Экалагичныя праблемы вырашаюцца

_1_~1На 41 чарговую сесію раённага Савета дэпутатаў 26 склікання было вынесена 4 пытанні. Палова з іх датычылася экалогіі.

Расходная частка бюджэту павялічыцца

Пачалі сваю працу дэпутаты з абмеркавання змяненняў і дапаўненняў, якія прапаноўвалася ўнесці ў рашэнне №161, што было прынята 27 снежня 2012 года. Нагадаем, яно датычалася раённага бюджэту на 2013 год. Улічваючы, што размова ішла аб павелічэнні расходнай часткі ў сувязі з павелічэннем паступленняў з «іншых бюджэтаў бюджэтнай сістэмы Рэспублікі Беларусь», а таксама за кошт вяртання пазык, якія раённы бюджэт выдаваў сельгасарганізацыям, дэпутаты супраць прапановы Юліі Зязюлінай, начальніка фінансавага аддзела райвыканкама, нічога на мелі.

Залежыць ад прыродакарыстальнікаў

А вось, аналіз стану экалагічнай сітуацыі ў раёне і мерах па яе паляпшэнні, зроблены Аляксандрам Якубовічам, начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, выклікаў жывы водгук. Руслан Вінакураў, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя папрасіў дакладчыка ў сваёй паўсядзённай дзейнасці больш увагі звяртаць на каардынуючую функцыю, бо ахова прыроды — кампетэнцыя і санітарнай, і землеўпарадкавальнай службаў, і камунальнікаў. На думку абласнога чыноўніка раённай інспекцыі, трэба не толькі выяўляць недахопы, але і ўхіляць іх. Пры прыняцці карных санкцый варта ўлічваць, як прыродакарыстальнік сябе паводзіць. Адна справа, калі ён ігнаруе прадпісанні, іншае, калі прымае меры па ліквідацыі парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Былі пытанні да дакладчыка і ў старшыні раённага Савета дэпутатаў. Міхаіл Вілюга пацікавіўся яго меркаваннем па мэтазгоднасці перадачы прыродных вадаёмаў у арэнду.
У дакладзе шмат гаварылася аб ачысных збудаваннях. У многіх населеных пунктах свае функцыі яны ў поўным аб’еме не выконваюць, а таму адбываецца забруджванне навакольнага асяроддзя. Сяргей Пракаповіч, намеснік старшыні райвыканкама, пацікавіўся, дзе ўзяць сродкі на завяршэнне тых аб’ектаў, рэканструкцыя якіх пачалася, але прыпынена з-за фінансавых праблем. Аказалася, сродкі можна знайсці ў абласным бюджэце, дзе ёсць спецыяльны прыродаахоўны рахунак. «Звяртайцеся з хадайніцтвам у аблвыканкам. Камітэт яго падтрымае», — паабяцаў Руслан Вінакураў.
Да абмеркавання даклада далучыўся Васіль Кішковіч, дырэктар РУП ЖКГ. Асноўнай тэмай яго выступлення стала арганізацыя збору другаснай сыравіны. З гэтай задачай прадпрыемства спраўляецца. А вось наладзіць паасобны збор паперы, шкла, пластыку ніяк не ўдаецца, як і поўную здабычу другаснай сыравіны на палігонах цвёрдых бытавых адходаў. Чаму? Гучалі розныя думкі. Падсумоўваючы іх, старшыня райвыканкама Віктар Цапота выказаўся дакладна: «Патрэбны канкрэтныя дзеянні і вынікі».
У спрэчках па абмеркаванні даклада прынялі таксама ўдзел Сняжана Мяцеліца, намеснік галоўнага ўрача Сенненскага РЦГЭ — яна гаварыла пра якасць пітной вады, і Аляксандр Гардзецкі, дэпутат раённага Савета па Рулёўшчынскай акрузе, які звярнуўся да праблем развіцця аграэкатурызму.

У арэндзе адмоўлена

Старшыня раённага Савета дэпутатаў пры абмеркаванні папярэдняга пытання нездарма цікавіўся стаўленнем прысутных да арэнды азёр. На разгляд сесіі было вынесена пытанне аб перадачы возера Рубаўскае ў арэнду РУП ЖКГ для арганізацыі аматарскага рыбалоўства.
Перш чым пачаць абмеркаванне пытання Міхаіл Вілюга зноў пацікавіўся, на гэты раз у кіраўнікоў арганізацыій, якія ўжо выступаюць у якасці арэндатараў, стаўленнем да арэнды. Меркаванне аказалася негатыўным з той прычыны, што арганізацыі нясуць страты. У АТП №20 яны, па словах кіраўніка прадпрыемства, летась дасягнулі 70 млн рублёў. І тым не менш, тэрмін арэнды падоўжаны.
А вось РУП ЖКГ у арэндзе возера адмоўлена. Па-першае, прадпрыемства не прадаставіла падрабязны план, як будзе развіваць аматарскае рыбалоўства. Па-другое, высветлілася, возера ўваходзіць у сістэму меліярацыйных аб’ектаў, выступае рэгулятарам штучнай воднай сістэмы.
Адмова не носіць канчатковага характару. Пытанне магчымасці арэнды возера Рубаўскае будзе вывучацца дадаткова.

Цясы стануць Багушэўскам?

Вёска Цясы Багушэўскага сельсавета будзе ўключана ў склад гарадскога пасёлка і перастане існаваць як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Такое рашэнне прынялі дэпутаты раённага Савета. Але, каб яно набыло законную сілу, неабходна, каб рашэнне прайшло юрыдычна-прававую экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі, было апублікавана ў сродках масавай інфармацыі.

Наш кар.