Праграма ёсць, ашчаднасці няма

Сёлетні год  Указам Прэзідэнта Беларусі аб’яўлены  Годам беражлівасці. Таму лагічна, што на нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта абмяркоўвалася выкананне Дырэктывы кіраўніка краіны ад 14 чэрвеня 2007 года №3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Дакладвала па азначанай тэме намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева.

Як яна заўважыла, у раёне распрацаваны план мерапрыемстваў па правядзенні Года беражлівасці. Кожнай арганізацыі распараджэннем райвыканкама даведзена заданне па энергазберажэнні, эканоміі рэсурсаў, зніжэнні матэрыялаёмістасці прамысловай прадукцыі.
У той жа час дакладчык канстатавала — у ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», КУСГП імя Гараўца, ААТ «Студзёнка», ААТ «Сінягорскае» адбылося павелічэнне спажывання электраэнергіі. Выклікае занепакоенасць рост запазычанасці за спажытую электраэнергію.
У сітуацыі, калі не ўдаецца зніжаць спажыванне энергетычных рэсурсаў, трэба пераходзіць на выкарыстанне аднаўляемых крыніц энергіі, шырэй выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва. Гэты пасыл адрасаваны ў першую чаргу  РУП ЖКГ. Па-першае, прадпрыемства з’яўляецца самым буйным спажыўцом энергетычных рэсурсаў, па другое, доля мясцовых  відаў паліва ў прадпрыемства яшчэ не дасягнула запланаванага паказчыка, а праверкі, праведзеныя летась Камітэтам дзяржкантролю,  выявілі, што кошт гігакалорыі — недапушчальна высокі, на цеплатрасах — звышнарматыўныя страты.

Не сказаць, што камунальнікі не спрабавалі выправіць сітуацыю. Асабліва шмат зроблена для змяншэння спажывання электраэнергіі. У той жа час, марудна вядзецца замена старых цеплатрас, частыя парывы на водаправодах прыводзяць да перарасходу не толькі вады.
Значныя страты па прычыне звышнарматыўнага спажывання электраэнергіі нясуць сельгасвытворцы. Хаця і яны, асабліва для змяншэння спажывання электраэнергіі, паліўна-змазачных матэрыялаў, спрабуюць рэалізаваць запланаваныя мерапрыемствы.
У той жа час Галіна Фралова, намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы, не хавала: нясём страты пры захаванні і ўнясенні мінеральных угнаенняў, не эфектыўна выкарыстоўваем сродкі аховы раслін. Нярэдка са строю выходзіць тэхніка, бо эксплуатуецца яна недастаткова падрыхтаванымі механізатарамі, на палетках, засмечаных каменнем.
Пры абмеркаванні вынесенай на пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта тэмы былі заслуханы справаздачы Уладзіміра Багданоўскага, Аляксандра Басякова, Уладзіміра Шухто, іншых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, Мікалая Жукоўскага, галоўнага інжынера РУП ЖКГ, Мікалая Лауткіна, інжынера-энергетыка ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».
Не менш зацікаўлена ішло абмеркаванне даклада пракурора раёна Уладзіміра Рудзянкова, які прааналізаваў выкананне Праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013-2015 гады. Дакладчык адзначыў актывізацыю праверак, што праводзяцца ў арганізацыях па выкананні закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй», і паляпшэнне каардынацыі дзейнасці ў гэтым накірунку ўсіх праваахоўных і кантралюючых органаў. З пачатку года праведзена нарада, дзве праверкі па выкананні адпаведнага заканадаўства. Па іх выніку Сенненскаму райвыканкаму ўнесена прадстаўленне, раённаму аддзелу ўнутраных спраў вынесена прадпісанне, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 4 пасадавыя асобы, дзве пазбавіліся работы.
Як негатыўны прыклад быў прыведзены факт, калі дзяржаўныя служачыя са спазненнем, па патрабаванні пракуратуры раёна здалі дэкларацыю аб даходах і маёмасці.
У 2012 годзе ў раёне зарэгістравана 19 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці: 5 крадзяжоў (4 у буйным памеры) шляхам злоўжывання службовым становішчам і 14 злачынстваў, якія насілі хабарніцкі характар. Сёлета, у выніку прынятых мер па абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы, выяўлена 8 злачынстваў у эканамічнай сферы, 5 з якіх кваліфікуюцца як асабліва цяжкія і цяжкія, 5 — карупцыйнай накіраванасці — усе ў будаўнічай сферы.
Яшчэ ў жніўні 2008 года начальніку ўчастка ДРБУ-146 па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніком прыватнага прадпрыемства ўдалося ўкрасці з наліўной станцыі ААТ «Нафтан» больш за 30 тон бітуму, які быў набыты КУП «Віцебскаблдарбуд» за бюджэтныя сродкі. Вядзецца дакументальная праверка ў ААТ «Літусава», дзе на пачатак мая выяўлены недахоп 113 галоў буйной рагатай жывёлы. Устаноўлены сума нанесенага ўрону, перыяд і прычына ўтварэння недахопу. Аналагічныя праверкі пройдуць у іншых сельгасарганізацыях.
У якасці судакладчыка па тэме барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй выступіў Міхаіл Архіпаў, начальнік РАУС. На яго думку ёсць неабходнасць больш мэтанакіравана займацца прафілактыкай злачынстваў і правапарушэнняў. Тут шмат накірункаў для дзейнасці. Перш  за ўсё варта наладзіць эфектыўнае супрацьдзеянне п’янству і алкагалізму, актывізаваць работу грамадскіх фарміраванняў.
Справаздачу трымалі Леанід Хірэвіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама; Ігар Мізаўцоў, галоўны ўрач Сенненскай ЦРБ; Надзея Шчур, намеснік старшыні райспажыўтаварыства па кадрах і ідэалагічнай рабоце. Менавіта ў сферы сельскай гаспадаркі, аховы здароўя людзей, гандлю ў апошнія гады найбольш часта выяўляюцца факты супрацьпраўных дзеянняў карупцыйнага характару.
Па абодвух пытаннях, што былі вынесены для разгляду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, прыняты рашэнні. Яны дапоўнены з улікам заўваг і прапаноў, выказаных членамі выканкама і прысутнымі на пасяджэнні.

Наш кар.