З улікам патэнцыяльнай небяспекі

ачсНа працягу некалькіх апошніх гадоў у Расіі, у тым ліку ў рэгіёнах, што мяжуюць з Беларуссю, склалася неспрыяльная эпізаатычная сітуацыя па афрыканскай чуме свіней. Нядаўна, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, зафіксаваны ўспышкі захворвання ў нашай краіне — у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці і на свінакомплексе «Лучоса» ААТ «Віцебскі КХП», што ў вёсцы Копці Віцебскага раёна.
Менавіта таму нядаўна мы запрасілі ў рэдакцыю Алега Хадорыка, галоўнага ўрача Сенненскай райветстанцыі.

— Алег Ягоравіч, афрыканская чума свіней нясе пагрозу для здароўя чалавека?
— Афрыканская чума свіней ці хвароба Мантгомеры — віруснае захворванне свойскіх свіней і дзікоў, якое перадаецца пры прамым кантакце здаровай і хворай жывёлай, праз прадукты харчавання са свініны, кляшчамі і грызунамі і механічна: транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёлы, вірус можна занесці на абутку, адзенні. Але, падкрэсліваю, для чалавека АЧС небяспекі не ўяўляе. А вось хворая жывёла амаль не выжывае. Пры першым падазрэнні на захворванне яна знішчаецца.
— Як распазнаць захворванне? Што рабіць, калі з’явілася падазрэнне?
— Першымі клінічнымі праяўленнямі афрыканскай чумы свіней з’яўляецца павышэнне тэмпературы цела да 40-42 0С, жывёла адмаўляецца ад ежы. Наглядаецца параліч задніх ног, крывавыя выдзяленні. На скуры жывёлы — на жываце, шыі, іншых месцах — з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы. У такім выпадку, а тым больш пры падзяжы, трэба абавязкова звяртацца ў ветэрынарную службу.
— Вы сказалі, што ад афрыканскай чумы гінуць і дзікі. А іх столькі развялося ў лясах раёна…
— Ва ўмовах пагрозы масавага распаўсюджвання хваробы прынята рашэнне аб адстрэле дзікай жывёлы. Тым больш, што ўжо ёсць факты яе падзяжу. Найчасцей трупы знаходзяць паблізу вадаёмаў, што ўскосна сведчыць аб наяўнасці хваробы.
— Лета — пара, калі насельніцтва актыўна наведвае лясы. Што рабіць чалавеку, калі ён натрапіў на паўшую жывёліну?
— Па-першае, не варта чапаць рукамі, лепш, нават, не прыбліжацца, бо, скажам, наступіўшы на экскрэменты, можна занесці вірус на падворак. А калі там, ці ў суседзяў утрымліваюцца свінні, можа здарыцца бяда. Абавязкова паведаміце аб знаходцы ў ветстанцыю, экалагічную службу, лясгас ці сельскі Савет — труп трэба абавязкова ўтылізаваць.
— Нашы чытачы паведамляюць, што прадстаўнікі ветэрынарнай службы ўжо забіралі свіней з прыватных падворкаў…
— Падкрэсліваю, так робіцца пры малейшым падазрэнні на хваробу, для правядзення даследаванняў. Праводзяцца ў такіх выпадках і шэраг мерапрыемстваў па лакалізацыі, недапушчэнні распаўсюджвання хваробы.
— Насельніцтва пачало масавы забой свіней, што ўтрымліваюцца на ўласных падворках. Пракаменціруйце сітуацыю.
— Я скажу так, што забіваць здаровую жівёлу ці не забіваць — асабістая справа кожнага. У нашай сітуацыі пры гэтым абавязковая прысутнасць ветэрынарнага ўрача. Тыя, хто працягвае трымаць свіней, павінны мець на ўвазе, што камбікорм трэба абавязкова купляць у гандлёвай сетцы Белкаапсаюза, фірменных магазінах, дзе ён абавязкова правяраецца. Пазбягайце набываць кармы ў выпадковых людзей, нават у індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта ж датычыцца і набыцця мясных прадуктаў харчавання, асабліва ў сырым выглядзе. Абмяжуйце наведванне вашага падворка іншымі людзьмі, пазбягайце заходзіць да суседзяў, знаёмых, якія таксама трымаюць свіней. Нашы паводзіны павінны быць абачлівымі, прадуманымі, з улікам патэнцыяльнай небяспекі.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
P.S. Тэлефоны для кантактаў
з ветэрынарнай службай: 4-82-22, 4-15-58;
591-28-92, 249-89-51 (МТС).