віцебшчыны ды і Беларусі ў цэлым гэты выраз можа падацца слоўнай абракадабрай. Але толькі не для сенненца. Прыведзеныя ў загалоўку словы з’яўляюцца дыялектнымі адзінкамі, ужывальнымі выключна на тэрыторыі нашага раёна.
Падпісчыкі «раёнкі» прыгадаюць рубрыку «Гаворым па-сенненску», пад якой у газеце друкаваліся адметныя словы, што трапляюцца ў маўленні жыхароў розных населеных пунктаў Сенненшчыны. Іх прывозілі са сваіх падарожжаў карэспандэнты, дасылалі ў рэдакцыю чытачы, часцей вучні, настаўнікі сельскіх школ. І невялікай часткі хапіла, каб упэўніцца ў багацці і разнастайнасці сенненскіх гаворак.
Цяпер у кожнага ёсць выключная магчымасць пазнаёміцца з імі. Пастаяннаму наведвальніку цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзявяцікласніку сенненскай другой сярэдняй школы Аляксандру Лапеху (на здымку) пашчасціла (і, як выстветлілася, не выпадкова) аднаму з першых пагартаць старонкі эсклюзіўнага выдання, якоё сёлета папоўніла кніжны фонд установы. Хлопец сур’ёзна цікавіцца гісторыяй малой радзімы. У яго хатняй бібліятэчцы ёсць нават кніга вядомага краязнаўцы Васіля Бандарэвіча «Экскурсія да вытокаў горада Сянно». «Слоўнік Сенненшчыны» таксама стане жаданым аб’ектам чытацкай увагі юнага сенненца і многіх яго землякоў. Гэты даведнік рэгіянальнай лексікі — грунтоўны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першы том, які складаюць словы на А-К, убачыў свет у гэтым годзе. Наперадзе выданне яшчэ двух тамоў. Аб маштабнасці словазбору сведчыць колькасць старонак, на якіх змяшчаюцца лексічныя адзінкі, — звыш 500.
Слоўнік складзены на падставе багацейшага архіва, які быў сабраны яшчэ ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. З 1987-га па 1990 год спецыялісты аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі тагачаснага Інстытута мовазнаўства (сёння «Інстытут беларускай мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» НАНБ) зладзілі экспедыцыі больш чым у 60 населеных пунктаў Сенненскага раёна. Навукоўцы запісвалі не толькі арыгінальныя словы, але і мясцовыя фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі, абрады, паданні, прыкметы, тэксты народных песен. Многія з іх знайшлі адлюстраванне ў даведніку.
Такая зацікаўленасць з боку навукоўцаў да нашага рэгіёна выклікана адметнасцямі мясцовай гаворкі, якая, між іншым, адносіцца да паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы і пры гэтым істотна адрозніваецца ад прылеглых гаворак.
Больш таго, «Слоўнік Сенненшчыны» стаў ці не адзіным грунтоўным вынікам даследавання гаворак Полацка-Віцебскага рэгіёна найноўшага часу. Ад папярэдняга словазбору яго аддзяляюць амаль 90 гадоў. «Віцебскі краёвы слоўнік» Мікалая Каспяровіча датаваны 1927 годам выкарыстоўваўся на працягу цэлага стагоддзя.
Безумоўна, у маўленчай практыцы сённяшніх жыхароў Сенненшчыны дыялекты ўжываюцца ўжо не так часта. Толькі людзі старэйшага ўзросту, асабліва вяскоўцы, яшчэ «сыпнуць» у гутарцы адмысловымі слоўцамі. Тым не менш, пакідаць без увагі нашу гаворку нельга. Бо яна — частка нашай нацыянальнай культуры, праяўленне нашага нацыяльнага самавызначэння. Нездарма дыялектныя словы ў народзе ласкава называюць «залацінкамі». І гэтае золата мы, нашчадкі, павінны ведаць і берагчы.
Дарэчы, у перакладзе на літаратурную мову «булдоўкі длі жанішкі» азначаюць «лілеі для нявесты».

 

Слоўнічак

Атранкі — зранку (в.Манголія);
Гахар — хлопец, кавалер (в.Дольдзева);
Гладамыра — вельмі переборлівы (в.Міцюкова);
Дабро — збожжа (в.Багданава);
Кушмэр — плецены кош для гаспадарчых патрэб (в.Нямойта);
Курэнда — размова (в.Нямойта);
Полацкі базар (фразелагізм) — вэрхал, беспарадак (в. Вялікі Азярэцк).

Вольга БАНДАРЭВІЧ.